Ніна Загорская
Ніна Загорская | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзілася | 16 ліпеня 1940 (84 гады) |
Дзеці | Уладзімер Лапата-Загорскі |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэтка |
Узнагароды |
Ніна Сымонаўна Загорская (16 ліпеня 1940, в. Загор’е, Баранавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць) — беларуская паэтка, крытык, перакладчык.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася 16 ліпеня 1940 году ў в. Загор’е Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці ў сялянскай сям’і. Бацька, Сямён Кляменцьевіч, удзельнік нямецка-савецкай вайны, і маці, Зінаіда Сідараўна, працавалі ў калгасе. Ніна вучылася ў Загорскай пачатковай школе, потым — у Сталавіцкай сярэдняй школе, якую закончыла з залатым медалём[1].
У 1962 годзе скончыла аддзяленьне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Дзесяць гадоў працавала старшым рэдактарам на Берасьцейскай студыі тэлебачаньня. У 1973 годзе накіравана на працу адказным сакратаром у рэдакцыю газэты «Зорька».
У 1974 годзе скончыла Менскую вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ. З 1976 году — адказны сакратар рэдакцыі літаратурна-драматычных перадач Беларускага радыё, з 1980 году — намесьнік галоўнага рэдактара літаратурна-драматычных праграмаў Беларускага тэлебачаньня, з 1981 году — загадчык аддзелу навукі і мастацтва часопісу «Полымя», з 1982 году — галоўны рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР.
Працавала дацэнтам катэдры тэатральнай творчасьці Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў. З 2006 году працавала ў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі.
Сябра Саюзу журналістаў БССР з 1965 году, Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1982 году, Саюзу тэатральных дзеячаў Беларусі з 1986 году.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У друку выступае з 1958 году. Аўтар зборнікаў вершаў «Радар» (1975), «Явар» (1982), «Мне добра з вамі» (1989).
Творчасьці Загорскай уласьцівы лірыка-філязофскае сьветаразуменьне, актуальнасьць і сацыяльная скіраванасьць тэматыкі. Асобныя вершы Н. С. Загорскай пакладзеныя на музыку: «Расстаньне», «Што табе дарыць», «Ападалі пялёсткі», «Урачысты кант», «Ружы заставы Кіжаватава», «Паўлюк Багрым».
Пераклала на беларускую мову кнігу апавяданьняў Х. Гюльназарана «Калі я быў маленькі» (1986), драматычную паэму Л. Украінкі «Апантаная» (1989), дакумэнтальную драму С. Віеса і Ю. Бабрыша «Райніс і Аспазія» (1989, пастаўлена ў 1990). Перакладала на беларускую мову вершы армянскіх, летувіскіх, расейскіх і іншых паэтаў.
Укладала кнігі драматургіі «Крок у бессмяротнасьць» (1984; з А. Селязнёвай), «Крынічка» (1985), «Галоўны экзамен» (1987), «Каля роднай хаты» (1987), «І засталася каса ў пракосе…» (1988), «Чалавек на зямлі — гаспадар» (1989), «Радзіма мая дарагая» (1989), «Салют» (1990), «Ці будзе вясельле» (1992), «Сінязорка» (1995).
У перыёдыцы друкаваліся рэцэнзіі Загорскай на кнігі паэзіі Г. Бураўкіна, М. Лужаніна, П. Панчанкі, М. Танка, Я. Янішчыц і іншых. Пісала нарысы пра настаўнікаў, урачоў, пра лепшыя калгасы і саўгасы рэспублікі.
Прымала ўдзел у распрацоўцы дзяржаўных праграм да 500-годьдзя зь дня нараджэньня Францыска Скарыны, да 100-годьдзя зь дня нараджэньня Максіма Багдановіча, да 180-годьдзя зь дня нараджэньня Паўлюка Багрыма. Была членам праўленьня Беларускага аддзяленьня Міжнароднага фонду славянскага пісьменства і культуры.
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мне добра з вамі : вершы і паэмы. — Менск, Мастацкая літаратура, 1989. — 190 с.
- Явар : вершы. — Менск, Мастацкая літаратура, 1982. — 79 с.
- Радар : вершы. — Менск, Мастацкая лiтаратура, 1975. — 46 с.
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Муж — Мікалай Лапата. Мае двух сыноў: Аляксандар Лапата-Загорскі, Уладзімер Лапата-Загорскі (1968 г.н.), беларускі дыплямат. У старэйшага, Аляксандра, ёсьць сын Антон Міхайлоўскі і дачка Ксенія Парфянюк. Ва Уладзімера ёсьць сын Ігнат і дачка Юсьціна Лапата-Загорскія.
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Заслужаны работнік культуры Беларусі (1992),
- прэмія Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэньне» (2004),
- ордэн Сьвятой Раўнаапостальнай княгіні Вольгі.