Ладзьдзя Роспачы (аповесьць)
Ладзьдзя Роспачы (аповесьць) | |
Ладзьдзя Роспачы | |
Аўтар: | Уладзімер Караткевіч |
---|---|
Мова арыгіналу: | беларуская |
Публікацыя: | 1968 |
«Ладзьдзя́ Ро́спачы» — аповесьць беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча.
Аповесьць была напісаная ў 1964 року на беларускай мове, аднак упершыню была надрукаваная ў № 2 часопісу «Нёман» за 1968 рок у перакладзе Васіля Сёмухі на расейскую мову (на 23 старонках рукапісу цэнзары зрабілі 296 правак) і толькі пазьней, у 1978 року, была выдадзеная на беларускай мове[1].
Аповесьць насычаная глыбокімі разважаньнямі над сэнсам жыцьця й лёсам роднае зямлі. У аповесьці выкарыстана шмат алегарычных сымбаляў. Так, сама Ладзьдзя Роспачы — гэта Беларусь, якая, пераадольваючы змрок забыцьця, бяспамяцтва й жахаў, уваскрасае й адраджаецца. Ад сьмерці й зьнікненьня яе ратуе Гервась Выліваха — жыцьцялюб, мастак, які не растаецца зь лютняй нават у царстве Сьмерці, абаронца людзей і шчыры патрыёт роднай зямлі. Уладзімер Караткевіч сьцьвярждае, што каханьне, цярпеньне, сьмех і жартаўлівасьць дазволілі беларускаму народу выстаяць у самых неспрыяльных умовах.
Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зьвярніце ўвагу: ніжэй раскрываюцца сюжэтныя павароты і / альбо канчатак твору. |
Галоўны герой легенды — «небагаты, але добрага роду шляхціч» Гервась Выліваха зь места Рагачоўскага, які бавіць час на вясёлых ігрышчах і ў любоўных прыгодах. Многія ашуканыя мужчыны былі незадаволеныя Вылівахам, але, на жаль, нічога не маглі зь ім зрабіць. І вось, калі свае землі аб’язджала Бона Сфорца, жонка Жыгімонта I Старога, яна завітала ў свой Рагачоўскі замак, дзе ўладары места зьвярнуліся да яе па дапамогу. Пасьля сустрэчы Вылівахі з Бонай Сфорцай да яго прыйшла Сьмерць і забрала з сабой у падземнае царства.
Экранізацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1987 року на кінастудыі «Беларусьфільм» выйшаў мультыплікацыйны фільм «Ладзьдзя Роспачы».