Францішак Генрык Духінскі
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Духінскі.
Францішак Генрык Духінскі | |
Franciszek Henryk Duchiński | |
Дата нараджэньня | 1816[1][2][3][…] |
---|---|
Месца нараджэньня | Кіеўская губэрня |
Дата сьмерці | 13 ліпеня 1893[1] |
Месца сьмерці | Парыж |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | Кіеўскі ўнівэрсытэт |
Занятак | гісторык, журналіст, настаўнік, этнограф, публіцыст |
Навуковая сфэра | гісторыя, этнаграфія |
Франці́шак Ге́нрык Духі́нскі (па-польску: Franciszek Henryk Duchiński, 1816, Кіеўская губэрня, Расейская імпэрыя — 13 ліпеня 1893) — польскі этнограф і гісторык, віцэ-прэзыдэнт парыскага этнаграфічнага таварыства[4], сябра Société d’anthropologie de Paris і Société de géographie[5], адзін з заснавальнікаў[6] і сакратар[4] Società per l’alleanza Italo-Slava (Турын, 1849)[6][7].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Правабярэжнай Украіне ва ўкраінска-польскай сям’і. Наведваў кармэліцкую школу ў Бярдычаве[8], ад 1834 навучаўся ў Кіеўскім унівэрсытэце.
З гэтай пары заняўся дасьледаваньнем расавай ідэнтычнасьці расейцаў. Першыя працы на польскай і расейскай мовах адносіліся да пытаньня пра першапачатковыя стасункі між Расеяй і Польшчай.
Вышукваны паліцыяй, у 1846 Духінскі эміграваў у Парыж, дзе зблізіўся з князем Адамам Чартарыскім і атрымаў магчымасьць публікавацца ў ягоным лістку «Trzeci Maj». Быў прафэсарам польскай школы ў Парыжы, выкладаў у Гістарычна-літаратурным таварыстве.
У часе Вясны народаў у Італіі ў 1848 далучыўся да Італійскага легіёну генэрала Уладыслава Замойскага, дзе разгарнуў антырасейскую прапагандысцкую дзейнасьць. У 1849 року ў Турыне заснаваў «Società per l’Allianza Italo-Slava».
Разам з генэралам Замойскім выехаў у Турэччыну, дзе працягнуў сваю прапагандысцкую дзейнасьць, спадзеючыся на непазьбежны выбух расейска-турэцкай вайны. У часе Крымскай вайны быў дакладчыкам у аліянцкіх лягерох на Крыме. Прачытаў для францускіх, брытанскіх і турэцкіх жаўнераў сэрыю лекцый пра шматвекавую барацьбу цывілізацый Польшчы і Русі з Маскоўскай дзяржавай.
Пасьля дзейнічаў у Лёндане, дзе выдаў сваю працу «Палякі ў Турэччыне». У 1860—1864 ізноў у Парыжы, разгарнуў актыўную публіцыстычную дзейнасьць па падрыве расейскага панславізму. Стаў віцэ-старшынём Францускага этнаграфічнага таварыства, абраны сябрам некалькіх іншых навуковых таварыстваў (антрапалягічнага, геаграфічнага і азіятычнага). Дзякуючы свайму ўплыву дабіўся выключэньня з францускай школьнай праграмы гісторыі Русі як часткі гісторыі Вялікага княства Маскоўскага. Выкладаў гісторыю ў польскай школе на Манпарнасе.
У 1871 у выніку збліжэньня Францыі й Расеі быў змушаны пераехаць у швайцарскую Арговію. Рэдагаваў там Révue historique, éthnographique et statistique, адно з найіістотнейшых выданьняў сусьветнай этналёгіі. У 1872 стаў захавальнікам Нацыянальнага польскага музэю ў Рапэрсьвілі. У 1875 падчас прыезду ў Каралеўства Галіцыі і Лядамэрыі заснаваў у Кракаве «Przegląd Etnograficzny».
Пахаваны ў Манмарансі (Валь-д’Ўаз, Францыя).
Жонка[6] — Севярына Духінская (1815—1905), польская пісьменьніца[9], сяброўка Société d’anthropologie de Paris і Société de géographie[10].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Быў стваральнікам спрэчнай тэорыі пра неславянскае і нават не арыйскае, а гэтак званае туранскае (мангольскае) паходжаньне расейцаў, якіх паводле прынятай тады звычкі называў маскалямі. Саманазва рускія, прысабечаная маскалямі, на ягоную думку, па праве належыць толькі маларосам і беларусам, блізкім да палякаў паводле паходжаньня.
Мова, якой у цяперашні час размаўляюць маскалі, ёсьць штучна запазычаная і перакручаная імі царкоўнаславянская, якая замяніла нейкую народную туранскую мову. У доказ «туранства» маскалёў Духінскі прыводзіць аўтакратычную форму ўраду («парат»), нібыта неўласьцівую арыйскім плямёнам; існаваньне «камунізму» (у той час як арыйцаў вылучае індывідуальная ўласнасьць); схільнасьць да вандраваньняў, нібыта ўласьцівую для ўсіх туранцаў; нарэшце, слабое разьвіцьцё між маскальскага племені местаў і мескага жыцьця.
Натуральная, паводле Духінскага, мяжа туранскага племені — Дняпро, Дзьвіна і «рэчкі Фінляндыі». Прагнуў заключэньня польска-літоўскай уніі як прыхільнік адбудовы Кіеўскай Русі.
Цікавасьць арыйскай Эўропы патрабуе аднаўленьня славянскай польскай дзяржавы, якая б ахапіла роднасныя плямёны маларусаў і беларусаў і паслужыла б для Заходняй Эўропы апірышчам ад туранскае моцы маскалёў.
Вучэньне Духінскага, якое адпавядала ўкаранёнай тады сярод палякаў ідэі пра «абранасьць» польскага народу, было ўспрынятае большасьцю польскай інтэлігенцыі з захапленьнем. Прыхільнікі тэорыі ўхвалялі ягоны вялізны ўнёсак у пачатак навуковай дыскусіі пра адрознасьць гісторыі Кіеўскай Русі і Маскоўскай дзяржавы[11], а людзі, якія болей сьвядома ставіліся да праблемы, не заўжды мелі мажлівасьць выказаць уласную думку.
Несумненна, публіцыстычная дзейнасьць Духінскага стала прычынаю неахвотнага ўспрыняцьця на Захадзе прасоўванай Расейскай імпэрыяй ідэі панславізму. Ягоная тэорыя пэўны час упрымалася значнай часткаю заходнеэўрапейскай літаратуры як нешта цьвёрда ўсталяванае. Так, францускі гісторык Анры Мартэн пад ейным уплывам склаў адзін з найзначнейшых сваіх твораў «La Russie et l `Europe», дзе багата цытаваў прыведзеныя ў працах Духінскага крыніцы па гісторыі Расеі. Працягнуў разьвіцьцё ідэі Францішка Духінскага іншы польскі навуковец Фэлікс Канечны.
Пра тэзы Духінскага ў адным зь лістоў ухвальна выказаўся Карл Маркс; пазьней ён заўжды называў думку Духінскага памылковай[12]. Насамрэч, аднак, тэорыя Духінскага ўяўляла сабою адно імкненьне увасобіць у форме навуковай сыстэмы палітычныя мроі і пачуцьці польскай эміграцыі.
Паступова аўтарытэт тэорыі спадаў, і ў польскім грамадзтве гучнелі галасы крытыкаў. У 1886 року прафэсар Дэрпцкага ўнівэрсытэту Ян Бадуэн де Куртэнэ выдаў у Кракаве брашуру «Z роwodu jubileuszu profesora Duchińskiego», у якой адмаўляў за тэорыяй Духінскага будзь-якое навуковае значэньне і прызнаваў «сьвяткаваньне народам юбілею пана Духінскага юбілеем хранічнай патрыятычнай аблуды».
Асноўныя працы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Zasady dziejów Polski i innych krajów słowiańskich» (П., 1858—61);
- «Polacy w Turcyi» (Л., 1858),
- «Treść lekcyi historyi polskiéj wykładanych w Paryży» (П., 1860);
- «Pologne et Ruthénie. Origines slaves» (П., 1861);
- «Dopełnienie do trzech cześći zasad dziejów etc.» (П., 1863);
- «Nécessité des réformes dans l’exposition de l’histoire des peuples Aryâs-Européens et Tourans» (П., 1864);
- «Peuples Aryâs et Tourans, agriculteurs et nomades» (1864).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Franciszek Henryk Duchiński // CERL Thesaurus (анг.) — Consortium of European Research Libraries.
- ^ Franciszek Henryk Duchiński // opac.vatlib.it (анг.)
- ^ Franciszek Henryk Duchiński // NUKAT — 2002.
- ^ а б Julian Bartoszewicz. Dzieła: Historja literatury polskiej potocznym sposobem opowiedziana. — Wyd. 2., powiększone. — Nakł. K. Bartoszewicza, 1877. — С. 295.
- ^ Duchinski Francizek (фр.). Le comité des travaux historiques et scientifiques (23 кастрычніка 2010). Праверана 21 студзеня 2013 г.
- ^ а б в Henri Francois Duchinski (анг.). The New York Times (01-08-1893). Праверана 23 лістапада 2011 г.
- ^ Franco Botta, Italo Garzia, Pasquale Guaragnella. Su iniziativa dello stesso Valerio il 7 marzo 1849 è creata a Torino la «Società per l’alleanza Italo-Slava» // La questione adriatica e l’allargamento dell’Unione Europea. — Milano: Franco Angeli, January 2007. — С. 33.
- ^ Wołodymyr Jerszow, Złoty wiek drukarstwa w Berdyczowie, 1990
- ^ Stefan Vrtel-Wierczyński. Bibliografia historyi literatury i krytyki literackiej polskiej za rok 1905. — Lwów: 1907. — С. 16.
- ^ Duchinska Séverine (фр.). Le comité des travaux historiques et scientifiques (23 кастрычніка 2010). Праверана 21 студзеня 2013 г.
- ^ Agaton Giller. O życiu i pracach Franciszka Henryka Duchińskiego kijowianina. — Lwów: 1885.
- ^ Маркс К., Энгельс Ф. Маркс — Энгельсу, 24 июня 1865, 7 августа 1866; Маркс — Людвигу Кугельману, 17 февраля 1870 // Сочинения. — 2-е изд. — М.: Издательство политической литературы, 1963. — Т. 31, 32. — С. 31/106, 107, 209, 32/541.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Духинский, Франциск // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (рас.). — СПб.: 1890—1907.
- Историк Духинский из Киева и его ученики из французских сенаторов / А. Краевский и С. Дудышкин // Отечественные записки : журнал учено-литературный и политический. — СПб.: 1864. — Т. CLV. — С. 426—448.
- Лисяк-Рудницький, Іван. Францішек Духінський та його вплив на українську політичну думку // Історичні есеї (укр.) Т. 1.
- A. G. O życiu i pracach F. H. Duchińskiego Kijowianina (пол.). — Lwów: Nakładem księgarni K. Lukaszewicza, 1885.
- J. Baudouin de Courtenay. Z powodu jubileuszu profesora Duchińskiego (пол.). — Kraków: 1886.