Перайсьці да зьместу

Спрут 7

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Спрут 7
La piovra 7
Жанр дэтэктыў
драма
Сцэнарыст
Рэжысэр Люіджы Пэрэльлі
У ролях
Кампазытар Эньё Марыконэ
Краіна
Колькасьць сэрыяў 6
Мова італьянская
Вытворчасьць
Прадусар
  • Кляўдыя Аляізі
  • Бруна Туркета
Апэратар Марчэлё Гацьці
Мантаж
  • Джына Барталіні
  • Эмануэле Фальецьці
Вытворчасьць
Даўжыня сэрыі 627 хв
Трансьляцыя
Тэлеканал Rai 1
На экранах 5 сакавіка 19953 красавіка 1995 (29 гадоў таму) —
Храналёгія
Папярэдні Спрут 6
Наступны Спрут 8

«Спрут 7 — Расьсьле́даваньне гі́белі каміса́ра Ката́ні» (па-італьянску: La piovra 7 — Indagine sulla morte del commissario Cattani) — сёмы сэзон італьянскага тэлесэрыялу «Спрут», прадстаўлены ў 1995 року. Рэжысэр — Люіджы Пэрэльлі, у галоўных ролях — Патрысія Мілярдэ, Рауль Бова, Эньё Фантастыкіні, Флярында Болкан. Першая сэрыя шасьцісэрыйнага сэрыялу выйшла на канале «Rai Uno» 5 сакавіка 1995.

Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Пасьля посьпехаў, дасягнутых разам з Карада Катані і Давідэ Лікатам, якія сарвалі некалькі буйных плянаў мафіі, пракурорша Сыльвія Конці плянуе спыніць барацьбу з арганізаванай злачыннасьцю. Аднак раптам яна атрымлівае тэлефанаваньне з Сыцыліі ад намесьніка камісара паліцыі Джані Брэды. Паліцыянт паведамляе, што адзін з зьняволеных, Расарыё Гранк’ё, папрасіў тэрмінова паразмаўляць менавіта зь ёй. Аднак у гэты час Расарыё з-за недагляду аховы забіваюць у шпіталі.

Пракурорша Конці вырашае выправіцца на Сыцылію з мэтай расьсьледаваньня, але сутыкаецца тут з зацягваньнем пытаньня мясцовым пракурорам Мікеле Арыёнэ, мэрам места і асобнымі паліцыянтамі, ды з мэдыя-атакамі журналіста Лючыё Панарэі, кіраўніка каналу «Дыяна ТБ», набліжанага да графіні Вольгі Камастры, колішняй палюбоўніцы камісара Катані. Паразуменьне Конці знаходзіць толькі з Джані Брэдам, які прапануе заняцца расьсьледаваньнем у Трапані (хоць назва места ня згадваецца, як і ў першых сэзонах), дзе калісьці пачынаў барацьбу з мафіяй Карада Катані.

У Санкт-Пецярбургу Савэрыё Бронта разам з супрацоўніцай банку Марчэлай Род’ё раскрываюць дзіўны праект мафіі па адмываньні грошай. Даведаўшыся пра спосаб і банкаўскі рахунак ў Санкт-Пецярбургу, куды прыйдуць грошы, Бронта вырашае вярнуцца на Сыцылію дзеля помсты колішнім сябрам-мафіёзі. У Расеі ён пакідае жонку К’яру і каханку. Аднак К’яра выпраўляецца ўвасьлед за ім з дапамогай расейскага целаахоўніка Алега.

Дон «Нуцца» Марч’яна загадвае Сары Гранк’ё, дачцы забітай ім Расарыё, пераехаць да сябе ў дом. Пасьля таго, як ён забівае й ейнага каханка, Сара з братам Б’яджа зьбіраюць банду, каб помсьціць бізнэсу Марч’яна. Сара вырашае забіць і каханку Нуцца, ды ў перастрэлцы забівае й іхняга маленькага сына.

У расьсьледаваньні Конці і Брэду дапамагаюць таксама колішні хакер Стэфана Мура, які здабывае давер К’яры Бронты; Даніеле Ранізі, пасынак Вольгі Камастры, які робіць уласнае радыё, вяшчаючы зь мікрааўтобусу; і дэпутат Монтэвэрдэ, уплыў якога можа стацца неацэнным.

У турме загадкава (з імітацыяй самагубстваў) гінуць былыя саўдзельнікі графіні Камастры; сярод іх і ейны муж Рэната Ранізі, які пачаў быў даваць паказаньні Сыльвіі Конці. Тэлеканал Лючыё Панарэа ўскладае віну ў сьмерці Ранізі на пракуроршу. Гіне таксама і колішні бос мясцовай мафіі, дон Люіджы Араганэзэ, даўно прыкуты да ложку з прычыны ныркавай недастатковасьці — ён сканчае самагубствам, каб ня трапіць у рукі паліцыі.

Дон Люіджы з Вольгай Камастрай плянавалі пераправіць за мяжу, у прыватнасьці, у Санкт-Пецярбург, карабель з скарбонкай таемнага масонскага таварыства пад назовам Extrema Thule Nostra Salus — лобі з палітыкаў-афэрыстаў ды мафіёзі. Аднак Дон Нуцца і Савэрыё зрываюць іхнія плян і прысабечваюць грошы, каб шантажаваць чальцоў ложы і самім захапіць уладу ў горадзе. Людзі Нуцца зьнішчаюць банду Бароцьці, а Вольга Камастра застаецца сам-насам супраць набіраючага моц дуэту Бронта і Марч’яна. Яна вырашае зьнішчыць з кампутара ўсю інфармацыю пра імёны прадстаўнікоў мафіі зь іхнімі банкаўскімі рахункамі, папярэдне раздрукаваўшы ўсё ў зашыфраваным выглядзе.

Сыльвія Конці арыштоўвае Вольгу Камастру па падазрэньні ў датычнасьці да забойства камісара Катані. З дапамогай Вольгавага пасынка Даніеле Ранізі яны знаходзяць зашыфраваны сьпіс і пераконваюць Камастру прызнацца ў забойстве. Аднак мафіёзі забіваюць Камастру перш, чым яна трапіць на афіцыйны допыт. У ейнай сьмерці (зробленую падобнай да самагубства) зноў абвінавачваюць пракуроршу Конці, якую адхіляюць ад справы; а ейнага памочніка камісара Брэду пераводзяць у ягоны родны горад далёка на поўнач. У жывых сьведках застаецца толькі Сара Гранк’ё, якую новы пракурор і падкупны інспэктар паліцыі пераконваюць агаварыць Сыльвію Конці. Сара вырашае зрабіць інакш і запісвае сваё прызнаньне на дыктафон, пасьля чаго выкідваецца з вакна. Тым ня меней, ейны запіс трапляе да карумпаванага інспэктара.

Між Нуца і Савэрыё адбываецца разлад: яны выкрадаюць Сыльвію Конці, аднак Савэрыё загадвае пакінуць яе ў жывых. А ейны памочнік Стэфана Мура гіне ад рукі інспэктара Лівоці; ягоную справу па расшыфраваньні сьпісу Вольгі Камастры давяршае К’яра Бронта дзякуючы атрыманаму ад мужа ахоўнаму мэдальёну. Мафіёзі таксама робяць замах на пасынка Вольгі Камастры Даніеле Ранізі, які па сьмерці бацькоў пераняў іхнія прадпрыемствы і пачаў выкрываць злачынныя схемы па адмываньні грошай.

У рэшце рэшт высьвятляецца, што Савэрыё Бронта, Расарыё Гранк’ё (чалавек, які прасіў размовы з Сыльвіяй Конці перад сваёй гібельлю), Нуцца Марч’яна і яшчэ тры чалавекі, забітыя раней, былі той шасьцёркай, што колісь расстралялі Карада Катані. Такое даручэньне яны атрымалі ад графіні Вольгі Камастры, якая не змагла адмовіцца ад загаду яшчэ звыш: прафэсара Атавіё Рамонтэ, кіраўніка арганізацыі Extrema Thule Nostra Salus, які цяпер хаваецца ў палацы ў Баўгарыі пад апекай карумпаванага колішняга палітыка Эдаарда Карынта; разам яны таксама зьбіраюцца вярнуцца ў Італію дзеля барацьбы за ўладу.

Пракурорша Сыльвія Конці становіцца галоўнай абвінавацелькай на адкрытым судовым працэсе над прафэсарам Рамонтэ па справе забойства камісара Катані. Прафэсар перадае свайму любімаму вучню, Вані Марынаву, свой архіў з дыскетаў, на якіх знаходзяцца дакумэнты пра злачынствы розных людзей з шасьцідзясятых гадоў XX стагодзьдзя. Марынаў абавязаны даставіць архіў Тана Карыдзі, які працяглы час хаваўся ў закінутым замку пры падножжы гары Этны на Сыцыліі. Цяпер Тана авалодвае магутным інструмэнтам шантажу, які вырашае да пары закапаць у зямлю.

Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.
Актор Роля
Патрысія Мілярдэ Сыльвія Конці пракурорша Сыльвія Конці
Рауль Бова Джаньні Брэда віцэ-камісар Джаньні Брэда
Эньё Фантастыкіні Савэрыё Бронта Савэрыё Бронта
Лёрэнца Індавіна К’яра жонка Савэрыё Бронта К’яра
Флярында Болкан Вольга Камастра графіня Вольга Камастра
Рэната Дэ Кармінэ Рэната Ранізі муж Вольгі Камастры Рэната Ранізі
Альфрэда Пэа Марыё Альтафонтэ ювэлір Марыё Альтафонтэ
Аніта Дзагарыя Джулія Альтафонтэ настаўніца Джулія Альтафонтэ
Эньё Кальторці Разарыё Гранк’ё Разарыё Гранк’ё
Лючыя Сарда жонка Разарыё
Раміна Мандэльлё Сара Гранк’ё дачка Разарыё Сара Гранк’ё
Франчэска Бэніньё Б’яджа Гранк’ё сын Разарыё Б’яджа Гранк’ё
Стэфан Данаілаў Надзарэна «Нуцца» Марч’яна дон Надзарэна «Нуцца» Марч’яна
Гедэон Буркгард Даніеле Ранізі Даніеле Ранізі
Віторыё Ды Прыма Лівоці інспэктар Лівоці
Сэрджыё Ф’ярэнтыні Мікеле Арыёнэ дзяржаўны пракурор Мікеле Арыёнэ
Джанкарлё Прэтэ Лючыё Панарэа журналіст Лючыё Панарэа
Арманда Травэрса Стэфана Мура кампутарны экспэрт Стэфана Мура
Рольф Гопэ Атавіё Рамонтэ прафэсар Атавіё Рамонтэ
Наташа Авэй Тыцыяна Брэда Тыцыяна Брэда
Франчэска Пранда Рока целаахоўнік дона Нуцца Рока
Гаэтана Амата Туры целаахоўнік дона Нуцца Туры
Паолё Баначэльлі Эдаарда Карынта Эдаарда Карынта
Іван Янчаў Люіджы Араганэзэ дон Люіджы Араганэзэ
Ганна Марыя Петрава Марчэла Род’ё каханка Нуцца Марчэла Род’ё
Ірынэй Канстанцінаў Монтэвэрдэ прафэсар Монтэвэрдэ
Рэма Джыронэ Тана Карыдзі Тана Карыдзі

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]