Перайсьці да зьместу

Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў (Сьмілавічы)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў
Вежа старога палацу Манюшкаў
Вежа старога палацу Манюшкаў
Краіна Беларусь
Мястэчка Сьмілавічы
Каардынаты 53°45′00.10″ пн. ш. 28°01′00.15″ у. д. / 53.750028° пн. ш. 28.0167083° у. д. / 53.750028; 28.0167083Каардынаты: 53°45′00.10″ пн. ш. 28°01′00.15″ у. д. / 53.750028° пн. ш. 28.0167083° у. д. / 53.750028; 28.0167083
Архітэктурны стыль нэаготыка
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў на мапе Беларусі
Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў
Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў
Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў
Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў на Вікісховішчы

Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва ХІХ — пачатку ХХ стагодзьзяў у Сьмілавічах. Знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы мястэчка, на беразе ракі Волмы. Твор рэтраспэктыўна-гатычнага і нэагатычнага стылявых кірункаў з элемэнтамі мадэрну. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Складаецца з двух палацаў, флігеляў, парку пэйзажнага тыпу з брамай і гаспадарчых пабудоваў.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Налева — тыльны фасад новага палаца, направа — галоўны фасад старога палаца, 1907 г.

У XVI ст. на месцы палацава-паркавага комплексу існаваў замак. У розныя часы маёнтак Сьмілавічы належаў Кезгайлам, Сапегам, Завішам. У ХVIII ст. ён перайшоў у валоданьне гетмана вялікага Міхала Казіміра Агінскага (1730—1800). У 1791 годзе маёнтак стаў уладаньнем Манюшкаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палацава-паркавы комплекс сфармаваўся ў XIX — пачатку ХХ ст. Будаваньне старога палаца вялося ў пачатку XIX ст. Станіславам Манюшкам (дзедам вядомага кампазытара) і яго сынамі. Казімер Манюшка заклаў батанічны і пладовы сады. Будаваньне комплексу скончыў Лявон Ваньковіч, жанаты з Паўлінай Манюшкай.

У 1900 годзе да паўночна-ўсходняга крыла корпуса старога палаца зрабілі 2-павярховую прыбудову з драўлянай галерэяй на другім паверсе. У 1900-я гады да старога прыбудавалі новы палац.

За савецкім часам у будынку новага палаца разьмясьціўся сельскагаспадарчы каледж, а старэйшую частку палаца, збудаваную Станіславам Манюшкам, занядбалі.

У 1973 годзе паводле праекта рэканструкцыі (Беларускі навукова-дасьледчы і праектны інстытут па будаўніцтве ў вёсцы) да ўвахода ў новы корпус прыбудавалі вэстыбюль з гардэробам, з усходняга боку — лесьвічную клетку.

Паркавая прысада

Палац складаецца з 2 мураваных карпусоў (старога і новага палацаў), збудаваных у розны час і аб’яднаных паміж сабой невялікім аб’ёмам, у якім месьцілася аранжарэя. Палац меў багаты архіў (зьберагліся дакумэнты Агінскіх, Манюшкаў, Ваньковічаў) і карцінную галерэю, у складзе якой быў вядомы партрэт Адама Міцкевіча (мастак Валенці Ваньковіч). Цяпер ён захоўваецца ў Варшаве, у Нацыянальным музэі.

Стары палац — помнік архітэктуры рэтраспэктыўнай готыкі. Гэта прастакутны ў пляне 2-павярховы будынак, накрыты 2-схільным дахам. Фасады падзяляюцца міжпавярховым карнізам. З боку галоўнага фасада да будынка далучаецца магутная, квадратная ў пляне 3-павярховая вежа, завершаная зубцамі. Ніжні ярус вежы, дзе месьціцца ўваход, апрацоўваецца рустам. Вокны маюць маляўнічае абрамленьне.

Плян анфіладны. Перакрыцьці роўныя, з выняткам некалькіх памяшканьняў на першым паверсе, якія маюць цыліндрычныя скляпеньні з распалубкамі. У вежы разьмяшчаюцца 3-маршавыя сходы.

Новы палац — помнік архітэктуры нэаготыкі з элемэнтамі стылю мадэрн. Будынак у пляне выцягнуты, асымэтрычны, ускладнены 5-граннымі эркерамі. Уваход разьмяшчаецца ў заходняй частцы, вылучаецца 3-павярховым рызалітам, з бакоў якога ўзвышаюцца дзьве гранёныя невялікія вежы, завершаныя невысокімі шатрамі і шпілямі.

Інтэр’ер палаца аздабляўся размалёўкай.

Парк пэйзажнага тыпу. Плошча каля 3 га. Утварае суцэльны дрэвавы масіў, у складзе якога трапляюцца каштоўныя экзоты — хвоя вэймутава, лістоўніца эўрапэйская, шаўкоўніца белая ды іншыя, растуць інтрадуцэнты — тсуга канадзкая, елка блакітная, піхта аднаколерная, клён блакітны, аморфа кустарнікавая ды іншыя. Тут знаходзяцца Сьмілавіцкія хвоі — два дрэвы хвоі чорнай векам каля 100 гадоў. Дрэвавыя экзоты — каштоўныя дэкаратыўныя і матачныя расьліны[1].

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 5: Стаўраструм ― Яшчур / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 5: Стаўраструм ― Яшчур / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 581 с.
  • Федорук А. Т. Старинные усадьбы Минского края. — Минск: Полифакт, 2000.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  613Д000652