Карэйцы
Карэйцы | |
한국인, 조선사람 | |
Агульная колькасьць | ~ 82,1 млн. чал. Рэспубліка Карэя 50 423 955 (2014) Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка 24 700 000 (2013) Кітай 2 573 928 ЗША 2 091 432 Японія 892 704 Канада 205 993 Расея 176 411 Узбэкістан 173 832 Аўстралія 156 865 Казахстан 105 483 Філіпіны 88 102 Віетнам 86 000 Бразылія 49 511 Вялікабрытанія 44 749 Інданэзія 40 284 Нямеччына 33 774 Новая Зэляндыя 30 527 Аргентына 22 580 Сынгапур 20 330 Тайлянд 20 000 Кыргыстан 18 403 Францыя 14 000 Малайзія 14 000 Украіна 13 083 Гватэмала 12 918 Мэксыка 11 364 Індыя 10 397 Аб’яднаныя Арабскія Эміраты 9 728 Саудаўская Арабія 5 145 Парагвай 5 126 Камбоджа 4 372 Рэспубліка Кітай 4 304 |
---|---|
Рэгіёны пражываньня | Карэйскі паўвостраў |
Мовы | карэйская |
Рэлігія | атэізм, хрысьціянства, будызм, шаманізм, чхандагё, у мінулым — канфуцыянства |
Блізкія этнасы | не ўсталяваныя |
Карэ́йцы — этнас, які галоўным чынам пражывае ў краінах Карэйскага паўвостраву (Рэспубліка Карэя, КНДР) і размаўляе ў асноўным на карэйскай мове. Уласнае паходжаньне бярэ з рэгіёну Карэйскага паўвостраву, які месьціцца ва Ўсходняй Азіі[1]. Прыкметная частка прадстаўнікоў карэйскага этнасу таксама прадстаўляе карэйскую дыяспару, распаўсюджаную ў шматлікіх краінах сьвету.
Этнонім
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Цягам другой паловы ХХ ст. склалася адрозьненьне ў вызначэньні прадстаўнікоў этнасу ў Рэспубліцы Карэя й Паўночнай Карэі. Так, жыхары паўднёвае часткі паўвостраву маюць самавызначэньне ў якасьці тэрміну 한국인 (трансьл. hanguk-in) або 한인 (han-in), што мае літаральнае значэньне «вялікі народ»; ужытак мае таксама самавызначэньне паняткам 한국 사람 (hanguk-saram). У сваю чаргу, карэйскае насельніцтва поўначы Карэйскага паўвостраву звычайна выкарыстоўвае азначэньне 조선인 або 조선 사람 (трансьл. chosŏn-in, chosŏn-saram адпаведна). Карэйская дыяспара, якая ў часы СССР узьнікла ў краінах Сярэдняй Азіі, у якасьці эндаэтноніму выкарыстоўвае панятак 고려 사람 (рас. корё сарам).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сучасныя археалягічныя зьвесткі паказваюць, што продкі сучасных карэйцаў першапачаткова пражывалі ў паўднёвай і цэнтральнай Сыбіры, пасьля чаго прадстаўнікамі гэтых плямёнаў прынамсі з нэаліту пачалося паступовае засяленьне Карэйскага паўвостраву[2]. Засяленьне пры гэтым адбывалася праз тэрыторыі Маньчжурыі — гістарычнага рэгіёну на паўночным усходзе сучаснага Кітаю.
Утварэньне дзяржаўнасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле збору хронікаў «Самгук юса» ужо ў 2300-х гг. да н. э. на тэрыторыі Карэйскага паўвостраву й Маньчжурыі было заснаванае царства Качасон[3][4][5]. Гэтая старажытная датыроўка аспрэчваецца сучаснымі гісторыкамі праз маленькі аб’ём факталягічных зьвестак, а ўласна царства было заснаванае тунгуса-маньчжурскімі плямёнамі, якія, хутчэй за ўсё, ня мелі дачыненьня да продкаў карэйцаў. З ХІІ ст. да н. э. у гісторыі Качасону часам вылучаюць пэрыяд Часон Кіджа, які ў ІІ ст. да н. э. зьмяніўся эпохай Часон Вімана, пасьля чаго напрыканцы гэтага ж стагодзьдзя царства трапіла пад уладу суседняга Кітаю. У сваю чаргу, ужо з ІII ст. да н. э. на поўдні й у цэнтры Карэі ўтвараецца Чынгук — зьвяз мясцовых карэйскіх плямёнаў, які праіснаваў да ІІ ст. да н. э.
З І ст. і ўключна да 676 году тэрыторыя Карэі была падзеленая між царствамі Кагуро (Маньчжурыя, поўнач і цэнтар Карэі), Пэкчэ (паўднёвы захад) і Сіла (паўднёвы ўсход), пры гэтым насельніцтва кожнага царства, верагодна, мела ўласныя мовы. На крайнім поўдні існавала таксама канфэдэрацыя плямёнаў Гая, якая пазьней увайшла ў склад Сіла. У 676 годзе Карэйскі паўвостраў аб’ядноўваецца пад уладай Сіла, але неўзабаве пачаўся пэрыяд падзелаў царства, які скончыўся ў Х ст. аб’яднаньнем паўвостраву на чале з дынастыяй Каро. Пэрыяд Каро азнаменаваў адносную стабільнасьць на паўвостраве, у гэты ж пэрыяд узрастае ўплыў будызму. З 1392 году Карэйскім паўвостравам кіруе дынастыя Часон, якую толькі ў 1897 годзе мяняе Карэйская імпэрыя. У 1910 годзе ўвесь паўвостраў анэксуецца Японіяй, што падштурхнула карэйцаў да міграцыі ў розныя часткі сьвету, але таксама стала прычынаю пэўнага культурнага ціску на мясцовую культуру. У 1919 годзе ўтвораны Часовы ўрад Рэспублікі Карэя.
Найноўшая гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1945 годзе сканчваецца пэрыяд японскай акупацыі, паўвостраў быў падзелены на поўнач, кантраляваны пракітайска-савецкім урадам КНДР, і поўдзень, які кантраляваўся значна менш таталітарным урадам Рэспублікі Карэя, пры гэтым абедзьве дзяржавы дагэтуль прэтэндуюць на тэрыторыі адна адной.
Веравызнаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асноўныя рэлігіі — канфуцыянства, будызм, хрысьціянства і шаманізм, большая частка насельніцтва, асабліва ў Паўночнай Карэі адносіць сябе да атэістаў. Значныя пазыцыі мае рэлігійны рух чхандагё, які ўвабраў у сябе элемэнты папярэдніх вызнаньняў, паўстаўшы ў ХХ ст.
Генэтычныя паказчыкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Генэтычныя дасьледаваньні Y-храмасомаў сучасных карэйцаў сьведчаць на карысьць працяглае гісторыі карэйскага этнасу ў якасьці асобнай, эндагамнай этнічнай групы, пры гэтым адлюстроўваецца паступовае перасяленьне продкаў карэйцаў на Карэйскі паўвостраў, якое адбывалася ў выглядзе своеасаблівых хваляў[6].
Мужчыны карэйскага паходжаньня ва ўласным генэтычным наборы адлюстроўваюць высокую частасьць гаплягрупаў O2b, якая імаверна мае маньчжурскае паходжаньне, і O3, апошняя зьяўляецца шырока распаўсюджанай сярод усіх прадстаўнікоў насельніцтва Ўсходняй Азіі[7][8]. Некаторыя іншыя, значна менш пашыраныя гаплягрупы, збліжаюць этнічных карэйцаў з этнасамі Далёкага Ўсходу Расеі, а таксама эскімоскімі й індзейскімі народнасьцямі Паўночнай Амэрыкі, пры гэтым, у адрозьненьне ад геаграфічна блізкіх кітайцаў ды японцаў, адсутныя сьляды аўстранэзійскіх этнасаў[9].
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Карэйцы Карэйскага паўвостраву маюць агульную культурную спадчыну, адбітак на якую, аднак, наклалі культурна-палітычныя адрозьненьні між Паўночнай і Паўднёвай Карэямі. Аналягічна суседнім краінам Усходняй Азіі, вялікі ўплыў наклалі будысцкія, канфуцыянскія традыцыі, шырока разьвітыя баявыя мастацтвы.
Традыцыйнае жыльлё — мазанкі на аснове драўлянага каркасу, які абкладаўся камянямі, страха саламяная або чарапічная. Унутранае памяшканьне маленькае; вокны выходзілі ў двор і замест шкла пакрываліся белай паперай. У бок вуліцы былі павернутыя толькі невялікія адтуліны для выхаду дыму зь печкі, якія ўсталёўваліся ўнутры памяшканьня або, у заможных і багатых хатах, ставіліся звонку.
Нацыянальная кухня звычайна адзачаецца вострым характарам страваў, выкарыстоўваюцца спэцыі, асабліва чырвоны перац. Апошні выкарыстоўваецца толькі з XVI стагодзьдзя, будучы завезеным партугальцамі. Кухня савецкіх і постсавецкіх карэйцаў вылучаецца пашыраным выкарыстаньнем каляндры.
У народным адзеньні, у адрозьненьне ад суседніх кітайцаў і японцаў, пераважае белы колер. Мужчынскае адзеньне складалася з кашулі, шырокіх нагавіцаў, панчохаў, вяровачных або саламяных чаравікоў. Валасы зьбіраліся ў пучок, дзеці й нежанатыя хадзілі з косамі. У якасьці галаўнога ўбору выкарыстоўваліся капелюшы з палямі з камышу, лякіраваных матэрыялаў і да т. п. Жанчыны насілі сукенкі, іх прычоска была падобная да кітайскай.
Карэйскае імя ў асноўным складаецца з двух складоў, прозьвішча — з аднаго, пры гэтым у выкарыстаньні іншае мовы карэйцы нярэдка могуць захоўваць традыцыйны парадак напісаньня імя й прозьвішча. Пабраўшыся шлюбам, жанчына звычайна захоўвае ранейшае прозьвішча. Прозьаішчаў засьведчана ўсяго каля 250, найраспаўсюджанымі зьяўляюцца Кім, Лі, Пак і Чхвэ (Цой). Большасьць цёзак не зьяўляюцца сваякамі, аднолькавае прозьвішча звычайна мае гістарычны або геаграфічны характар; носьбіты кожнага прозьвішча ўтвараюць своеасаблівы клан, генэалёгія якога прасочваецца да агульнага продка паводле мужчынскае лініі.
Цягам карэйскае гісторыі выкарыстаньне імёнаў эвалюцыянавала. Старажытныя карэйскія імёнысустракаліся ў часы царстваў Кагуро, Сіла й Пэкчэ, але з часам, па прыняцьці кітайскае герагліфічнае пісьмовасьці, традыцыйныя імёны былі выцесьненыя імёнамі, што запісваліся кітайскімі герогліфамі. Падчас кіраваньня манголаў і маньчжураў карэйская эліта дапаўняла ўласныя карэйскія імёны мангольскімі або маньчжурскімі. Напрыканцы японскага каляніяльнага кіраваньня адзначаліся прэцэдэнты прымусовага атрыманьня японскіх імёнаў.
Расьсяленьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як мяркуецца, агульная колькасьць асобаў, што ўказвае сваю нацыянальную прыналежнасьць да карэйскага этнасу, складае прынамсі 82,1 млн чал. ва ўсім сьвеце. Большая частка зь іх, больш за 50 400 000 чалавек, пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Карэя[10].
Другой паводле колькасьці карэйскай супольнасьцю зьяўляецца насельніцтва Паўночнай Карэі, дзе этнічныя карэйцы, як і ў Рэспубліцы Карэя, складаюць большую частку насельніцтва й паводле зьвестак на 2013 год налічваюць агулам каля 24 700 000 чалавек[11]. З 1963 па 1989 гады ўрадавыя структуры Паўночнай Карэі не публікавалі афіцыйнай інфармацыі адносна насельніцтва краіны, з прычыны чаго разьлік насельніцтва ажыцьцяўляўся замежнымі экспэртамі-дэмографамі на аснове колькасьці абраных партыйных дэлегатаў і колькасьці працоўнага насельніцтва паводле той ці іншай галіны дзейнасьці. Тым ня менш, у 1989 годзе дэмаграфічныя зьвесткі Паўночнай Карэі былі апублікаваныя ў рамках супрацоўніцтва з Фонду ААН у галіне народанасельніцтва з моманту апошняга перапісу насельніцтва, зьдзейсьненага ў 1948 годзе. Аднак у дзяржаве дагэтуль адсутнічаюць кваліфікаваныя дэмографы, а афіцыйныя паўночнакарэйскія зьвесткі могуць быць скажонымі.
Карэйская дыяспара
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На цяперашні час колькасьць асобаў, якія пражываюць па-за межамі Карэйскага паўвостраву й адносяць сябе да карэйскае нацыі, хістаецца ў межах ня менш як 5 млн чалавек[12].
Буйнамаштабная міграцыя з Карэі пачалася яшчэ з 1860-х гадоў і была накіраваная ў асноўным на расейскі Далёкі Ўсход і кітайскую Маньчжурыю, пазьней нашчадкі гэтых перасяленцаў склалі прыкладна тры мільёны этнічных карэйцаў у паўночна-ўсходнім Кітаі, якія засялілі памежныя тэрыторыі пры Карэі, а таксама некалькі соцень тысячаў карэйцаў краінаў былога СССР, вядомыя як каро-сарам[13][14].
З 1910 па 1945 гг. увесь Карэйскі паўвостраў быў акупаваны Японіяй, што спрычынілася да працоўнай міграцыі карэйцаў на тэрыторыі сучаснай Японіі, прэфэктуру Карафута (сучасны паўднёвы Сахалін) і Маньчжоў-Го (марыянэткавая дзяржава Японіі ў Маньчжурыі), пры гэтым каля сарака тысячаў карэйцаў, якія перасяліліся на поўдзень Сахаліну, апынуліся пад уладаю СССР пасьля перадачы гэтых тэрыторыяў Савецкаму Саюзу ў 1945 годзе. У выніку сталінскіх дэпартацыяў амаль усё карэйскае насельніцтва СССР апынулася ў межах рэспублік Сярэдняй Азіі, дзе дагэтуль складае істотныя нацыянальныя меншасьці.
У 1903 годзе пачалася міграцыя карэйцаў у ЗША, пасьля 1965 году карэйская грамада ў ЗША значна ўзрасла, чаму паспрыяла рэфармаваньне амэрыканскага заканадаўства ў галіне міграцыі. На цяперашні час амэрыканская карэйская дыяспара зьяўляецца найбольшай у сьвеце за выняткам кітайскай і складае амаль два мільёны чалавек[15], адна з найбольш заўважных канцэнтрацыяў карэйцаў назіраецца ў Нью-Ёрку й Лос-Анджэлесе. Буйныя супольнасьці этнічных карэйцаў таксама прадстаўленыя ў краінах Заходняй Эўропы, у Аўстраліі, Віетнаме і на Філіпінах.
У Беларусі паводле зьвестак перапісу насельніцтва 2009 году пражывала 541 чалавек, які вызначыў сваю нацыянальную прыналежнасьць да карэйцаў, зь іх 51 чалавек указаў у якасьці роднае мовы мову сваёй нацыянальнасьці, беларускую мову — 11 чалавек[16].
Мова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З прыкладна 82,1 млн карэйцаў ва ўсім сьвеце блізу 76—77 млн чал. указвае ў якасьці роднае мовы карэйскую, якая гістарычна прадстаўляе сабою нацыянальную мову карэйцаў[17][18]. Пісьмовая карэйская мова выкарыстоўвае ўласную нацыянальную сыстэму пісьма — хангыль, створаную ў XV ст., кожны сымбаль хангылю пазначае галосны або зычны гук, пры гэтым у слове яны камбінуюцца, утвараючы такім чынам складовыя знакі, якія таксама лічацца асобнымі літарамі. Да вынаходжаньня хангылю мела выкарыстаньне таксама ханча — адаптацыя кітайскага герагліфічнага пісьма.
Карэйская мова зьяўляецца моваю большасьці насельніцтва практычна на ўсім Карэйскім паўвостраве. Падзяляецца на адносна невялікую колькасьць дыялектаў, межы якіх часам не супадаюць зь дзяржаўнымі межамі КНДР і Рэспублікі Карэя. Апрача дыялектных адрозьненьняў існуюць артаграфічныя, пунктуацыйныя й лексычныя адрозьненьні між літаратурнымі нормамі Рэспублікі Карэя й Паўночнай Карэі, абумоўленыя надзвычай вузкімі культурнымі кантактамі між дзьвюма дзяржавамі.
У дачыненьні генэтычнае клясыфікацыі карэйская мова большасьцю мовазнаўцаў лічыцца моваю-ізалятам — моваю, што ня мае роднасных сувязяў зь іншымі мовамі й не ўваходзіць праз гэта ў ніводную сям’ю моваў. Высоўваюцца гіпотэзы пра генэтычныя сувязі карэйскае мовы з алтайскай або япона-рукюскай сем’ямі моваў, зрэшты, апошняя таксама можа ўключацца ў склад алтайскіх. Як мяркуецца, мовы старажытных царстваў Кагуро, Пэкчэ й Сіла маглі быць роднаснымі сучаснай карэйскай мове, пры гэтым мова сіла можа лічыцца продкам карэйскае мовы.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Jinwung Kim. A History of Korea: From „Land of the Morning Calm“ to States in Conflict. — Indiana University Press, 2012. — 684 с.
- ^ Gina Lee Barnes. The Rise of Civilization in East Asia: The Archaeology of China, Korea and Japan. — Thames and Hudson, 1993. — 288 с.
- ^ Sin, Hyong-sik. 1 // A Brief History of Korea. — (2nd ed.). — Seoul: Ewha Woman's University Press, 2005. — ISBN 9788-9730-0619-9
- ^ Lee Ki-baik. A new history of Korea. — Cambridge: Harvard University Press, 1984. — ISBN 9780-6746-1576-2
- ^ Seth, Michael J. A History of Korea: From Antiquity to the Present. — Lanham: Rowman & Littlefield, 2010. — С. 520. — ISBN 9780-7425-6716-0
- ^ Soon Hee Kim, Myun Soo Han, Wook Kim, Won Kim. Y chromosome homogeneity in the Korean population // International Journal of Legal Medicine. — 2010. — В. 6. — № 124. — С. 653-657.
- ^ Hong Shi, Yong-li Dong, Bo Wen. Y-Chromosome Evidence of Southern Origin of the East Asian–Specific Haplogroup O3-M122 // Am. J. Hum. Genet. — 2005. — № 77. — С. 409-418.
- ^ Bo Wen, Hui Li, Daru Lu. Genetic evidence supports demic diffusion of Han culture // Nature. — 2004. — № 431.
- ^ Mapping Human Genetic Diversity in Asia // Science. — 2009. — В. 326. — Т. 11. — № 5959. — С. 1541-1545.
- ^ Гл. зьвесткі пра насельніцтва Рэспублікі Карэя за 2014 г., Статыстычны Камітэт Рэспублікі Карэя.
- ^ 2013 World Population Data Sheet (анг.). Population Reference Bureau (2013). Праверана 11 ліпеня 2014 г.
- ^ Гл. зьвесткі на афіцыйным партале міністэрства замежных справаў і гандлю Рэспублікі Карэя.
- ^ Lee Kwang-kyu. Overseas Koreans. — Seoul: Jimoondang, 2000. — ISBN 89-88095-18-9
- ^ Kim, Si-joong. 6 // The Economic Status and Role of Ethnic Koreans in China. — The Korean Diaspora in the World Economy. — Institute for International Economics, 2003. — С. 101-131.
- ^ Korean-American Population 1910 - 2010 (анг.) KoreanAmericanStory.org Праверана 11 ліпеня 2014 г.
- ^ Перепись населения Республики Беларусь 2009 года. Население по национальности и родному языку (человек). Таблица 5.8, с. 1 (рас.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (2009). Праверана 11 ліпеня 2014 г.
- ^ Nationalencyklopedin. Världens 100 största språk 2007. — Nationalencyklopedin. — 2007.
- ^ Korean | Ethnologue (анг.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Barnes, Gina. The Rise of Civilization in East Asia: the Archaeology of China, Korea and Japan.
- Buzo, Adrian. The Making of Modern Korea. — Routledge, 2002. — ISBN 0-500-27974-8
- Connor, Mary E. The Koreas, A global studies handbook. — ABC-CLIO, 2002. — ISBN 9781-5760-7277-6
- Eckert, Carter J.; Lee, Ki-Baik. Korea, old and new: a history. — Korea Institute Series. Published for the Korea Institute, Harvard University. — Ilchokak, 1990. — ISBN 9780-9627-7130-9
- Hoare, James; Pares, Susan. Korea: an introduction. — New York: Routledge, 1988. — ISBN 9780-7103-0299-1
- Hwang, Kyung-moon. A History of Korea, An Episodic Narrative. — Palgrave Macmillan, 2010. — ISBN 9780230364530
- Lee, Kenneth B. Korea and East Asia: the story of a Phoenix. — Santa Barbara: Greenwood Publishing Group, 1997. — ISBN 9780-2759-5823-7
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ким. Г. Н. О родном языке корейцев Казахстана // Lib.Ru. — 2004.