Найвышэйшая Літоўская Рада
Найвышэйшая Літоўская Рада — часовы рэвалюцыйны ўрад, орган найвышэйшай выканаўчай улады Вялікага Княства Літоўскага падчас Паўстаньня 1794 году. Дзейнічала з 24 красавіка да 11 чэрвеня 1794 году ў Вільні.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найвышэйшая Літоўская Рада была ўтвораная ў Вільні 24 красавіка 1794 году пасьля перамогі там паўстаньня. Асобы, якія ўвайшлі ў склад Рады, асобным Актам Паўстаньня Літоўскага Народу ўрачыста прысягнулі на абарону сваю і Айчыны. Акт аб пачатку паўстаньня ў ВКЛ быў зачытаны Ежы Белапятровічам у той самы дзень на гарадзкім рынку ў Вільні.
Таксама 24 красавіка Рада выдала Маніфэст пра далучэньне да паўстаньня ў Польшчы, заклікаючы зброяй здабываць свабоду і грамадзянскую роўнасьць.[1]
Рада складалася з чатырох дэпутацыяў:
- Крымінальны суд (займаўся караньнем здраднікаў Айчыны);
- Дэпутацыя забесьпячэньня (займаўся патрэбамі паўстаньня);
- Дэпутацыя публічнай бясьпекі (займалася прадухіленьнем перашкодаў паўстаньню);
- Дэпутацыя публічнага скарбу (заведвала публічным скарбам і выконвала ўскладзеныя правам на скарбавую камісію абавязкі).
Упаўнаважаным друкаваным сродкам Рады была газэта «Gazeta Narodowa Wileńska».
Найвышэйшая Літоўская Рада імкнулася весьці незалежную літоўскую нацыянальную палітыку, што прывяло да паступовага расчараваньня паўстанцаў. Якуб Ясінскі, які 3 траўня быў прызначаны Радай камэндантам арміі ВКЛ (то бок стаяў на чале збройных сілаў паўстанцаў)[2], меў рэвалюцыйную праграму і намер аднавіць дзяржаўную незалежнасьць Вялікага Княства Літоўскага.[3] З-за адсутнасьці адзінства ў паўстанцкім кіраўніцтве напалоханы радыкалізмам Ясінскага Касьцюшка адхіліў яго ад камандаваньня. Найвышэйшая Літоўская Рада была абвінавачаная ў сэпаратызьме і распушчаная.[2] Гэта аслабіла паўстаньне, якое на той момант ужо згасала, і ў выніку чаго расейскія войскі ў жніўні занялі Вільню.[3]
Склад Рады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У склад Рады ўваходзілі наступныя асобы:
- ваявода наваградзкі Юзэф Несялоўскі;
- харунжы віленскі Антоні Тызэнгаўз;
- прэзыдэнт Вільні Бэнэдыкт Марыконі;
- пісар вялікі літоўскі Станіслаў Мірскі;
- стараста менскі Міхал Геранім Бжастоўскі;
- войскі лідзкі Дамінік Нарбут;
- стараста вялейскі Юзаф Пац;
- канюшы вялікі літоўскі Міхал Грабоўскі;
- падкаморы рэчыцкі Станіслаў Валовіч;
- экс-харунжы літоўскі Тамаш Ваўжэцкі;
- маршалак аршанскі Мікалай Храпавіцкі;
- войскі віленскі Валенці Гарэцкі;
- харунжы упіцкі Бэнэдыкт Карп;
- маршалак упіцкі Міхаіл Страшэвіч;
- палкоўнік войскаў ВКЛ Юзэф Коцел;
- харунжы Шавельскага павету Каэтан Нагурскі;
- падкаморы прэнскі Шымон Вішнеўскі;
- экс-пісар вайсковы Мікалай Мараўскі;
- войскі прэнскі Тадэвуш Высагерд;
- экс-пісар літоўскі Алёйзы Сулістроўскі;
- палкоўнік войскаў літоўскіх Самуэль Корсак;
- экс-стражнік літоўскі Ігнаці Гелгуд;
- рэктар віленскай акадэміі Мартын Пачобут;
- архідзякан смаленскі Міхаіл Карповіч;
- пісар вайсковы літоўскі Ежы Белапятровіч;
- генэрал-маёр войскаў літоўскіх Антон Хлявінскі;
- генэрал-маёр войскаў літоўскіх Рамуальд Гедройц;
- палкоўнік інжынэраў і камэндант Вільні Якуб Ясінскі;
- віцэ-прэзыдэнт Вільні Антоні Лахніцкі.[4]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Лідчына ў паўстанні 1794 года // Лідскі Летапісец. № 25—26.
- ^ а б Імёны Свабоды: Якуб Ясінскі (24.7.1761 — 4.11.1794) // Радыё Свабода, 26 ліпеня 2006 г.
- ^ а б 1794. Паўстанне Тадэвуша Касцюшкі // Уладзімер Арлоў, Генадзь Сагановіч. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997 г.
- ^ 25 красавіка 1794 г. Універсал у ваяводствы, паветы і вольныя месцы ВКЛ аб пачатку дзейнасці вярхоўнага кіраўніцтва паўстаннем // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь