Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар місіянэраў (Лыскаў)
Славутасьць | |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
| |
Краіна | Беларусь |
мястэчка | Лыскаў |
Каардынаты | 52°51′21″ пн. ш. 24°36′53″ у. д. / 52.85583° пн. ш. 24.61472° у. д.Каардынаты: 52°51′21″ пн. ш. 24°36′53″ у. д. / 52.85583° пн. ш. 24.61472° у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Эпархія | Пінская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | позьняе барока |
Заснавальнік | ордэн місіянэраў |
Дата заснаваньня | 1763 |
Будаваньне | 1763—1785 гады |
Асноўныя даты: | |
Дата скасаваньня | 1960 |
Статус | ахоўваецца дзяржавай |
Стан | рэстаўруецца[1] |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы | |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы на Вікісховішчы |
Касьцё́л Найсьвяце́йшай Тро́йцы — каталіцкі храм у Лыскаве Пінскае дыяцэзіі[2], збудаваны ў XVIII стагодзьдзі. Помнік архітэктуры позьняга барока.
Мінуўшчына
У 1527 року ваявода віцебскі і староста жмудзкі Мацей Клочка заснаваў у Лыскаве драўляны касьцёл[3], перададзены Янам Быхаўцам у 1751 року манахам-місіянэрам. У 1763—1785 рр. яны збудавалі на гэтым месцы мураваны Траецкі касьцёл ў стылі віленскага барока. У 1818 да яго прыбудаваная вежа. У 1841 касьцёл стаў парафіяльным.
У 1866 ў сувязі з падзеямі паўстаньня 1863 року перабудаваны на праваслаўную царкву і набыў рысы клясыцызму (архітэктар Ф. Афанасьеў). 22 ліпеня 1880 ад маланкі згарэў гонтавы дах, засталася толькі мураваная частка[4]. У 1883—84 рр. архітэктар П. І. Залатароў правёў рэстаўрацыю: зрабіў новыя скляпеньні, замяніў кроквенныя канструкцыі даху і пакрыцьцё.
У 1921, за польскім часам, касьцёл вернуты каталікам.
У 50-я рокі XX стагодзьдзя моцна разбураны. У 1960 афіцыйна зачынены, царкоўнае начыньне перавезенае ў ружанскі касьцёл[5].
Ля касьцёлу знаходзіцца магіла польскага паэта і драматурга Францішка Карпінскага.
Архітэктура
Стылістыка, час збудаваньня і рэгіён дазваляюць меркаваць, што ва ўзьвядзеньні касьцёлу прыняў удзел прыдворны архітэктар А. Сапегі Ян Самуэль Бэкер, майстра барочнага клясыцызму.
Будынак касьцёлу складаецца з высокага прастакутнага нэфу, алтарнай апсіды і бакавых капліцаў, перакрытых крыжовымі скляпеньнямі, амаль квадратных у пляне. Бакавыя крылы трансепта і сакрыстыяў маюць крыжовыя скляпеньні.
Вежа на галоўным фасадзе чатырох’ярусная; ня мае ў пляне ніводнае простае лініі; магутнымі падугамі адыходзіць ад фасаднае сьцяны. Куты вежы ўмацаваныя слаістымі пілястрамі ў спалучэньні з паўкалёнамі і падпорнымі элемэнтамі ў выглядзе валют. Антаблемэнт падзяляе яе на высокую ніжнюю частку і верхнія ярусы тэлескапічнае будовы.
Над уваходам у храм разьмешчаныя вузкія арганныя хоры. Асноўнае памяшканьне касьцёлу зальнае. Інтэр’ер аформлены пілястрамі іянічнага і кампазыцыйнага ордэру, паміж якімі невялікія аркі, над якімі прастакутныя вокны. Калёны размаляваныя пад мармур. У інтэр’еры паўночнае капліцы ацалелі фрагмэнты манахромнае размалёўкі ў тэхніцы грызайль.
Сьвятары касьцёлу
- Юзэф Крапіўніцкі (1908—1909)
- Ота Сідаровіч (1919—?)
- Чэслаў Кардэль (1927—1933)
- Казімер Валентыновіч (1934—1935?)
- Францішак Матэльскі (1936—1937)
- Гераніюм Фейч (1936)
- Генрык Запёт (1936—1937)
- Станіслаў Перзхала (1937)
- Ян Ірвуць (1938—1939?)
- Алаізі Зелязьнік (1939)
- Міхал Варанецкі (1945—1946?)[6]
Крыніцы і заўвагі
- ^ Уладзімер Хількевіч, Алена Даўжанок і Яўген Пясецкі. Белавескую пушчу «акальцавалі» абходам. Звязда. Праверана 30 сьнежня 2011 г.
- ^ Лыскава — парафія Найсьвяцейшай Тройцы Беларусь. Рыма-каталіцкі касьцёл у Беларусі. Праверана 30 сьнежня 2011 г.
- ^ Łysków // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 863.
- ^ Лыскава / Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы Помнікі архітэктуры Беларусі. Alaksandr Alejnik, Vasil Matoh. Праверана 30 сьнежня 2011 г.
- ^ Witold Karpyza. Łysków // Ziemia Wołkowyska. — Lębork: 2005 Т. 2.
- ^ Маракоў, Леанід. Святыні Беларусі, што згадваюцца ў даведніку, і святары, якія ў іх служылі Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917—1964 Праверана 30 сьнежня 2011 г.
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 112Г000621 |
Літаратура
- Габрусь Тамара Віктараўна. Мураваныя харалы: сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн.: Ураджай, 2001. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-Х
- В.В. Алисейчик. 1597. Монастырь миссионеров // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область / Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 424 с. — 25 000 ас. — ISBN 5-85700-017-3