Касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі (Тракелі)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Славутасьць
Касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі
08 Трокели (0).JPG
Краіна Беларусь
Вёска Тракелі (Вярэнаўскі раён)
Каардынаты 54°2′13.27″ пн. ш. 25°24′30.57″ у. д. / 54.0370194° пн. ш. 25.4084917° у. д. / 54.0370194; 25.4084917Каардынаты: 54°2′13.27″ пн. ш. 25°24′30.57″ у. д. / 54.0370194° пн. ш. 25.4084917° у. д. / 54.0370194; 25.4084917
Канфэсія Рыма-каталіцкая царква
Эпархія Гарадзенская дыяцэзія 
Архітэктурны стыль барока, клясыцызм
Дата заснаваньня 1809
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасьці Рэспублікі Беларусь Гісторыка-культурная каштоўнасьць Беларусі, шыфр 413Г000143
Стан дзейны
Касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі на мапе Беларусі
Касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі
Касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі
Касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі

Касьцёл Адве́дзінаў Найсьвяце́йшай Па́нны Мары́іпарафіяльны касьцёл(pl) у вёсцы Тракелях. Помнік архітэктуры барока і клясыцызму.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню касьцёл у Тракелях узгадваецца ў 1433 року ў лісьце вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча, дзе ён пацьвярджае Яну Гаштольду ягоную ўласнасьць Тракеляў. Згодна з традыцыяй, касьцёл пад тытулам Адведзінаў Найсьвяцейшай Марыі Панны (Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Марыі Паньне) быў заснаваны тут у 1500 року віленскім ваяводам Марцінам Гаштольдам[1].

З канца XVI стагодзьдзя тут аселі езуіты, і з таго часу да 1865 року Тракелі разам з Дворышчам утваралі адзіную гаспадарку. Падчас «швэдзкага патопу» ў 1656 року касьцёл цалкаў згарэў, аднак прывезены езуітамі зь Вільні абраз Маці Божай Тракельскай ацалеў. Езуіты адбудавалі касьцёл, але ў 1674 року ён зноўку згарэў. У 1680 року яго зноўку адбудавалі, а 4 ліпеня 1687 року кансэкравалі біскуп Цярнопальскі, суфраган прэлат віленскі Габрыэль Сільніцкі.

У 1738 року касьцёл згарэў трэцім разам, абраз Маці Божай Тракельскай не пацярпеў. Гэтыя драўляныя касьцёлы стаялі ў паўночнай частцы вёскі, прыкладна за 500—600 м ад цяперашняга, каля шашы на Ліпнішкі.

Да тракельскай парафіі з ХVIII ст. адносіліся капліцы ў Гімбутах, Дворышчы і на мясцовых парафіяльных могілках (апошняя, драўляная васьмігранная з абразом Маці Божай у алтары, зьнікла прыкладна ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя). У ХVIII—ХІХ стагодзьдзях пры парафіі дзейнічалі шпіталь і школка.

Касьцёл у першай палове XX стагодзьдзя

На цяперашнім месцы драўляны касьцёл паўстаў у 1809 року (паводле іншых зьвестак — у 1830 року[1]) на ахвяраваньні мясцовага земляўласьніка Стэфана Незабытоўскага, падкаморыя наваградзкага. Сьвятыня рэстаўравалася на сродкі парафіянаў у 1866 року, у 1928 сьцены былі ашаляваны звонку і ўнутры[2].

Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады не аднойчы спрабавалі закрыць касьцёл. Пасьля апошняга рамонту ў 1950-х касьцёл страціў сваю аўтэнтычную вэртыкальную ашалёўку і гонтавы дах, а разам зь імі — мастацкую выразнасьць і сапраўднасьць[3]. У 1970-я занесены ў сьпіс помнікаў архітэктуры Беларусі.

У 1968 року парафію зьнялі з рэгістрацыі (у 1961—1975 касьцёл стаяў закрыты), але вернікі змаглі абараніць сьвятыню. Дваццаць гадоў ішло супрацьстаяньне, рэгулярна служылася імша, больш таго, парафіяне адрамантавалі касьцёл. У жніўні 1988 тракельская парафія(pl) ізноў была афіцыйна зарэгістраваная.

Раней тракельская парафія ўваходзіла ў склад Лідзкага дэканату, з 1991 знаходзіцца ў Радунскім дэканаце. У 1994 касьцёл у Тракелях атрымаў статус дыяцэзійнага санктуарыя Маці Божай (фэст — першая субота ліпеня). У 1997 року перад касьцёлам пабудаваны навес для вулічных набажэнстваў падчас пілігрымак.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік народнага драўлянага дойлідзтва з элемэнтамі барока і клясыцызму. Будынак складаецца з аднолькавых паводле вышыні прастакутных зрубаў прытвора, асноўнага аб’ёму і апсыды з бакавымі нізкімі сакрыстыямі, якія скампанаваны ў выцягнуты па падоўжнай восі манумэнтальны аб’ём, накрыты агульным вальмавым дахам. Шатровы дах прытвора завершаны цыбулепадобным купалам на гранёным барабане[2].

Інтэр’ер

Малітоўная заля ўнутры перакрыта плоскай падшыўной стольлю, апсыда — цыліндрычным скляпеньнем, таксама падшыўным. Над уваходам зроблены хоры на 4 калёнах. У касьцёле тры двух’ярусныя алтары. Драўляны галоўны алтар выкананы ў стылі нэабарока. У другім ярусе галоўнага алтара знаходзіцца абраз Адведзінаў Паннай Марыяй сьвятой Альжбеты. Левы бакавы алтар прысьвечаны сьв. Каятану з абразом сьв. Тэрэзы ў другім ярусе. Правы бакавы алтар — сьв. Юзэфа, у другім ярусе зьмешчаны абраз Маці Божай Балеснай. Амаль цалкам захавалася гістарычнае разьмяшчэньне алтароў, нават з тых часоў, калі яны яшчэ былі аптычна намаляваны на сьценах, толькі правы алтар да 1850 року быў прысьвечаны Езусу Бічаванаму.

Побач з касьцёлам (на поўнач ад яго) пастаўлена драўляная 2-ярусная каркасная званіца[2]. Тут зьмешчаны старажытны звон, адліты ў 1754 майстрам Густавам Мёркам зь Вільні.

Ля касьцёлу, насупраць брамы, стаіць капліца-пахавальня Брыгіты Шукевіч (пам. 1803), закрытая ў 1870 року. Васьмігранная, цагляная, атынкаваная сьвятыня з рысамі клясычнага стылю, перакрытая цыліндрычным скляпеньнем і накрытая шатровым дахам. У нішы алтара зьмешчана Ўкрыжаваньне.

Комплекс абнесены невысокай бутавай агароджай зь невялікай аднапралётнай уваходнай брамай з цэглы пад тынкам.

Абраз Маці Божай Тракельскай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Маці Божая Тракельская

У галоўным алтары сьвятыні знаходзіцца цудатворны абраз XVI стагодзьдзя «Маці Божая Тракельская»[2], падобны да рымскага абраза Маці Божай Сьнежнай. Невядомы маляр выканаў абраз памерамі 180 × 100 см. Згодна з паданьнем, абраз у 1595 року прывезьлі зь Вільні езуіты. Ён укладзены ў пасрэбрана-пазалочаныя шаты і аздоблены трыма каронамі з шляхетнымі камянямі (усяго 74) і шматлікімі вотамі.

Імаверна, падчас адбудовы касьцёл ў 1680 року абраз быў дапоўнены выявай сьвятога Казімера на каленях у малітве. У 1782 року пашкоджаны абраз быў адноўлены і наклеены на новае палатно. Апошняе абнаўленьне адбылося ў 1991 року ў Варшаве.

Паміж набажэнствамі цудадзейны абраз засланяецца абразом сьвятога Ізыдара[1].

5 ліпеня 2009 року кардынал Казімер Сьвёнтак наклаў на абраз кароны, дабраславёныя Папам рымскім Бэнэдыктам XVI у Ватыкане[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Тракелі. Парафіі і сьвятыні. Слова жыцьця (13 сьнежня 2015). Праверана 12 ліпеня 2021 г.
  2. ^ а б в г Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Менск: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1986—1988.
  3. ^ Габрусь, Тамара Вынішчэнне гістарычнай памяці народа працягваецца. Наша НіваПраверана 12 ліпеня 2021 г.
  4. ^ Białoruś: kard. Świątek koronował obraz Matki Bożej Trokielskiej(пол.). Archidiecezja Łódzka (7 ліпеня 2009). Праверана 12 ліпеня 2021 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Менск: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1986—1988.
  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. — 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  413Г000143

Шаблён:Радунскі дэканат