Перайсьці да зьместу

Пэрсэпаліс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пэрсэпаліс
Persepolis*
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО

Краіна Іран
Тып культурны
Крытэры i, iii, vi
Спасылка 114
Рэгіён** Азія
Каардынаты 29°56′4″ пн. ш. 52°53′29″ у. д. / 29.93444° пн. ш. 52.89139° у. д. / 29.93444; 52.89139
Гісторыя ўключэньня
Уключэньне 1979  (3 сэсія)
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску
** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО

Пэрсэ́паліс (па-старажытнагрэцку: Περσέπολις, па-пэрсыдзку: تخت جمشید‎) — археалягічны помнік на месцы гораду, сталіцы Пэрсыдзкай імпэрыі (VI—IV стст. да н. э.). Знаходзіцца за 60,2 км[1] на паўночны ўсход ад сучаснага гораду Шыразу. Агульная плошча 13 га.

Пэрсэпаліс у мінулым.

Пэрсэпаліс быў заснаваны ў 515 годзе да н. э. Дарыям I як сталіца Пэрсыдзкай імпэрыі. Меркаваньні археолягаў, якія праводзілі раскопкі ў 1930-х гадах, аб ранейшым заснаваньні гораду, магчыма Кірам Вялікім, пазьней не знайшлі свайго пацьвярджэньня. Самі пэрсы называлі горад Парса, а старажытныя грэкі — Περσέπολις, літаральна «горад пэрсаў».

У IV стагодзьдзі да н. э. Пэрсэпаліс займаў велізарную плошчу, ягоным цэнтрам была валадарская рэзыдэнцыя. У іншаземных крыніцах горад узгадваўся рэдка, што потым нават прывяло да спэкуляцыйнага сьцьверджання, быццам бы пэрсыдзкія манархі трымалі ягонае існаваньне пад сакрэтам. На самой справе, Пэрсэпаліс будаваўся так, каб рабіць як мага больш вялікі ўплыў на наведвальнікаў. Горад выкарыстоўваўся як сэзонная рэзыдэнцыя, куды сьцякаліся натоўпы падданых да навагодняга сьвята Нэт Рус. Большасьць будынкаў была ўзьведзеная з каменьню, але дахі рабіліся драўлянымі, змацаванымі заціскамі з жалеза і волавам.

У 330 году да н. э. Пэрсэпаліс быў захоплены, а потым разрабаваны і спалены Аляксандрам Македонскім. Некаторы час ён быў адміністрацыйным цэнтрам Пэрсіі як правінцыі дзяржавы Сэлеўкідаў. Але ў II стагодзьдзі да н. э. адміністрацыя пераехала ў суседні горад Эстахр.

Эрнст Гэрцфэльд, адзін з пачынальнікаў археалягічных раскопак.

Пэрсэпаліс меў вызначальнае значэньне з пункту гледжаньня разьвіцьця гістарычнага і археалягічнага вывучэньня краінаў Заходняй Азіі.

Відавочна, першым эўрапейцам, які ўзгадаў пра існаваньне рэштак старажытнага гораду, быў вэнэцыянец Ясафат Барбара, які аднак палічыў, што яны маюць старажытнае габрэйскае паходжаньне[2]. Магчыма, гэта адбылося празь ягонае няслушнае тлумачэньне камэнтароў да Карану Табары, які параўноўваў палацы Пэрсэпаліса з тронам Саламона. Падрабязнае апісаньне руінаў і іхнае вызначэньне як старажытнай пэрсыдзкай сталіцы пакінуў Жан Шардэн, які быў францускім вандроўнікам XVII стагодзьдзя.

У XVIII—XIX стагодзьдзях Пэрсэпаліс наведвалі дасьледнікі з розных эўрапейскіх краінаў дзеля вывучэньня пэрсыдзкага клінапісу. Зьявіліся навуковыя апісаньні, фатаздымкі і пляны руінаў. У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў частка знойдзеных у Пэрсэпалісе артэфактаў апынулася ў эўрапейскіх музэях.

3 лістапада 1930 году ў Іране быў высунуты закон аб археалягічных раскопках, які забараняў неарганізаваныя дасьледаваньні і раскраданьне гістарычных помнікаў. Гэта стымулявала новы этап плянавага вывучэньня на аснове выключна навуковых падыходаў. 16 сьнежня 1930 году быў выдадзены першы дазвол на раскопкі ў старажытнай сталіцы. Яны рабіліся нямецкімі адмыслоўцамі да 1939 году на сродкі, назьбіраныя Чыкагаўскім ўнівэрсытэтам. З самага пачатку археолягі бралі на сябе абавязак ня толькі рабіць знаходкі, але таксама захоўваць і кансэрваваць захаваныя помнікі мінулага. У 1939—1940 гады работы, зьвязаныя з кансэрвацыяй, ладзілі ўласна іранскія спэцыялісты.

У паваенны час вывучэньне Пэрсэпалісу вялося рознымі эўрапейскімі археолягамі зь беспасярэднім удзелам іранцаў. У 1975 годзе археалягічныя раскопкі фактычна былі спыненыя. У 1979 годзе Пэрсэпаліс трапіў у сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

Пэрсэпаліс уяўляе сабою суцэльны комплекс рэштак будынкаў, месцаў археалягічных раскопак і магільняў старажытных пэрсыдзкіх манархаў. Ён уключае:

Плян Пэрсэпаліса.

1. Уваход, які складаецца зь Вялікай лесьвіцы і Брамы нацыяў. Вялікая лесьвіца збудаваная зь вялікіх каменных блёкаў, але з малымі прыступкамі. Наведвальнікі валадарскай рэзыдэнцыі мелі магчымасьць рабіць кароткія крокі падчас уздыму, што было зручна для тых, хто меў доўгую вопратку. На верхніх прыступках іншаземныя дэлегацыі віталі музыкі. Брама нацыяў была ўзьведзеная Ксэрксам, пра што сьведчыць надпіс на трох мовах. Асаблівую ролю ў кампазыцыі маюць вартавыя крылатыя быкі, зробленыя ў асырыйскім стылі.

2. Палац Ападана ўзьведзены на загад Ксэркса. Відавочна, у свой час гэта быў найбольш вялікі і шыкоўны будынак Пэрсэпалісу. Ягоныя муры ўпрыгожвалі пласьціны з золата і срэбра. У наш час значную цікавасьць маюць захаваныя рэшткі каляровай кафлі і асабліва рэльефы, у тым ліку выявы знакамітай Неўміручай гвардыі.

3. Зала 100 калёнаў — сэрца валадарскай рэзыдэнцыі. Мяркуецца, што тут знаходзілася квадратная тронная зала агульнай плошчай 4900 мэтраў.

4. Валадарскія палацы Дарыя і Ксэркса ўяўлялі сабою зімовыя рэзыдэнцыі. За імі разьмяшчаўся шырокі двор.

5. Гарэмсара або валадарскі гарэм. Гэты будынак быў адноўлены ў 1930-я гады і ў наш час месьціць археалягічны музэй.

6. Магільні валадароў Артаксэркса II і Артаксэркса III знаходзяцца на ўзвышшы над самым комплексам.

Таксама захаваліся фундамэнт скарбніцы, недабудаваная брама, шматлікія навершы калёнаў, сажалка і г. д.

  1. ^ Distancecalculator Архівавана 12 жніўня 2014.
  2. ^ P. F., Brown (1997). «Venice and Antiquity: The Venetian Sense of the Past». Yale University Press. — С. 156.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]