Перайсьці да зьместу

Лешэк Дунін-Баркоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Герб графаў Дуніных-Баркоўскіх

Алякса́ндар (Ле́шэк) Фэрдынанд Ду́нін-Барко́ўскі гербу Лебедзь[1] (па-польску: Aleksander (Leszek) Dunin-Borkowski, 11 студзеня 1811, вёска Гарадок(uk), цяпер Залешчыцкі раён, Тарнопальская вобласьць30 лістапада 1896, Львоў) — польскі публіцыст, палітычны дзяяч.

Нарадзіўся ў багатай шляхецкай сям’і. Атрымаў хатняе выхаваньне. Пазьней разам са старэйшым братам Юзэфам навучаўся ў львоўскай гімназіі.

Даведаўшыся пра пачатак паўстаньня 1830—1831, браты накіраваліся ў Польшчу. Лешэк прымаў удзел у паўстаньні ў чыне падпаручніка, быў ад’ютантам генэрала Яна Крукавецкага. У бітве пад Радамам быў паранены.

Пасьля сканчэньня паўстаньня пражываў у Караляўцы, дзе вывучаў санскрыт. Вярнуўшыся ў Львоў, распачаў актыўную літаратурную дзейнасьць.

Падчас вясны народаў у 1848 року — адзін з кіраўнікоў львоўскага Нацыянальнага камітэту(pl), рэдактар ліста імпэратару Фэрдынанду I, у якім былі выкладзеныя патрабаваньні палякаў[2]. Па сканчэньні рэвалюцыі нейкі час пражываў у Дрэздэне і Познані.

З 1850 року зноў у Галіччыне, але цягам дзесяці гадоў не праяўляў грамадзкае актыўнасьці. Пасьля прызнаньня аўтаноміі Галіччыны(pl) вярнуўся да публіцыстычнай і палітычнай дзейнасьці. Дэпутат Галіцкага сойму(pl) (1861—1872). Ініцыятар стварэньня і прэзыдэнт (1867—1884) Кракаўскага таварыства заахвочваньня мастакоў.

Пісаў аповесьці, публіцыстычныя артыкулы, перакладаў зь некалькіх моваў.

Найлепшай з працаў стала нізка сатырычных фэльетонаў «Parafiańszczyzna», першы зь якіх апублікаваны 1 сакавіка 1843 ў «Часопісе парыскіх мод»(pl). У 1843 року выдаў ва Ўроцлаве I том «Parafiańszczyzny», у 1849 року ў Познані выйшаў II том. Кніга асуджала найвышэйшыя слаі галіцыйскага грамадзтва. Ужо пасьля выхаду першага тому ў Галіччыне выбухнуў вялізны літаратурны скандал. Рэакцыя каталіцкага духавенства была настолькі рэзкаю, што ў другім томе Баркоўскі больш не закранаў «набожную» тэматыку.

Сярод іншых твораў: «Kozak», «Orły z Herburtów» (1838), «Niepowieści i nierozprawy» (1846), «Cymbalada» (1845, 1848)[3].

Увайшоў у гісторыю польска-ўкраінскіх і польска-расейкіх стасункаў сваім афарызмам (1861): «Niema Rusi — jest Moskwa i Polska!»[4][5][6][7][8][9]. Гэты афарызм ляканічна выказаў погляды тае (даволі значнай) часткі эўрапейскай[10] і асабліва польскай інтэлігенцыі, якая «прымала як нешта цьвёрда ўсталяванае» тэорыю[11][12][13] Францыска Духінскага і падзяляла ягоныя погляды на неабходнасьць адзінства «арыйскіх» Польшчы й Русі (Украіны) супраць «туранскай» Масквы (Масковіі).

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. Aleksander Leszek Ferdynand hr. Dunin-Borkowski z Borkowic h. Łabędź (пол.)
  2. Ф. И. Свистун. Прикарпатская Русь подъ владѣниемъ Австріи. Часть первая. Львов, 1895. — Стр. 257—259.
  3. Borkowski Dunin Leszek (пол.)
  4. Jacek Kloczkowski. Jak rozwiązać spór polsko — ukraiński? (пол.)
  5. Ф. И. Свистун. Прикарпатская Русь подъ владѣниемъ Австріи. Часть вторая (1850—1895). Львов, 1896. — Стр. 155.
  6. Іван Франко. Українська література в 1904 році (укр.)
  7. Микола Легкий. Чотири маловідомі праці Івана Франка. Українське літературознавство. Зб. наук. праць, 2006, вип. 68, с. 366—399
  8. Иван Франко. Южнорусская литература (рас.)
  9. Дідицький Богдан (Феодосій) Андрійович (укр.)
  10. Н. Я. Данилевский. Россия и Европа.
  11. В. М—н. Духинский (Франциск). (ЭСБЭ) (рас.)
  12. Іван Лисяк-Рудницький. Францішек Духінський та його вплив на українську політичну думку (укр.)
  13. Ф. И. Свистун. Прикарпатская Русь подъ владѣниемъ Австріи. Часть вторая (1850—1895). Львов, 1896. — Стр. 105

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]