Перайсьці да зьместу

Япона-р'юкюскія мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Япона-рукюскія мовы»)
япона-р’юкюская сям’я
Народнасьць японцы, р’юкюсцы
Арэал Японія
Лінгвістычная клясыфікацыя уваходзіць у алтайскую сям’ю (гіпатэтычна)
  • япона-р’юкюскія
Склад
Колькасьць носьбітаў блізу 125 млн чал.
ISO 639-5: jpx

Япона-р’юкюскія мовы на Японскім архіпэлягу

Япо́на-р’юкю́скія мовы — сям’я моваў, якая ўключае ў свой склад японскую мову, распаўсюджаную на вялікіх астравох Японскага архіпэлягу, а таксама р’юкюскія мовы, распаўсюджаныя на астравох Р’юкю. Агульная мова-продак — праяпонска-р’юкюская[1], якая, паводле дасьледаваньняў Сіра Хаторы, падзялілася на свае складовыя часткі за пэрыядам Ямата (250 — 710 гг. н. э.)[2].

Навуковыя дасьледаваньні падаюць шэраг нявырашаных пытаньняў, зьвязаных з мовамі сям’і ды яе паходжаньнем[3]. Найбольш трывалыя этымалёгіі адсочваюцца на поўдні Карэі, якія могуць мець паходжаньне з мовы гая або зь іншых амаль незадакумэнтаваных моваў[4].

Апрача гэтага, дасьледчыкам Крыстафэрам Бэкўітам датычна сям’і таксама ўлічваўся тапанімічны матэрыял з поўдню Карэі як доказ прысутнасьці япона-р’юкюскіх моваў на гэтых тэрыторыях за старажытным часам[5], у прыватнасьці пракарская мова; аднак невядома, наколькі гэтая мова была зьвязаная з мовай пазьнейшага пляменнага зьвязу Гая, існага на поўдні Карэі.

Пытаньне сувязі япона-р’юкюскае сям’і зь іншымі мовамі або моўнымі таксонамі застаецца спрэчным. На цяперашні час існуе вызначаная колькасьць гіпотэзаў, ніводная зь якіх, аднак, не зьяўляецца агульнапрынятай; больш за тое, паводле кансэрватыўных поглядаў, р’юкюскія мовы лічацца дыялектамі японскае мовы — з гэтае прычыны япона-р’юкюскія мовы могуць разглядацца як адзіная японская мова, а японская мова праз гэта — як мова-ізалят. Традыцыйна япона-р’юкюскія мовы лічацца адасобленай моўнай сям’ёй.

Выказваюцца гіпотэзы пра сувязь япона-р’юкюскіх моваў з адной са старажытных моваў Карэйскага паўвостраву — кагуроскай мовай, якая ў сваю чаргу можа мець сувязі са старакарэйскай мовай. Тым ня менш, паводле іншых меркаваньняў, япона-р’юкюскія й карэйская мовы могуць незалежна ўваходзіць у склад алтайскае моўнае сям’і. Ступень мажлівасьці атаясамліваньня старакарэйскай і сучаснай карэйскай на цяперашні час невядомая.

Кагуроская гіпотэза

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гіпотэза пра існаваньне сувязяў паміж японскай і кагуроскай мовамі ўзыходзіць да 1916 году, калі Сінмура Ісудзу зьвярнуў увагу на падабенства кагуроскіх лічэбнікаў 3, 5, 7, 10 да гэтых жа лічэбнікаў у японскай мове. Паводле гэтае гіпотэзы, японская зьяўляецца роднаснай вымерлым мовам, у мінулым распаўсюджаным у Карэі й паўночна-ўсходнім Кітаі і носьбітамі якіх зьяўляліся прадстаўнікі пуёска-кагуроскае культуры. Найбольш задакумэнтаванай з гэтых моваў зьяўляецца кагуроская; зрэшты, апалягеты гіпотэзы таксама сьцьвярджаюць пра сваяцтва зь менш засьведчанымі пуёскімі мовамі — пэкчэ ды пуё.

Манаграфія К. Бэкўіта ўстанавіла каля 140 лексычных адзінак у лексычным корпусе кагуроскае мовы. Большасьць зь іх — часткі тапонімаў, якія зьмяшчаюць некаторыя марфэмы (напрыклад, паказчык роднага склону -no і прыметнікавы паказчык -sa, якія, між іншым, знаходзяць паралелі ў японскай мове), частка зь іх можа паказваць сынтаксічныя зносіны. На думку Бэкўіта большасьць выяўленых кагуроскіх лексычных адзінак мае этымалягічную сувязь зь японскай мовай.

Карэйская гіпотэза

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Брытанскі ўсходазнаўца Ўільям Джордж Астан[6] у 1879 годзе ў часопісе Каралеўскага азіяцкага Таварыства высунуў гіпотэзу пра сваяцтва японскае мовы з карэйскай, у 1910 годзе гіпотэза была падтрыманая японскім дасьледчыкам Шасабура Канадзавам, таксама ў ХХ ст. падобную гіпотэзу падтрымалі й іншыя дасьледчыкі[7]. Істотныя аргумэнты на карысьць роднасьці дзьвюх моваў былі прадстаўленыя амэрыканскім мовазнаўцам і спэцыялістам па карэйскай ды японскай мовах Сэм’юэлам Марцінам, пазьней таксама і ў іншых публікацыях. У падтрымку гэтае гіпотэзы таксама выступаюць Джон Ўітмэн, Барбара Э. Райлі і Сяргей Старасьцін, які здолеў прадаставіць адпаведныя лексыкастатыстычныя дасьледаваньні[8]. Варта адзначыць, што гіпотэза сваяцтва карэйскае ды японскае моваў не выключае сувязяў японскай мовы (а значыць, і астатніх японска-р’юкюскіх моваў як роднасных японскай) з кагуроскай або алтайскімі.

Кароткія прыклады лексычных паралеляў у японскай і карэйскай мовах[9]:

Параўнаньне
Стараяпонская Японская Пераклад Сярэднекарэйская Карэйская Пераклад
midu mizu вада myr mul вада
midu mizu вада mos mot ~ mos- сажалка
ki, ku, ko ki(te), ku(ru), ko(nai) прыходзіць ga- ga- ісьці
kata- kata- станавіцца цяжкім gut- gut- станавіцца цяжкім
wi- i- сядзець (стараяпонская)
быць (у вызначаным месцы, пра адушаўлёны прадмет)
i- (пасьля кораню, што скончваецца на зычны) ~ няма гуку (пасьля кораню, што скончваецца на галосны) i- (пасьля кораню, што скончваецца на зычны) ~ няма гуку (пасьля кораню, што скончваецца на галосны) быць (зьвязка)
nap- na- няма, адсутнічае ani ani, an не
mïna mina усё, усе man-hɔ- manh- шмат
kasa kasa капялюш
парасон
gat gat ~ gas- кат
(традыцыйны карэйскі капялюш)

Словы з падобнай этымалёгіяй таксама назіраюцца і ў іншых мовах гіпатэтычнай алтайскай сям’і, асабліва ў тунгуса-маньчжурскіх мовах (параўн. з нанайскім muke — «вада», giagda- — «хадзіць пешшу»; anaa, anna — «не»[10]). Поруч зь лексычнымі падабенствамі гіпотэза таксама грунтуецца на тыпалягічных і граматычных падабенствах.

Некаторыя крытыкі гэтае гіпотэзы (прыкладам, Аляксандар Вовін) сьцьвярджаюць пра цяжкасьці пры ўсталяваньні дакладных фанэтычных законаў і пра наяўнасьць агульных інавацыяў у японскай і карэйскай. Існуюць таксама выразныя адрозьненьні паміж японскай і карэйскай сыстэмамі зьлічэньня.

Ідэя японска-карэйскага адзінства не заўсёды карэлюе з гіпотэзай пра існаваньне алтайскае моўнае сям’і. Так, Сэм’юэл Марцін, адзін з асноўных прыхільнікаў гіпотэзы, выказвае толькі асьцярожную падтрымку далучэньня абедзьвюх моваў да алтайскае моўнае сям’і; алтаіст Талат Тэкін уключае ў алтайскую моўную сям’ю толькі карэйскую, ня робячы гэтага для японскай[11].

Алтайская гіпотэза

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле прыхільнікаў існаваньня алтайскае моўнае сям’і, тунгуса-маньчжурскія, цюрскія і мангольскія мовы складаюць алтайскую моўную сям’ю.

Г. Рамстэт у сваёй працы «Ўводзіны ў алтайскую лінгвістыку» (Einführung in die altaische Sprachwissenschaft) далучаў карэйскую мову ў склад алтайскае сям’і. Рой Эндру Мілер у сваім дасьледаваньні «Японская ды іншыя алтайскія мовы» (Japanese and the Other Altaic Languages) у склад алтайскіх моваў уключаў таксама й японскую. Найбольш з важных нядаўніх працаў на карысьць пашырэньня алтайскае сям’і зьяўляюцца этымалягічны слоўнік алтайскіх моваў аўтарства С. Старасьціна, А. Дыбо і А. Мудрака, які выйшаў у 2003 годзе.

Алтайская сям’я не зьяўляецца агульнапрынятай і сама можа ўключаць розную колькасьць моваў (цюрскія, мангольскія і тунгуса-маньчжурскія мовы або тыя ж мовы разам з карэйскай ды японскай).

Доказамі роднасьці японскай (а значыць, і япона-р’юкюскіх — з прычыны ўваходжаньня японскае ў склад япона-р’юкюскіх) зьяўляюцца некаторыя паралелі ў лексыцы, разам з гэтым ставіліся спробы рэканструкцыі некаторых суфіксаў[12]:

Японская Турэцкая[a] Пераклад Заўвагі
take 岳 (*taka) dağ (*dāg) гара
i-, yo- (*yə) yeğ (*yęg) добры
isi 石 (*isi) taş (*diāĺ) камень
yo 四 (*yə) dört (*dȫrt) чатыры
kura 鞍 (*kura) kürtün (*kürtün) сядло
yak- (*yak-) yak- (*yak-) гарэць Турэцкае yak- зьяўляецца пераходным дзеясловам, непераходны адпаведнік — yan-
kir- (*kir-) kır- (*Kır-) рэзаць Турэцкае kır- мае крыху іншае значэньне і азначае «ламаць», «дзяліць», «рэзаць [дрэва]», «складваць», «зьнішчаць» і г.д.; для значэньня рэзаць больш пасуе дзеяслоў kes-.
inu 犬 (*inu) it (*ıt ~ it) сабака параўн. з маньчжурскім indahŭn, нанайскім ida, айнскім seta, чэджускім gaŋsæŋi — «шчанюк»
kuro 黒 (*kurua) kara (*Kara) чорны параўн. з айнскім kur — «цень», *kur-nekunne «чорны, цёмны»
so-re それ (*sə) şu (*-sı) гэты Турэцкі прыналежны суфікс трэцяй асобы
nani 何 (*nV) ne, neme (*nē-) што параўн. з айнскім ne (пытальная аснова) як у nep — «што», nen — «хто, каго»; карэйскім nugu — «хто, каго»

Гіпотэзы настратычнай і эўраазіяцкай макрасем’яў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1897 годзе нямецкім індолягам Германам Якабі была высунутая прапанова пра роднасьць японскае мовы з алтайскімі і дравідыйскімі[13], ім жа былі адзначаныя й структурныя падабенствы з праіндаэўрапейскай мовай[14]. Прадпрымаліся й іншыя спробы знайсьці сувязі паміж японскай ды індаэўрапейскімі мовамі, якія, аднак, ня сталі шырока прызнанымі[15][16]. Джозэф Грынбэрг прапаноўваў уключэньне японскае мовы ў гіпатэтычную эўраазіяцкую моўную сям’ю. У адрозьненьне ад Сяргея Старасьціна, ён выступае супраць далучэньня карэйскае мовы ў склад алтайскіх і аб’ядноўвае япона-р’юкюскія, карэйскія і айнскую мовы ў якасьці асобнага таксону ўнутры эўраазіяцкае моўнае сям’і.

У адрозьненьне ад Грынбэрга, значная колькасьць лінгвістаў адмаўляюцца ад гіпотэзы існаваньня эўраазіяцкае моўнае сям’і.

Фаналягічныя падабенствы й геаграфічная блізкасьць японскае мовы да аўстранэзійскіх моваў далі падставу некаторым лінгвістам высунуць тэорыю пра своеасаблівы характар японскае мовы як крэольскае мовы, якая ўзьнікла праз аб’яднаньне алтайскага супэрстрату і аўстранэзійскага субстрату. Радзей сустракаецца гіпотэза пра сувязь японскае мовы з дравідыйскімі, якая, між іншым, узьнімалася Робэртам Колдўэлам, Сусуму Сібам, Акіра Фудзіварам і Сусуму Она.

  1. ^ Як адна зь цюрскіх моваў.
  1. ^ Miyake, Marc Hideo. Old Japanese: a Phonetic Reconstruction. — 2008. — С. 66.
  2. ^ Heinrich, Patrick. «What leaves a mark should no longer stain: Progressive erasure and reversing language shift activities in the Ryukyu Islands,» First International Small Island Cultures Conference at Kagoshima University, Centre for the Pacific Islands, February 7–10, 2005; citing Shiro Hattori. (1954) Gengo nendaigaku sunawachi goi tokeigaku no hoho ni tsuite («Concerning the Method of Glottochronology and Lexicostatistics»), Gengo kenkyu (Journal of the Linguistic Society of Japan), Vols. 26/27.
  3. ^ Blench, Roger M. 2 // Archaeology and language. — С. 201.
  4. ^ Christopher I. Beckwith. Empires of the Silk Road: A History of Central Eurasia from the Bronze Age to the Present. — Princeton University Press, 2009. — С. 105. — ISBN 978-0-691-13589-2
  5. ^ Christopher Beckwith. Koguryo, the Language of Japan’s Continental Relatives. — 2007. — С. 27-28.
  6. ^ https://web.archive.org/web/20080529111209/http://www.eai.cam.ac.uk/Aston-and-Korea.pdf
  7. ^ Poppe 1965:137
  8. ^ Алтайская праблема ды паходжаньне японскае мовы, М.:, 1991
  9. ^ Выкарыстаныя, у прыватнасьці, матэрыялы паводле С. Марціна, 1966 г.
  10. ^ Зьвесткі паводле С. Старасьціна.
  11. ^ Georg et al. 1999:72, 74
  12. ^ Паводле http://starling.rinet.ru/cgi-bin/query.cgi?root=config&basename=\data\alt\altet
  13. ^ Compositum und Nebensatz, ст. 106–131
  14. ^ Proto-Indo-European Syntax: 3.1. Attributive Modifiers, Winfred P. Lehmann
  15. ^ A resemblance in sounding and semantics of a number of linguistic units in the Japanese and Indo-European languages, V.L. Serdyuk
  16. ^ Japanese Concordances with Indo-European (IE) Languages, Gretchen E. Leonhardt
  • Miyake, Marc Hideo. (2003). Old Japanese: a Phonetic Reconstruction. London: RoutldegeCurzon. 10-ISBN 0415305756/13-ISBN 9780415305754; OCLC 51163755
  • Shimabukuro, Moriyo. (2007). The Accentual History of the Japanese and Ryukyuan Languages: a Reconstruction. London: Global Oriental. 10-ISBN 190190363X/13-ISBN 9781901903638; OCLC 149189163
  • Aston, William George. 1879. «A comparative study of the Japanese and Korean languages.» Journal of the Royal Asiatic Society of Britain and Ireland, New Series 11, 317-364.
  • Beckwith, Christopher I. 2004. Koguryo: The Language of Japan’s Continental Relatives: An Introduction to the Historical-Comparative Study of the Japanese-Koguryoic Languages. Leiden: Brill.
  • Beckwith, Christopher I. 2006a. «Methodological observations on some recent studies of the early ethnolinguistic history of Korea and vicinity.» Altai Hakpo 16, 199-234.
  • Beckwith, Christopher I. 2006b. «The ethnolinguistic history of the early Korean peninsula region: Japanese-Koguryoic and other languages in the Koguryo, Paekche, and Silla kingdoms.» (ст. 33 ff.) Journal of Inner and East Asian Studies 2.2, 34-64.
  • Benedict, Paul K. 1990. Japanese/Austro-Tai. Ann Arbor: Karoma.
  • Caldwell, Robert. 1875. A Comparative Grammar of the Dravidian or South-Indian Family of Languages, second edition. London: Trübner.
  • Georg, Stefan, Peter A. Michalove, Alexis Manaster Ramer, and Paul J. Sidwell. 1999. «Telling general linguists about Altaic.» Journal of Linguistics 35, 65-98. Cambridge: Cambridge University Press.
  • Kanazawa, Shōsaburō. 1910. The Common Origin of the Japanese and Korean Languages. Tokyo: Sanseidō.
  • Miller, Roy Andrew. 1971. Japanese and the Other Altaic Languages. Chicago: University of Chicago Press.
  • С. Старостин. Алтайская проблема и происхождение японского языка. — М.: Наука, 1991.