Сабор Покрыва Прасьвятой Багародзіцы (Баранавічы)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
храм
Сабор Покрыва Прасьвятой Багародзіцы
Orthodox church of the Protection of the Holy Virgin, Baranavičy 4.jpg
Краіна Беларусь
Горад Баранавічы
Каардынаты 53°07′55.77″ пн. ш. 26°00′14.41″ у. д. / 53.1321583° пн. ш. 26.0040028° у. д. / 53.1321583; 26.0040028Каардынаты: 53°07′55.77″ пн. ш. 26°00′14.41″ у. д. / 53.1321583° пн. ш. 26.0040028° у. д. / 53.1321583; 26.0040028
Канфэсія Расейская праваслаўная царква
Эпархія Пінская япархія 
Архітэктурны стыль клясыцызм
Будаўніцтва 19241931 гады
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Сабор Покрыва Прасьвятой Багародзіцы на мапе Беларусі
Сабор Покрыва Прасьвятой Багародзіцы
Сабор Покрыва Прасьвятой Багародзіцы
Сабор Покрыва Прасьвятой Багародзіцы
Commons-logo.svg Сабор Покрыва Прасьвятой Багародзіцы на Вікісховішчы
Пакроўскі сабор у Баранавічах

Сабор Покрыва Прасьвятой Багародзіцы , Пакроўскі сабор — найстарэйшы існуючы праваслаўны храм ў Баранавічах.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачаткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1908 годзе на месцы цяперашняга сабора ў Баранавічах была пабудавана драўляная праваслаўная царква. У 1915 годзе, падчас І сусьветнай вайны, калі ў горадзе знаходзілася Стаўка расейскага цара Мікалая ІІ, той храм быў павялічаны прыбудовамі. Гэтая драўляная царква праіснавала нядоўга і згарэла ў 1921 годзе ў ноч 2 траўня, пасьля сьвяточнай вячэрні Першага дня Вялікадня.

Раніцай на папялішчы сабралася ўся праваслаўная паства гораду. Прыход пастанавіў аднавіць храм. Быў абраны камітэт па пабудове новай царквы, які ўзначалілі сэнатар польскага Сэйму Аляксей Назарэўскі, протаіерэй Павал Мацкевіч і царкоўны стараста Яроцкі.

Будаўніцтва новага храму[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Два гады польскія ўлады Наваградзкага ваяводзтва не падпісвалі праект на пабудову царквы, якую спачатку хацелі аднавіць з дрэва. Тады камітэт з падтрымкаю архіепіскапа Дыянісыя вырашыў збудаваць мураваны храм. Новы праект выканаў варшаўскі архітэктар Мікалай Абалонскі. Царква каштавала 147 тысяч злотых.

Урачыстае асьвячэньне закладкі храма адбылося 6 жніўня 1924 году. З 1925 па 1928 год жыхары гораду сабралі 36 тысячаў злотых. Дзякуючы сэнатару Назарэўскаму, польскі ўрад на працягу трох гадоў выдзяляў па 58 тысячаў. Яшчэ 8 тысячаў на пабудову царквы знайшоў Баранавіцкі гарадзкі магістрат.

Праз 4 гады ад пачатку будаўніцтва, 20 лістапада 1928 году, на храм былі ўрачыста ўсталяваныя купалы. Да 1931 году адбываліся працы ўсярэдзіне царквы, аздабляліся іканастасы, выкладалася мазаіка, прывезеная з Варшавы.

Варшаўскі сабор[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Варшаўскі сабор А. Неўскага на паштоўцы 1910-х гадоў

Першапачаткова гэтая мазаіка знаходзілася ў Варшаўскім саборы Аляксандра Неўскага, які будаваўся 19 гадоў і быў асьвячоны ў 1912 годзе. На той час гэты храм зьяўляўся найвялікшым і найвышэйшым будынкам у польскай сталіцы. Яго параўноўвалі з вэнэцыянскім саборам сьв. Марка і лічылі найпрыгажэйшым у Эўропе.

Ягоны муры ўпрыгожвалі мазаікі, створаныя паводле эскізаў Віктара Васьняцова, Андрэя Рабушава, Мікалая Бруні. У аздабленьні сабора былі выкарыстаныя каштоўныя й паўкаштоўныя камяні, а таксама мармур і граніт. Мазаічныя пано набіраліся ў мазаічнай майстэрні славутага мастака Ўладзімера Фралова.

Пасьля атрыманьня незалежнасьці ў 1918 годзе ў Польшчы распачалася дыскусія, што рабіць з праваслаўным храмам у цэнтры сталіцы. Шмат хто лічыў яго сымбалем расейскай акупацыі. Былі прапановы ператварыць сабор у музэй. Але на пастанову зьнішчыць храм паўплывала польска-савецкая вайна 1919—1920 гадоў. Руйнаваньне пачалося ў 1924 годзе й працягвалася да 1926-га. Праваслаўным вернікам дазволілі зьняць мазаікі, забраць іканастасы, абразы й царкоўную маёмасьць, якія пасьля былі перададзеныя ў Заходнюю Беларусь.

Перавоз у Баранавічы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзякуючы намаганьням Назарэўскага, у 1926 годзе ў Баранавічы ў трох вагонах былі прывезеныя алтары, 10 ківотаў, 20 абразоў на дошках, 9 абразоў на дрэве й палатне, 3 мазаічныя абразы («Маці Божая Замілаваньне», «Мітрапаліт Алексій», «Ёсіф Волацкі»). Але 5 верасьня будынак каля царквы, дзе захоўвалася прывезенае, згарэў, як палічылі тады, ад наўмыснага падпалу. Ацалелі толькі мазаікі, якія захоўваліся ў іншым месцы.

23 жніўня 1928 году мітрапаліт Дыянісій перадаў у Баранавічы іканастас з былой дамавой царквы Варшаўскага каралеўскага замка, 4 абразы на цынку, 7 двухстворкавых дубовых дзьвярэй, 40 фрагмэнтаў мазаікі і 13 скрыняў росьпісаў на гіпсавых пласьцінах — усё, што засталося ад Варшаваўскага сабора А. Неўскага. 30 фрагмэнтаў мазаікі былі складзеныя ў 4 пано і зьмешчаны на ўнутраных ды вонкавых сьценах баранавіцкай царквы. Яшчэ 10 фрагмэнтаў дасюль ляжаць у сутарэньнях храму, бо зь іх немагчыма скласьці цэласнага малюнку.

4 кастрычніка 1931 году Баранавіцкі сабор Покрыва Багародзіцы быў асьвечаны архіепіскапам Гарадзенскім і Наваградзкім Алексіем, а з 1949 году доўгі час заставаўся адзіным дзейным праваслаўным храмам у горадзе. У 1953 годзе царква была ўключаная ў сьпіс помнікаў архітэктуры і ўзятая пад ахову дзяржаваю.

Мазаікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мазаіка «Хрыстос з данатарам» (Кашалёў)
Мазаіка «Сабор Арханёла Міхаіла і ўсіх нябесных сіл бесьцялесных», Мікалай Бруні

Мазаіка, якая знаходзіцца ў баранавіцкім храме, мае больш за 20 000 адценьняў смальты. Гэтая смальта выраблялася ў майстэрні Фралова. Слой шкла пакрываўся сусальным золатам і зьверху накладаўся яшчэ адзін слой шкла.

З мазаікі Варшаўскага сабора, зробленай па творах Віктара Васьняцова, у Баранавічах ёсьць толькі адзін фрагмэнт — «Табе радуецца». Гэта выява Маці Божай з сынам, памерам 4х4 м2, якая разьмешчаная ўверсе горнага месца ў алтары. Некалі яна ўваходзіла ў вялікае пано.

Зь левага боку алтара, над паўночным ўваходам, у храме знаходзіцца мазаічная кампазыцыя «Дэісус», выкананая па эскізе Мікалая Кошалева. На ёй прадстаўлены Хрыстос на белым воблаку ў атачэньні анёлаў. У руках Хрыста — раскрытая Біблія са словамі «Міръ Вамъ».

На вуліцы з паўднёвага боку на цімпане храму зьмешчаная мазаічная кампазыцыя Кошалева «Хрыстос з данатарам» (раней называлася «Слава Аляксандра Неўскага»). На ёй да ног Хрыста схіліўся данатар (з лацінскага — заказчык ці будаўнік храма) — чалавек, у руках якога мадэль сабора падобнага да варшаўскага. Хрыстос трымае карону, якую хоча ўскласьці на галаву данатара. Асоба данатара — рускі князь Аляксандар Неўскі, але некаторыя дасьледчыкі кажуць, што гэта выява архітэктара Варшаўскага сабора — Лявонція Бенуа.

З паўночнага боку цімпан баранавіцкага сабора аздабляе мазаічная кампазыцыя «Сабор Архангела Міхаіла і ўсіх нябесных сіл бесьцялесных» па жывапісных малюнках Мікалая Бруні. На ёй арханёл Міхаіл узьнесены над усімі іншымі пэрсанажамі. Пад ім у цэнтры кампазыцыі малады Хрыстос. Паабапал анёлы й сьвятыя зьвяртаюцца да іх. Гэтая мазаіка моцна пашкоджана пры разборцы варшаўскага сабора й мае значныя страты.

Яшчэ адна мазаічная кампазыцыя Бруні «Маці Божая з анёльскім чынам» знаходзіцца ў інтэр’еры сабора, над паўднёвым уваходам. На ёй выява Божай Маці, якая ў атачэньні анёлаў сядзіць на троне. Гэтая мазаіка таксама мае значныя страты смальты. Згубленыя дэталі замянілі фрэскамі падчас мантажу ў 1929 годзе.

На ўсходніх слупах баранавіцкага храма зьмешчаныя перавезеныя з Варшавы мазаічныя іконы «мітрапаліта Алексія» й «Найпадобнага Ёсіфа Волацкага», складзеныя па малюнках В. Думітрашкі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • А. А. Ярашэвіч, І. Р. Томашава «Баранавіцкі Пакроўскі сабор», Менск, «Беларусь, 2008»

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  112Г000041

Commons-logo.svg Сабор Покрыва Прасьвятой Багародзіцы (Баранавічы)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў