К’еці
К’еці | |||
| |||
Дата заснаваньня: | 1181 да н. э. | ||
Краіна: | Італія | ||
Плошча: |
| ||
Вышыня: | 330 м н. у. м. | ||
Насельніцтва: |
| ||
Тэлефонны код: | 0871 | ||
Паштовы індэкс: | 66100 | ||
Нумарны знак: | CH | ||
Геаграфічныя каардынаты: | 42°21′4.01″ пн. ш. 14°10′2.74″ у. д. / 42.3511139° пн. ш. 14.1674278° у. д.Каардынаты: 42°21′4.01″ пн. ш. 14°10′2.74″ у. д. / 42.3511139° пн. ш. 14.1674278° у. д. | ||
К’еці | |||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||
https://www.comune.chieti.it/ |
К’еці (па-італьянску: Chieti) — горад у Італіі, які месьціцца ў рэгіёне Абруцца, адміністрацыйны цэнтар аднайменнай правінцыі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]К’еці зважаецца адным з самых старажытных італьянскіх гарадоў. Паводле міталягічных легендаў, горад быў заснаваны паплечнікамі Ахіла і названы ў гонар ягонай маці Тэтыды. Іншыя традыцыі прыпісваюць заснаваньне места грэкам пасьля зьнішчэньня Троі, Гэраклу, а таксама каралеве пэлясгаў. Паводле Страбона, ён быў заснаваны аркадцамі[3]. На тэторыі сучаснага места жылі італійскае плямя маруцынаў. Рымляне сутыкнуліся з тубыльцамі падчас Першай самніцкай вайны ў 343—341 гады да н. э.[4]
Не зважаючы на тое, што маруцыны не далучыліся да Самніцкай лігі, яны падтрымалі марсаў за часам самніцкіх войнаў. Пасьля таго, як маруцыны былі разгромленыя рымлянамі, яны былі вымушаныя скарыцца ім. Першы пэрыяд рымскага панаваньня характарызаваўся адсутнасьцю палітычных правоў, але яны мелі мажлівасьць браць удзел на баку Рыму ў розных войнах. Маруцыны набылі рымскае грамадзянства, і іхняя тэрыторыя перайшла пад рымскую юрысдыкцыю пасьля Марсійскай вайны, падчас якой Гэрыюс Асыніюс, знакаміты вайскавод з Тэатэ, быў разьбіты і забіты[5]. У часы імпэрыі насельніцтва Тэатэ дасягала 60 тысячаў жыхароў. Тут зьявіўся форум, рымскі тэатар на 5 тысячаў месцаў і дыямэтрам блізу 80 мэтраў, амфітэатар на 4 тысячы гледачоў, аквэдук і тэрмы. Верагодна, хрысьціянства зьявілася ў горадзе рана. Паводле традыцыі, лічыцца, што Юстын К’еці быў адным зь першых біскупаў места[3].
З падзеньнем Заходняй Рымскай імпэрыі горад быў зруйнаваны вэстготамі і геруламі. Пасьля быў пад уладай остготаў і Бізантыйскай імпэрыі. Места было рэзыдэнцыяй гастальдаў пры лянгабардзкіх каралях, таму зноў набыў важнасьць. Пазьней, у 801 годзе, ён быў зьнішчаны Піпінам, сынам Карла Вялікага, і цягам двух стагодзьдзяў заставаўся ўладаньнем герцагаў Спалета. К’еці аднавіў некаторую палітычную і эканамічную значнасьць за часам нармандзкага панаваньня Паўднёвай Італіяй, і гэтую ролю захаваў і пры кіраўніках дынастыяў Гогэнштаўфэнаў, Анжу і Хімэнэсаў. Пры нарманах горад зноў быў заселены, а мясцовая катэдра перабудаваная ў 1069 годзе. У кастрычніку 1097 году ў К’еці папа Урбан II заклікаў да Першага крыжовага паходу і заваёвы Ерусаліму. Места таксама заставалася верным Манфрэду, які застаўся ў горадзе на каляды ў 1255 годзе, і Канрадыну з дынастыі Гогэнштаўфэнаў. У канцы XIII стагодзьдзя Карл I Анжуйскі павялічыў К’еці, пабудаваўшы новыя кварталы і пашырыўшы муры, адкрыўшы новую браму. У XIV стагодзьдзі катэдра была адрамантаваная. Сюды ж усталявалі званіцу. Места атрымала іншыя цэрквы, такія як Сан-Франчэска-аль-Корса, Санта-Марыя-дэльля-Чывітэльля, Сан-Дамэніка і Сант-Агастына.
У XVI стагодзьдзі К’еці падтрымліваў важныя эканамічныя дачыненьні з Вэнэцыяй, таму ў 1555 годзе тут было адкрытае консульства Вэнэцыянскай рэспублікі. Таксама ў гэтым і наступным стагодзьдзі ў месьце жылі шляхетныя і заможныя сем’і зь Лямбардыі. У першай палове XVI стагодзьдзя Джан П’етра Карафа, будучы папа Павал IV, быў біскупам і арцыбіскупам К’еці. У 1571 годзе К’еці браў удзел у бітве пры Лепанта супраць Асманскай імпэрыі. На пачатку XIX стагодзьдзя места пэўны час было пад францускай акупацыяй. Многія жыхары К’еці віталі Рысарджымэнта. У 1860 годзе Віктар Эмануіл II быў трыюмфальна прыняты ў К’еці, а ў 1861 годзе горад стаў часткай навастворанага Каралеўства Італіі[3]. У канцы стагодзьдзе места атрымала чыгуначнае злучэньне на шляху Рым—Сульмона—Пэскара. Горад быў электрафікаваны.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Superficie di Comuni Province e Regioni italiane al 9 ottobre 2011 — ISTAT.
- ^ https://demo.istat.it/?l=it
- ^ а б в Verlengia, Francesco (1950). «Guida storico artistica di Chieti». Chieti: C. Marchionne.
- ^ Bigi, Raffaele. «Storia». Visita Chieti.
- ^ Chisholm, Hugh, ed. (1911). «Teate Marrucinorum». Encyclopædia Britannica. Vol. 26 (11th ed.). Cambridge University Press. — С. 487.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйны сайт. (італ.)