Тадэвуш Лада-Заблоцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тадэвуш Лада-Заблоцкі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 27 жніўня 1811
в. Лугінавічы, Сеньненскі павет, Магілёўская губэрня (цяпер Сеньненскі раён Віцебскай вобласьці)
Памёр жнівень 1847
с. Кульпы, Эраванская губэрня, Каўказ
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, перакладчык,
Мова польская мова[1], украінская мова[1] і ангельская мова[1]

Тадэвуш Гіляравіч Лада-Заблоцкі (27 жніўня 1811, в. Лугінавічы, Магілёўская губэрня — жнівень 1847, с. Кульпы, Каўказ) — паэт і перакладчык.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і польскага шляхціча па імені Ваўжынец. Меў брата (служыў у палку сапёраў на Каўказе) і сястру. Выхоўваўся пад апекай свайго дзядзькі Рыгора Мацьвеевіча Заблоцкага[2]. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Віцебскай сэмінарыі пры кляштары базыльян, потым у Віцебскай гімназіі, якую скончыў у 1831 годзе. У 1829 годзе быў хатнім настаўнікам дзяцей пана Дышлеўскага ў вёсцы Вышадкі Сураскага павету.

У 1831 годзе з хадайніцтва куратара Беларускай навучальнай акругі Г. І. Карташэўскага залічаны казённакоштным студэнтам на славеснае аддзяленьне Маскоўскага ўнівэрсытэту. Наведваў шэраг курсаў па расейскай славеснасьці і лацінскай мове. Пазнаёміўся зь Вісарыёнам Бялінскім і ўвайшоў у створанае ім у студэнцкім інтэрнаце «літаратурнае таварыства 11 нумара»[3]. Разам зь Янам Савінічам арганізаваў у асяродку польскіх студэнтаў Маскоўскага ўнівэрсытэту таемнае «Таварыства аматараў айчыннай славеснасьці»[3]. У 1833 годзе выключаны з унівэрсытэту і неўзабаве арыштаваны за недазволеную ўладамі дзейнасьць, а найбольш за знойдзены віцебскай паліцыяй ліст да гімназіста Зянона Міхайлоўскага[2], які, незважаючы на просьбу Лады-Заблоцкага схаваць ліст, перадаў яго настаўніку лацінскае мовы Віцебскае гімназіі Гаўдэнты Шапялевічу, дзе паліцыя і знайшла ліст[4] наступнага зьместу:

« Я жадаў бы ператварыцца ў пошасьць, каб адным подыхам мог атруціць і зьнішчыць творцаў няшчасьцяў нашае зямлі »

Пасьля арышту быў высланы ў Віцебск. Паўтара году ўлады вялі сьледзтва, у выніку якога некалькі чалавек былі прыцягнутыя да судовай адказнасьці. Зь невядомай прычыны да суда іх выпусьцілі на волю, пра што сьведчаць прыпісы да вершаў 18341835 гг. паэта, напісаных у розных мясьцінах Віцебшчыны[4].

Паводле канчатковага выраку суду быў адпраўлены ў выгнаньне на поўдзень — спачатку ў Таганрог (1837), а затым (1838) на Каўказ шараговым сапёрам. Даслужыўся да падпаручніка; быў кіраўніком Кульпінскіх саляных капальняў[5]. Незважаючы на вайсковую службу, працягваў літаратурную дзейнасьць. Заводзіць сяброўства з грузінскім паэтам Ніколам Бараташвілі, дочкамі Аляксандра Чаўчавадзэ — Нінай Грыбаедавай і Кацярынай Дадзіяні, азэрбайджанскім пісьменьнікам А. Бакіханавым, расейскім паэтам Аляксандрам Адоеўскім[6].

У пачатку 1840 году Тадэвуш Лада-Заблоцкі пасылае свае творы ў Санкт-Пецярбург, але з прычыны недакладна напісанага адрасу вершы, прызначаныя для альманаха Яна Баршчэўскага «Niezabudki», вярнуліся назад, а дасланыя ў альманах «Zorza Połnocna», ня ўбачылі сьвету, бо выдаць яго Юзэфу Працлаўскаму не ўдалося[6].

Вершы, якія ён пісаў на польскай мове публікаваліся ў польскіх часопісах «Atheneum», «Rocznik literacki», «Rubon» і інш. Пры падтрымцы Юзэфа Крашэўскага і Рамуальда Падбярэзкага ў 1845 выдаў зборнік «Poezje Tadeusza Łady Zabłockiego». Перакладаў на польскую мову творы заходнеэўрапейскіх аўтараў; пераклаў на францускую мову ўкраінскія народныя песьні («Украінскія песьні», Парыж, 1845); на расейскую — «Гісторыю Азэрбайджана» А. Бакіханава[5]

З 1839 году збольшага знаходзіўся ў Тыфлісе, дзе сустракаўся зь Якавам Палонскім, сябраваў з грузінскімі паэтамі М. Туманішвілі і Н. Бараташвілі, пэрсыдзкім паэтам і гісторыкам Абас Кулі-ханам Бакіханавым.

Пазьней быў вызвалены з арміі і стаў упраўляючым Кульпінскімі салянымі капальнямі[3].

У 1847 Тадэвуш Лада-Заблоцкі памёр у часе пошасьці халеры.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Схільнасьць да вершатворчасьці выявілася ў Тадэвуша ў дзесяцігадовым узросьце, калі ён быў яшчэ ў першым клясе гімназіі. Як адзначае Рамуальд Падбярэскі, вершапісаньню Тадэвуш Лада-Заблоцкі вучыўся «на ўзорах эўрапейскай паэзіі», указваючы на паэтычную пераемнасьць з Дж. Байранам, Ф. Шылерам і Томасам Мурам[2].

У часе судовага сьледзтва 18341835 гг. паэт прысьвяціў віцебскіх мясьцінам шэраг паэтычных твораў: «Ваколіцы Віцебска», элегіі «Да Дзьвіны», «Даўжанскае возера», «Вілія», «Зачараваная дзяўчына» і інш. На матэрыялах «Хронікі» Мацея Стрыйкоўскага напісаў баляду «Ляшка»[5].

Веданьне народных звычаяў і беларускай мовы яскрава выявілася ў балядзе «Зачараваная дзяўчына», створанай на аснове паданьня, пачутага аўтарам яшчэ ў дзяцінстве: мужны сын полацкага князя, маючы намер трапіць у зачараваны замак, дзе спала непрасыпным сном дзяўчына, перамагае цёмныя сілы цудадзействам крыжа. Калі ж абуджаная дзяўчына выклікае ў княжыча палкае пачуцьцё, нябесныя сілы губяць яго[4]. У гэтай балядзе выяўляецца характэрны для рамантычнае баляды прыём — канфлікт героя з Богам.

У 1833 годзе ў прыпісе да гэтае баляды паэт пісаў:

« Мне толькі застаецца пашкадаваць, што народныя песьні беларускага люду, ягоныя аповесьці і паданьні яшчэ дасюль не зьвярнулі ўвагі адукаваных маіх землякоў. Я перакананы (і, можа, слушна), што калі будуць сабраныя гэтыя матэрыялы, дык беларуская паэзія будзе мець сваю ўласьцівую адзнаку і здольная будзе абудзіць такую ж самую цікавасьць і прывабнасьць, як польская ці літоўская[7]. »

На поўдні паэтычная творчасьць Лады-Заблоцкага вызначалася яго становішчам выгнаньніка. Найбольш характэрным у гэтых адносінах зьяўляецца верш «Да бярозы на Каўкаскіх гарах», напісаны 29 ліпеня 1839 году ў крэпасьці Куба[8].

На беларускую мову творы Т. Лады-Заблоцкага перакладалі Пятро Бітэль, Уладзімер Мархель, Кастусь Цьвірка.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ а б в Лада-Заблоцкі Тадэвуш. Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина. Праверана 24 жніўня 2011 г.
  3. ^ а б в Тадеуш Лада (Фаддей) Заблоцкий Поэзия Московского университета: от Ломоносова и до... Праверана 24 жніўня 2011 г.
  4. ^ а б в Хаўстовіч, М. Душа вярталася на бераг Лучосы. Лёс і творчасць Тадэвуша Лады-Заблоцкага // Роднае слова. — 1994. — № 10. — С. 10.
  5. ^ а б в Лада-Заблоцкі Тадэвуш Гіляравіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  6. ^ а б Хаўстовіч, М. Душа вярталася на бераг Лучосы. Лёс і творчасць Тадэвуша Лады-Заблоцкага // Роднае слова. — 1994. — № 10. — С. 12.
  7. ^ Rubon. 1846. T. VI. — S. 150
  8. ^ Хаўстовіч, М. Душа вярталася на бераг Лучосы. Лёс і творчасць Тадэвуша Лады-Заблоцкага // Роднае слова. — 1994. — № 10. — С. 11.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]