Сяржук Цімохаў
Сяржук Цімохаў | |
Дата нараджэньня | 8 верасьня 1960 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 9 кастрычніка 2012 (52 гады) |
Адукацыя | Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1984) |
Месца вучобы | |
Занятак | жывапіс |
Сябра ў | Беларускі саюз мастакоў |
Працы | «Золак Купальскае ночы», «Рытуальнае шэсьце» |
Сяржу́к Цімо́хаў (1960, Кротаў, Каленкавіцкі раён, Гомельская вобласьць, цяпер Беларусь — 2012, Менск, Беларусь) — беларускі мастак.
Працаваў ў жанры станкавага жывапісу і графікі, манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва. Сябра Саюзу мастакоў Беларусі (з 1989 году), дзе быў намесьнікам старшыні (з 1999 году). Ляўрэат 2-га Міжнароднага Шагалаўскага пленэру 1997 году і Гран-Пры 7-га міжнароднага біянале ілюстрацыі «Залатое пяро Бялграду» 2003 году (Сэрбія).
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1979 годзе скончыў Менскую мастацкую вучэльню. У 1984 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на катэдры манумэнтальнага мастацтва. У 1979—1984 гадах студэнтам быў сябрам Беларускай сьпеўна-драматычнай майстроўні. У складзе Майстроўні браў удзел у такіх беларускіх абрадах, як гуканьне вясны, калядаваньне, абрады Купальля і «Пахаваньне стралы». У 1989 годзе стаў сябрам Саюзу мастакоў Беларусі. У 1990 годзе ўступіў у Творчую суполку «Пагоня» пры Саюзе мастакоў Беларусі[1]. У 1997 годзе стаў ляўрэатам 2-га Міжнароднага Шагалаўскага плэнэру. З 1999 году жыў і працаваў у Менску. Быў намесьнікам старшыні па выставачнай дзейнасьці ў Беларускім саюзе мастакоў. У 2003 годзе выйграў Гран-Пры 7-га міжнароднага біянале ілюстрацыі «Залатое пяро Бялграду» (Сэрбія).
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сяржук Цімохаў напісаў такія карціны пра беларускія абрады і гісторыю, як «Золак Купальскае ночы», «Гуканьне вясны», «Стод», «Рытуальнае шэсьце», «Спас», «Каляды», «Грунвальд», «Сьвітанак» і «Цень Вялеса». Адзначаў, што ў некаторых карцінах знаходзіўся пад уплывам экзыстэнцыяльнага твору Барыса Заборава «Гумно». Таксама яго манумэнтальнай творчасьці быў уласьцівы мінімалізм. Цімохаў меў шмат асабістых выставаў за мяжой. Яго шматлікія творы ўвайшлі ў зборы замежных галерэяў[1].
Творы мастака знаходзяцца ў Музэі сучаснага мастацтва Беларусі (Менск), Мастацкім фондзе Саюза мастакоў Беларусі (Менск), Мастацкім фондзе Міністэрства культуры Расеі (Масква), Музэі М. Шагала (Віцебск), Полацкім мастацкім музэі (Полацак), Галерэі «Galeria stuki Katarzyny Napiorkowskaj»(Варшава), Галерэі «Walentowski Galerien» (Дрэздэн), а таксама ў прыватных калекцыях у Беларусі і за межамі.
Сям'я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Жонка — Маргарыта Цімохава, мастачка кнігі.
- Дачка — Вольга Арцюхова, дызайнэрка і фотамастачка.
- Сын — Глеб Цімохаў (нар. 1998) моўшн-дызайнер.
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У студзені 2014 году Выдавецкі дом «Зьвязда» выпусьціў пасьмяротны альбом рэпрадукцыяў Цімохава, які складаўся з 3-х частак: «Графіка», «Жывапіс» і «Зь нізкі ню». Альбом уклала ўдава Маргарыта Цімохава, якая сама працавала ў кніжнай графіцы. Дызайн альбому зрабіла дачка Вольга Арцюхова, якая працавала фотамастачкай. У альбоме зьмяшчаўся верш пра Сержука Цімохава, які напісаў старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Вольга Чайкоўская. Цімохава цішыня // Жырандоля. — 11 студзеня 2014. — № 1 (218).