Перайсьці да зьместу

Пётар Магіла

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Пятро Магіла»)
Пётар Магіла
рум. Petru Movilă (Петру Мовілэ)
Мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі

Адукацыя
Дзейнасьцьправаслаўны сьвятар
Нарадзіўся31 сьнежня 1596(1596-12-31)
Памёр1 студзеня 1647(1647-01-01) (50 гадоў)
Пахаваны
БацькаСіміён Магіла[d]
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Пётар Магіла (31 сьнежня 1596, Сучава, Малдаўскае княства — 1 (11) сьнежня 1647, Кіеў) — рэлігійны дзяяч Рэч Паспалітай. Мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі (з 1632), экзарх Канстантынопальскай праваслаўнай царквы (з 1633).

З старажытнага малдаўскага баярскага роду Магілаў, трэці сын валаскага (1601—1602) і малдаўскага (1606—1607) гаспадара Сімяона і вугорскай прынцэсы Маргрэты. У 1607 годзе страціў бацьку, які загінуў ў выніку змаганьня за ўладу. Па захопе ў 1612 годзе Канцемірам Мурзай малдаўска-валаскіх уладаньняў разам з маці мусіў пакінуць Малдаўскае княства і пераехаць на ўкраінскія землі Рэчы Паспалітай, дзе іх прынялі сваякі — пляменьніца Сымона Раіна Магілянка была жонкай князя Міхала Вішнявецкага, які валодаў большай часткай Левабярэжнай Украіны.

Пачатковую адукацыю атрымаў у Львоўскай брацкай школе, працягваў навуку ў эўрапейскіх унівэрсытэтах: сьпярша ў Замойскай акадэміі, потым у розных навучальных установах Галяндыі, а таксама ў Парыжы. Авалодаў лацінай, грэцкай і польскай мовамі, вывучыў багаслоўскую навуку, у тым ліку асновы каталіцкага багаслоўя.

Па вяртаньні ў Рэч Паспалітую стаў адным з прэтэндэнтаў на малдаўскі сталец. Яго пратэктарам быў Станіслаў Жалкеўскі. Пазьней пайшоў на вайсковую службу, удзельнічаў у Цэцорской бітве 1620 году і Хоцінскай бітве 1621 году (пад камандаю Яна Караля Хадкевіча). Аднак пазьней, відаць, пад уплывам мітрапаліта кіеўскага Ёва Барэцкага прыйшоў да прыняцьця духоўнага сану.

У 1622—1627 гадоў знаходзіўся ў Кіеўска-Пячэрскай лаўры, дзе ў 1625 годзе прыняў манаскі пострыг. Па сьмерці 21 сакавіка 1627 году архімандрыта Захара Капісьценскага, ў сьнежні 1627 году атрымаў пасьвячэньне на яго пасаду (пры падтрымцы ваяводы кіеўскага Тамаша Замойскага).

Скіраваў свае дзеяньні на прымірэньне з праваслаўнымі Рэчы Паспалітай, якія прынялі Берасьцейскую унію. 29 чэрвеня 1629 году ў Кіеве адбыўся сабор, на якім мелася абмеркаваць пытаньне прымірэньня, аднак станоўчых вынікаў сабор ня даў.

Увосень 1631 году на тэрыторыі Кіеўска-Пячэрскай лаўры адкрыў першую школу, створаную на ўзор езуіцкіх калегіюмаў (у 1632 годзе ў выніку яе аб’яднаньня з брацкай школай утварылася Кіеўская калегія, папярэдніца Кіеўска-Магілянскай акадэміі). У 1636 годзе заснаваў калегію ў Крамянцы.

Як дэпутат сойму 1632 году актыўна дамагаўся аднаўленьня герархіі Канстантынопальскай праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай пры захаваньні ляяльнасьці да ўладаў. Таго ж году яго абралі мітрапалітам кіеўскім і галіцкім замест Ісаі Капінскага. 12 сакавіка 1633 году стаў кіраўніком адноўленай каралём і вялікім князем Уладзіславам Вазай Кіеўскай мітраполіі Канстантынопальскай праваслаўнай царквы.

У 1632 годзе заснаваў Магілёўскую япархію. Беспасярэдне кіраваў Віленскім, Слуцкім, Магілёўскім і Аршанскім брацтвамі. У 1635 годзе наведаў Вільню, Менск і іншыя месты Вялікага Княства Літоўскага[1].

У 1634 годзе распачаў аднаўленьне Сафійскага сабору ў Кіеве, якое працягвалася дзесяць гадоў. Удзельнічаў у аднаўленьні Дзесяціннай царквы, дзе знайлі рэліквіі вялікага князя кіеўскага Ўладзімера. За свой кошт аднавіў старую царкву Спаса на Бераставе, дзеля роспісу якой запрасіў мастакоў з Крыту.

За некалькі дзён да сьмерці склаў духоўны тэстамэнт, у якім пакінуў Кіеўскай калегіі 81 тысячу злотых, усю сваю нерухомую маёмасьць, каштоўнасьці і бібліятэку. Спачыў паводле ўласнай волі ў Вялікай царквы Кіеўска-Пячэрскай лаўры (магіла мітрапаліта, пазначаная чорнай гранітнай плітой з адпаведным надпісам, месьціцца налева ад галоўнага ўваходу ў сабор).

Выдавецкая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Актывізаваў дзейнасьць друкарні Кіеўска-Пячэрскай лаўры, у якой за гэты час выйшла 15 выданьняў. Пад яго кіраўніцтвам у 1629 годзе падрыхтавалі літургічныя кнігі на царкоўнаславянскай мове «Намаканон» і «Літургікон». У 1632 годзе выдаў зборнік уласных казаньняў зь вершамі «Крыж Хрыста Збавіцеля».

Апекваўся зацьверджаньнем новага выданьня «Рытуалу» (1646), вядомага як «Трэбнік Пятра Магілы», які доўгі час служыў праваслаўнаму духавенству ўсёй Рэчы Паспалітай, а потым і Расейскай імпэрыі. Кіраваў выданьнем іншых богаслужбовых кніг, найбольш вядомая зь якіх — «Служэбнік» (1639). Таксама пад яго кіраўніцтвам склалі першы праваслаўны катэхізм — «Праваслаўнае вызнаньне веры».

У 1996 годзе Пятра Магілу кананізавалі Ўкраінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату і Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату. 8 сьнежня 2005 году яго кананізавала Расейская праваслаўная царква.

  1. ^ Клімаў І. Пётр Магіла // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 430.