Папраўча-працоўныя турмы Кітаю

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Папраўча-працоўныя турмы Кітаю (ППТ; кіт. 劳动改造; лаодон гайзао) — турмы ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, дзе выкарыстоўваецца прымусовая праца вязьняў. Да 1994 году называліся папраўча-працоўнымі лягерамі(ru) (ППЛ), як у СССР у 1929—1956 гадох. Шырока выкарыстоўваюцца для вырабу тавараў на экспарт. Паўнамоцтвам зьняволіць у ППТ валодаюць разам з судамі паліцыянты Міністэрства грамадзкай бясьпекі Кітаю(zh) на падставе выстаўленьня абвінавачаньня[1]. На 2011 год налічвалася звыш 1000 ППТ, дзе ўтрымлівалі больш за 5,5 млн вязьняў[2].

ППТ Кітаю (белым) на 2006 год

Умовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вязьням ППТ у Кітаі выдаюць турэмную форму і гумовы або плястмасавы абутак. За кошт свайго заробку вязьні маюць набываць ніжнюю бялізну, шкарпэткі, брыль і куртку. У 2000-я гады месяцовы заробак сярэдняга вязьня складаў каля 3 юаняў ($0,44)[3]. У 1990-я гады вязьні атрымлівалі на месяц па 13,5—22,5 кг кукурузы і сорга, зь якіх гатавалі кашу і хлеб. Для гатаваньня штомесяц выдавалі па 85 грамаў алею. Звычайна вязьні сталаваліся тройчы на дзень кашай, супам з гародніны і хлебам. Найменш выніковых работнікаў абмяжоўвалі 2 сталаваньнямі на дзень. Бунтаўнікі часта пазбаўляліся ежы. Аднойчы на 2 тыдні вязьні атрымлівалі сьвіны булён і булку зь белай мукі. Толькі на дзяржаўныя сьвяты кшталту новага году, нацыянальнага дня (1 кастрычніка) і вясновага фэстывалю (кітайскі новы год) выдавалі пяльмені зь мясам, безь якога пакідалі вязьняў увесь год (прымусовае вэганства). У выніку нястачы вітамінаў найбольш распаўсюджанымі хваробамі былі ацёк, бэры-бэры і шкробут. Таксама нястача харчовых валокнаў і алею выклікала панос і запор, адсутнасьць лекаў ад якіх найчасьцей прыводзіла да сьмерці. Замест унітаза выкарыстоўвалася вядро. Вязьні спалі на падлозе ў камэры бяз мэблі, дзе зьмяшчалася па 10 чалавек. Рэдкасьць прыёма душа і адсутнасьць атруты супраць вусякоў выклікала паўсюднасьць блохаў, вошаў і клапоў. Вязьні мелі выдаткоўваць уласны заробак на набыцьцё мыла, туалетнай паперы, ручніка, зубной пасты і шчоткі. Працоўны дзень складаў 12 гадзінаў на содні. Праца на шахтах і заводах ажыцьцяўлялася без ахоўнага адзеньня. Замест угнаеньня на фэрмах выкарыстоўваўся чалавечы кал, што спрыяла заражэньню круглымі чарвякамі[4].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1950-х гадах антыкамуністы складалі 80% вязьняў у папраўча-працоўных лягерах (ППЛ) Кітаю[1]. У 1960—1961 гг. у ППЛ Цзябянгу(zh) (правінцыя Ганьсу) замарылі голадам да сьмерці 2500 з 3000 антыкамуністаў. За часам старшыньства Мао Дзэ-дуна (1943—1976) у Камуністычнай партыі Кітаю, вязьняў у ППЛ штовечар прымушалі да 2-гадзіннага выслухоўваньня камуністычнай прапаганды. У выніку пасьля шматгадовага ўзьдзеяньня такое прамываньне мазгоў часта прыводзіла да душэўнага разладу. Агулам за 33 гады ўлады Мао Дзэ-дуна (1943—1976) у ППЛ загінулі 15,72 млн чалавек, пераважна ад голаду і галадамору, забойстваў і самагубстваў[5].

У 1994 годзе ППЛ пераназвалі ў папраўча-працоўныя турмы (ППТ). На 1997 год у Кітаі налічвалася 1155 ППТ. Паводле ўраду Кітаю «прыблізна 200 розных відаў вырабаў ППЛ экспартаваліся на замежныя рынкі. …Чвэрць кітайскай гарбаты выраблялі ў папраўча-працоўных лягерах. 60% кітайскіх гума-вульканізавальных рэчываў выраблялі ў адным ППЛ у Шэньяне» (правінцыя Ляанін)[6]. На 2013 год палову вязьняў ППТ складалі ўдзельнікі будысцкага руху «Моц кола закону»(zh) (кіт. Фалунь гун)[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Алег Новікаў. Канец кітайскага Гулагу // Газэта «Новы час», 10 сьнежня 2013 г. Праверана 9 ліпеня 2016 г.
  2. ^ Турэмныя рабы(анг.) // Тэлеканал «Аль-Джазіра», 25 сакавіка 2012 г. Архіўная копія ад 21 лістапада 2011 г. Праверана 9 ліпеня 2016 г.
  3. ^ Філіп Ўільямз, Ена Ву. Вялікая сьцяна зьняволеньня = The Great Wall of Confinement. — Лос-Анджэлес: Каліфарнійскі ўнівэрсытэт, 2004. — 260 с. — ISBN 0-8248-2763-5
  4. ^ Хонда Ву(zh). Лаогай - кітайскі ГУЛаг = Laogai – The Chinese Gulag / перакл. Тэд Сьлінгэрхэд. — Боўлдэр: Ўэствью(en), 1992. — 247 с. — ISBN 978-0813381541
  5. ^ Рудольф Румэль(en). Крывавы век Кітая = China's Bloody Century. — Нью-Брансўік: Транзакцыя(en), 1991. — 348 с. — ISBN 978-0887384172
  6. ^ Майкл Чапмэн. Кітайскія рабы вырабляюць тавары для амэрыканскіх гандлёвых цэнтраў (анг.) = Chinese slaves make goods for American malls // Чалавечыя падзеі(en) : газэта. — 4 ліпеня 1997. — В. 25. — Т. 53. — С. 1. — ISSN 0018-7194.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Папраўча-працоўныя турмы Кітаюсховішча мультымэдыйных матэрыялаў