Маргарыта Наварская
Маргарыта дэ Навара | |
франц. Marguerite de Navarre | |
Партрэт работы Жана Клюэ (к. 1530) | |
каралева Наварская | |
---|---|
24 студзеня 1527 — 21 сьнежня 1549 | |
герцагіня Бэрыйская | |
11 кастрычніка 1517 — 21 сьнежня 1549 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзілася: |
11 красавіка 1492 Ангулем |
Памерла: |
21 сьнежня 1549 (57 гадоў) Адос |
Сужэнец: | Генрых II Наварскі[d][1] і Карл IV (герцаг Алянсону)[d][1] |
Дзеці: | Жанна д’Альбрэ |
Бацька: | Карл Ангулемскі |
Маці: | Люіза Савойская |
Род: | Ангулемская галіна Валюа |
Маргарыта Нава́рская (па-француску: Marguerite de Navarre), таксама вядомая як Маргарыта дэ Валюа (франц. Marguerite de Valois), Маргарыта Ангулемская (франц. Marguerite d’Angoulême) і Маргарыта Француская (франц. Marguerite de France; 11 красавіка 1492, Ангулем — 21 сьнежня 1549, Адос ля Тарбу) — француская прынцэса, сястра караля Францыска I, адна зь першых жанчын-пісьменьніц Францыі.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіла з Ангулемскай галіны дынастыі Валюа. Сястра францускага караля Францыска I Валюа. У 1509 стала жонкай прынца крыві герцага Карла IV Алянсонскага, памерлага неўзабаве пасьля бітвы пад Павіяй, а ў 1527 року выйшла паўторна за Генрыха д’Альбрэ, караля Наварскага. Зь ім мела дачку Жанну.
Маргарыта Наварская ўсё жыцьцё вылучалася вялікай адданасьцю свайму брату, езьдзіла ў Мадрыд клапаціцца пра ягонае вызваленьне пасьля паразы пад Павіяй.
Значны ўплыў на ейны сьветапогляд аказалі пратэстанты Ляфеўр д’Этапль і біскуп Мо Гіём Брысанэ, зь якім Маргарыта падтрымлівала ліставаньне. Двор Маргарыты быў істотным цэнтрам францускага гуманізму.
Маргарыта Наварская апекавалася Гіёмам Бюдэ, Клеманам Маро, Банавэнцюр Дэпэр’ё й іншымі літаратарамі. Сама яна ведала лаціну (магчыма, і грэцкую мову) і аказвала вялікі ўплыў на многіх выбітных асобаў таго чаму.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Двор Маргарыты ў месьце Нэраку быў адным з цэнтраў літаратуры, навукі і мастацтва Заходняй Эўропы. Выдатна адукаваная, адораная паэтычнымі здольнасьцямі, каралева прыцягвала да сябе паэтаў розных школаў, гуманістаў і вальнадумцаў, перасьледваных Царквою. Ейным заступніцтвам і гасьціннасьцю карысталіся сьветачы эўрапейскага Адраджэньня — Клеман Маро, Банавэнцюр Дэпэр’ё, Эразм Ратэрдамскі.
Пры двары Маргарыты быў зьдзейсьнены пераклад з лаціны кнігі «Дзеі данаў» Саксона Граматыка, у якой знаходзіцца аповед пра Гамлета, прынца дацкага, якім скарыстаўся Ўільям Шэксьпір для стварэньня сваёй п’есы.
Творы Маргарыты Наварскай адлюстроўваюць характэрны для яе напружаны рэлігійна-этычны пошук і спалучаюць мэдытацыйнасьць, а часам і містыцызм з пэўнай сухасьцю стылю. Рэзкае адмаўленьне з боку Сарбоны выклікала паэма «Люстэрка грэшнай душы» (Le Miroir de l’ame pecheresse, 1531), у якой знайшоў адбітак лютэранскі тэзіс пра апраўданьне верай; версыфікацыя паэмы нагадвае пра традыцыі Пэтраркі. Адгалоскі дыскусіяй між Эразмам і Лютэрам пра свабоду волі чутныя ў «Дыялёгу ў форме начнога відзежу» (Dialogue en forme de vision nocturne, 1524, апубл. 1533). Скону Францыска I прысьвечаная насычаная рэмінісцэнцыямі з апостала Паўла і Плятона паэма «Карабель» (Le Navire, 1547). Сярод іншых сачыненьняў: «Камэдыя, зыграная ў Мон-дэ-Марсане» (La Comédie de Mont-de-Marsan, 1548); ліставаньне з братам і іншымі асобамі (апублікаваная ў 1841). Нават фарс «Хворы» (Le Malade, 1535—1536) сканчаецца ў духу просталінейнага рэлігійнага настаўленьня. Бо́льшая частка вершаў Маргарыты ўвайшла ў склад зборніку «Маргарыткі прынцэсы Маргарыты» (Marguerites de la Marguerite des princesses, 1547).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Lefranc A. Les idees réligieuses de Marguerite de Navarre d’apres son oeuvre poétique. — P.: 1898.
- Jourda P. Margueite d’Angoulême, duchesse d’Alencon, reine de Navarre. — P.: 1930.
- Febvre L. Amour sacré, amour profane. Autour de l’Heptameron. — P.: 1944.
- Cazauran N. L’Heptameron de Marguerite de Navarre. — P.: 1991.
- Nicole Toussaint du Wast, Marguerite de Navarre, perle des Valois, Paris, Max Fourny, 1976.
- Mary Duclaux, Mary James Darmesteter. La Reine de Navarre, Marguerite d’Angoulême, trad. de l’anglais par Pierre Mercieux, Paris, Calmann-Lévy, 1900
- Jean-Luc Déjean, Marguerite de Navarre, Paris, Fayard, 1987
- Verdun-Louis Saulnier, "Marguerite de Navarre : Art médiéval et pensée nouvelle", Revue Universitaire, LXIII, 1954
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 11 красавіка
- Нарадзіліся ў 1492 годзе
- Памерлі 21 сьнежня
- Памерлі ў 1549 годзе
- Нарадзіліся ў Ангулеме
- Памерлі ў Верхніх Пірэнэях
- Валюа
- Прынцэсы крыві
- Каралевы Наварскія
- Францускія літаратаркі
- Францускія паэткі
- Жанчыны эпохі Адраджэньня
- Рэнэсансныя гуманісты
- Графіні Фуа
- Герцагіні Аленсону
- Пахаваныя ў Лескарскай катэдры