Перайсьці да зьместу

Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх (Жамыслаўль)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх
Сядзіба
КраінаБеларусь
ВёскаЖамыслаўль
Каардынаты54°07′56″ пн. ш. 25°45′55″ з. д.HGЯO
Тып будынкасядзіба
Архітэктурны стыльнэаклясыцызм
Аўтар праектуЛеанард Марконі
Будаваньне18631877 гады
Статусахоўваецца дзяржавай
Станзакінуты
Сядзіба на мапе Беларусі
Сядзіба
Сядзіба
Сядзіба
Сядзіба на Вікісховішчы

Пала́цава-па́ркавы ко́мплекс Умясто́ўскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры XIX стагодзьдзя. Знаходзіцца ў в. Жамыслаўль (Івейскі раён) на левым беразе р. Гаўя. Унесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.

Фармаваньне сядзібы пачалося з другой паловы XVIII стагодзьдзя. У 1807 маёнтак зь сядзібай у Антонія Кеневіча набыў Якуб Умястоўскі (памёр у 1809). У 1828 року ягоны сын Казімер Умястоўскі па баках набытай аднапавярховай драўлянай гасподы, збудаванай у стылі барока, паставіў дзьве мураваныя афіцыны з калённымі портыкамі ў стылі клясыцызму (захавалася адна), лядоўню, аранжарэю і манэж. Жонка Казімера Ўмястоўскага Юзэфа (з роду Дунін-Раецкіх) пабудавала палац (скончаны ў 1877), які існуе і цяпер. У 1885 пабудаваная вінакурня.

У канцы XIX стагодзьдзя сын Казімера й Юзэфы Ўладзіслаў Умястоўскі (1834—1905) аддаў сядзібу пад навуковую базу Віленскаму ўнівэрсытэту.

Падчас нямецкай акупацыі ў ходзе Першай сусьветнай вайны, у 1914 року ў сядзібе немцы стварылі здраўніцу для параненых жаўнераў.

За савецкім часам у палацы разьмяшчалася саўгаснае праўленьне.

Захаваліся палац, гаспадарчыя пабудовы, бровар (1885), парк. Пляніровачнае ядро ансамблю — мураваны палац і дзьве сымэтрычна пастаўленыя афіцыны, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтральную алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883).

Палац

Палац пабудаваны паводле аналёгіі з варшаўскай каралеўскай рэзыдэнцыяй XVIII стагодзьдзя «Лазенкі», імаверна, паводле праекту архітэктара Л. Марконі. Т-падобны ў пляне двухпавярховы будынак строга сымэтрычнай кампазыцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры галоўнага фасаду лёджыя з калянадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага — чатырохкалённы портык з трыкутным франтонам і трыгліфным фрызам. Па баках лёджыі галоўнага фасаду прастакутныя ўваходныя праёмы з бальконамі над імі. З тарцовых бакоў выступаюць нізкія прыбудовы з адкрытымі тэрасамі. У рашэньні фасадаў выкарыстаныя карынфскі ордар, канеліраваныя пілястры якога крапуюць прасьценкі прастакутных аконных праёмаў у прафіляваных ліштвах. Аб’ём апяразаны балюстрадамі. Пляніроўка анфілядна-калідорная з квадратнай заляй у цэнтры, у якой зьбераглася кафляная печ XVIII стагодзьдзя. Інтэр’еры мелі паркетную падлогу, мармуровыя каміны, сьценавыя панэлі. Палац быў абстаўлены мэбляй, створанай мясцовымі майстрамі. Пад будынкам скляпеністыя сутарэньні.

Гаспадарчыя пабудовы

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Сьвіран
Лядоўня

З гаспадарчых пабудоваў захаваліся мураваныя склеп, стайня, млын, сьвіран (пабудаваны ў пачатку XIX стагодзьдзя ў традыцыях народнага дойлідзтва) — аднапавярховы прастакутны ў пляне будынак з арачнай галерэяй на галоўным фасадзе, накрыты двухсхільным дахам.

Парк пэйзажнага тыпу (плошча каля 7 га) высаджаны ў 1883 року францускім садоўнікам Джэймзам, запрошаным з маёнтку Тышкевічаў у Верках з-пад Вільні. Падзелены ракой на две часткі: рэгулярна-парадную вакол палацу і пэйзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сыбірскі, клён вастралісты Швэдлера, бяроза далекарлійская, ясень пэнсыльванскі й інш.

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  413Г000296

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]