Перайсьці да зьместу

Роза Люксэмбург

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Роза Люксэмбург
па-польску: Róża Luksemburg
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася5 сакавіка 1871
Замасьць, Царства Польскае
Памерла15 студзеня 1919 (47 гадоў)
Бэрлін, Нямеччына
ПартыяСацыял-дэмакратыя каралеўства Польшчы і Літвы, Сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны, Незалежная сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны, Камуністычная партыя Нямеччыны
АдукацыяЦюрыскі ўнівэрсытэт
Сужэнец Густаў Любэк
Бацька Эліяш Люксэмбург
Маці Ліна Лёвэнштайн
Подпіс Выява аўтографу

Роза Люксэмбу́рг (па-нямецку: Rosa Luxemburg, па-польску: Róża Luksemburg; сапраўднае імя — Разалія Люксэмбург, псэўд. Róża Kruszyńska, Maciej Rózga, Spartakus; 5 сакавіка 1871, Замасьць, Царства Польскае — 15 студзеня 1919, Бэрлін, Нямеччына) — нямецкая рэвалюцыянэрка польска-габрэйскага паходжаньня, тэарэтык марксізму, філёзафка і эканамістка. Яна была пасьлядоўна чаліцай Сацыял-дэмакратыі каралеўства Польшчы й Літвы (СДПКПіЛ), Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПН), Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (НСДПН) і Камуністычнай партыі Нямеччыны (КПН).

У 1915 годзе, пасьля таго як СДПН падтрымала ўдзел Нямецкай імпэрыі ў Першай сусьветнай вайне, яна й Карл Лібкнэхт заснавалі антываенную Спартакаўскую лігу, якая ў канчатковым выніку стала Камуністычнай партыяй Нямеччыны (КПН). Падчас Нямецкай рэвалюцыі яна заснавала газэту «Чырвоны сьцяг» (ням. Die Rote Fahne) — цэнтральны орган руху Спартака.

Яна палічыла паўстаньне спартакістаў 1919 году памылкай[1], але падтрымала яго пасьля таго, як Лібкнэхт ухваліў выступ. Калі паўстаньне было задушана з дапамогай сацыяльна-дэмакратычнага ўрада і Фрайкорпу, то бок зьвязу вэтэранаў Першай сусьветнай вайны правага кірунку, Люксэмбург, Лібкнэхт і некаторыя зь іхных прыхільнікаў былі схопленыя й забітыя. Роза была застрэленая, а ейнае цела выкінута ў Ляндвэр-канал у Бэрліне.

З-за ейнай вострай крытыкі як марксізму-ленінізму, гэтак і больш умераных сацыял-дэмакратычных школаў сацыялізму, Р. Люксэмбург некалькі неадназначна ўспрымаецца сярод навукоўцаў і тэарэтыкаў левацкага кірунку[2]. Тым ня менш, некаторыя марксісты разглядаюць Люксэмбург і Лібкнэхта, як пакутнікаў. Згодна з Фэдэральным ведамствам па ахове канстытуцыі, погляды Розы Люксэмбург і Карла Лібкнэхта працягваюць гуляць важную ролю сярод нямецкіх сацыялістаў і камуністаў[3].

У ейны гонар у Менску названыя вуліца й завулак.

Р. Люксэмбург нарадзілася ў габрэйскай сям’і ў Замасьце 5 сакавіка 1871 году ў кантраляваным Расеяй Царстве Польскім. Яна была пятым дзіцем у сям’і гандляра драўнінай Эліяша Люксэмбурга й Ліны Лёвэнштайн. У пяцігадовым узросьце хвароба сьцягна прыкавала яе да ложку, і, як сьледзтва, яна атрымала кульгавасьць на ўсё жыцьцё[4].

Пасьля пераезду сям’і ў Варшаву Люксэмбург наведвала гімназію з 1880 году. У 1886 годзе ёна ўступіла да пралетарскай партыі, якая належыла да левацкага кірунку й была заснавана ў 1882 годзе. Ейны пачатак у палітыцы быў закладзены праз арганізацыю ўсеагульнага страйку, у выніку якога чатыры дзеяча зь лідэраў партыі былі пакараныя празь сьмерць, а дзейнасьць партыі забаронена, аднак астатнія партыйцы, у тым ліку й Люксэмбург, рэгулярна патаемна сустракаліся разам. У 1887 годзе яна атрымала атэстат аб сярэдняй адукацыі. У 1889 годзе Роза зьбегла ў Швайцарыю, каб пазьбегнуць арышту, дзе паступіла ў Цюрыскі ўнівэрсытэт. Ва ўнівэрсытэце Роза вывучала філязофію, гісторыю, палітыку, эканоміку й матэматыку. Дзякуючы пасьпяховаму адстойваньню доктарскай дысэртацыі па тэме прамысловага разьвіцьця Польшчы ўвесну 1897 году яна атрымала ступень доктара права.

Роза Люксэмбург (1895).

У 1893 годзе разам зь Лео Ёгіхэсам і Юліянам Мархлеўскім Люксэмбург заснавала газэту «Sprawa Robotnicza», каб выступіць супраць нацыяналістычнай палітыкі Польскай сацыялістычнай партыі, лічачы, што толькі праз сацыялістычную рэвалюцыю ў Нямеччыне, Аўстрыі й Расеі Польшча была бы здольная існаваць як незалежная дзяржава. Яна сьцьвярджала, што барацьба павінна быць супраць капіталізму, а ня толькі за польскую незалежнасьць. Ейная пазыцыя адмаўленьня нацыянальнага права на самавызначэньне пры сацыялізьме справакавала напружанасьць у адносінах з Уладзімерам Ленінам. Яна й Лео Ёгіхэс сталі сузаснавальнікамі Сацыял-дэмакратычнай партыі Каралеўства Польскага, якая потым пасьля зьліцьця з Сацыял-дэмакратычнай партыя Літвы пачала называцца як Сацыял-дэмакратычнай партыі Каралеўства Польскага й Літвы (СДПКПіЛ). Нягледзячы на пражываньне ў |Нямеччыне большую частку свайго дарослага жыцьця, Р. Люксэмбург была адной з галоўных тэарэтыкаў польскіх сацыял-дэмакратаў.

Люксэмбург (справа) разам з Кларай Цэткін (зьлева)
Статуя Люксэмбург у Бэрліне

У траўні 1898 году Р. Люксэмбург абралася фіктыўным шлюбам з Густавам Любэкам, дзякуючы чаму праз мужа атрымала нямецкае грамадзянства, і пераехала ў Бэрлін. Там яна прыняла актыўны ўдзел у дзейнасьці левага крыла Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПН), дзе адразу правяла мяжу паміж ейнай фракцыяй і тэорыяй рэфармізму Эдуарда Бэрнштайна, робячы напады на ​​ягоную тэорыю ў сваёй брашуры, якая была выраблена ў верасьні 1898 году пад назовам Сацыяльная рэформа або рэвалюцыя.

З 1900 году Люксэмбург публікавала аналіз сучасных эўрапейскіх сацыяльна-эканамічных праблемаў у газэтах. Прадбачачы вайну, яна энэргічна атакавала сілы, якія падтрымлівалі нямецкі мілітарызм і імпэрыялізм. Яна жадала зарганізаваць усеагульны страйк, каб заклікаць працоўных да салідарнасьці адзін з адным і прадухіліць тым самым будучую вайну. Аднак лідэры СДПН не падтрымалі ідэяў Розы. Паміж 1904 і 1906 гадамі Р. Люксэмбург знаходзілася за кратамі за сваю палітычнай дзейнасьць. У 1907 годзе яна наведала сустрэчу расейскіх сацыял-дэмакратаў у Лёндане, дзе сустрэлася Ўладзімерам Ленінам. На другім Міжнародным сацыялістычным зьезьдзе, у Штутгарце, яна прадставіла рэзалюцыю пра супрацоўніцтва ўсіх эўрапейскіх працоўных партыяў, якая была ўхвалена.

Р. Люксэмбург выкладала марксізм і эканоміку ў Бэрлінскім навучальным цэнтры СДПН. Ейны студэнт, Фрыдрых Эбэрт, пазьней стаў лідэрам СДПН, а потым і першым прэзыдэнтам Ваймарскае рэспублікі. У 1912 годзе яна ўзяла ўдзел ў зьезьдзе эўрапейскіх сацыялістаў як прадстаўніца СДПН. Разам з францускім сацыялістам Жанам Жарэсам, яна сьцьвярджала, што эўрапейскія працоўныя партыі павінны зарганізаваць ўсеагульны страйк у выпадку пачатку вайны. Але ў 1914 годзе, калі нацыяналістычны крызіс на Балканах выліўся да пачатку сусьветнае вайны, усеагульны страйк ня быў зроблены, а большасьць чальцоў СДПН падтрымала вайну — як гэта зрабілі й францускія сацыялісты.

У адказ Р. Люксэмбург зарганізавала антываенныя дэманстрацыі ў Франкфурце, заклікаючы да адмовы ад прызыву на вайсковую службу й адмову выконваць загады, з-за чаго была арыштавана й зьняволена на год за падбухторваньне да непадпарадкаваньня законам уладаў і парадку[5].

У жніўні 1914 году Люксэмбург, разам з Карлам Лібкнэхтам, Кларай Цэткін і Францам Мэрынгам, заснавала групу Інтэрнацыянал (ням. Die Internationale), якая ў студзені 1916 году была ператвораная ў Спартакаўскую лігу. Чальцы групы пісалі антызаконныя, антываенныя памфлеты пад псэўданімам «Спартак», у гонар тракійскага глядыятара-раба, які ўзьняў паўстаньне да вызваленьня ад рабства. Ідэялягічна Спартакаўская ліга цалкам адхіляла падтрымку СДПН вайны, спрабуючы зарганізаваць ўсеагульны антываенны пралетарскі страйк. У выніку ў чэрвені 1916 году Люксэмбург зноўку была зьньняволена, на гэты раз ужо на два з паловой гады. У турму таксама трапіў Карл Лібкнэхт. Падчас свайго зьняволеньня, яна месьцілася ў турмах Познані й Брэслава.

У 1917 годзе Спартакаўская ліга была афілявана зь Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыяй (НСДПН), якая таксама прытрымлівалася антываенных поглядаў і была заснавана былым чальцом СДПН Гуго Гаазэ. У лістападзе 1918 году НСДПН і СДПН прыйшлі да ўлады ў новай рэспубліцы пасьля зраканьня кайзэра ад стальцу, якое мела месца пасьля правядзеньня Нямецкай рэвалюцыі, распачатай у Кілі матросамі.

Нямецкая рэвалюцыя й сьмерць

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Барыкады на вуліцах Бэрліну падчас паўстаньня спартакістаў 1919 году

Роза Люксэмбург была вызвалена з турмы ў Брэславе 8 лістапада 1918 году. Празь дзень быў вызвалены й Карл Лібкнэхт. Разам яны рэарганізавалі дзейнасьць Спартакаўскай лігі й заснавалі газэту «Чырвоны сьцяг», патрабуючы амністыі для ўсіх палітычных зьняволеных і адмену сьмяротнага пакараньня. 14 сьнежня 1918 году яны апублікавалі новую праграму сваёй арганізацыі.

З 29 па 31 сьнежня 1918 году яны прынялі ўдзел у сумесным зьезьдзе Спартакаўскай лігі, незалежных сацыялістаў і партыі Міжнародных камуністаў Нямеччыны (МКН), дзе была створана Камуністычная партыя Нямеччыны (КПН) пад кіраўніцтвам Карла Лібкнэхта й Розы Люксэмбург. Яна падтрымала ўдзел КПН у выбарах у Нацыянальны Сход Ваймарскай рэспублікі, аднак не брала ў ім удзел у якасьці кандыдата. У студзені 1919 году па Бэрліну пракацілася другая хваля рэвалюцыі. У адрозьненьне ад Лібкнэхта, Люксэмбург спачатку не падтрымала спробу захапіць уладу сілком, але «Чырвоны сьцяг» заклікаў паўстанцаў заняць рэдакцыі лібэральнай прэсы.

У адказ на паўстаньне лідэр сацыял-дэмакратаў Фрыдрых Эбэрт загадаў здушыць левацкую рэвалюцыю. Люксэмбург і Лібкнэхт былі схопленыя ў Бэрліне 15 студзеня 1919 году, пасьля чаго забітыя без правядзеньня судовай справы. Акрамя таго было забіта шмат чальцоў КПН, іншых рэвалюцыянэраў і грамадзянскіх асобаў у Бэрліне й па ўсёй Нямеччыне ў спробе зьнішчыць рэвалюцыю. Нарэшце працоўныя й салдацкія саветы, якія пачалі стварацца ад Лістападаўскай рэвалюцыі й зь цягам часу перашлі да лявацкага кірунку, былі забароненыя.

Роза Люксэмбург і Беларусь

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Беларускі гісторык, літаратуразнаўца і дысыдэнт Аляксей Каўка ў кнізе "Каб не забыць" піша пра Розу Люксэмбург і дачыненьне рэвалюцыянэркі да Беларусі[6]. Гэта якраз тая сацыялістка-рэвалюцыянэрка, якая добра ведала беларусаў, пісала аб іх і аб тым, што расейцы і палякі, у тым ліку сацыялісты часта ігнаруюць гэты закінуты народ. На думку А. Каўкі, гэты факт апраўдвае тое, што вуліца і завулак у Менску названы ў гонар польска-нямецкай рэвалюцыянэркі[7].

  1. Frederik Hetmann: Rosa Luxemburg. Ein Leben für die Freiheit, p. 308
  2. Leszek Kołakowski ([1981], 2008), Main Currents of Marxism, Vol. 2: The Golden Age, W. W. Norton & Company
  3. Gedenken an Rosa Luxemburg und Karl Liebknecht – ein Traditionselement des deutschen Linksextremismus. BfV-Themenreihe, Bundesamt für Verfassungsschutz, 2008
  4. Annette Insdorf (1987-05-31). Rosa Luxemburg: More Than a Revolutionary. The New York Times.
  5. Max Gallo, Une femme rebelle: Vie et mort de Rosa Luxemburg, Presses de la Renaissance, 1992.
  6. Аляксей Каўка, Каб не забыць, Медысонт, Менск, 2006.
  7. Аляксей Каўка, Каб не забыць, Медысонт, Менск, 2006.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]