Перайсьці да зьместу

Канадзкі сумнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Канадзкі сумнік
Клясыфікацыя
ЦарстваРасьліны
ПадцарстваНаземныя расьліны
ГрупаСудзінкавыя расьліны
АддзелКветкавыя расьліны
КлясаДвухдольныя
АтрадАстракветныя
СямействаСкладанакветныя
РодСумнік
Бінамінальная намэнклятура
Solidago canadensis Карл Лінэй
Краіна паходжаньняКанада
ITIS 36224 ·

Канадзкі сумніквід шматгадовай травяністай расьліны сямейства складанакветных.

Пашыраны пераважна ў Паўночнай Амэрыцы. У Беларусі быў інтрадукаваны за савецкім часам. Служыць у якасьці лекавай, мёдадайнай, фарбавальнай і дэкаратыўнай расьліны. Вырошчваецца ў садах і парках. Таксама дзічэе. Квітнее ў ліпені—верасьні. Утварае зарасьнікі і разьвіваецца на адкрытых мясьцінах з угноенай і ўвільготненай глебай. Размнажаецца дзяленьнем карэнішчаў увосень і насеньнем. Мае некалькі садовых формаў. Выкарыстоўваецца для аздабленьня агароджаў і гаспадарчых пабудоваў, у міксбордэрах і на рабатках. Вырошчваецца на зразаньне[1].

У вытворчасьці лекаў расьліну выкарыстоўваюць для лячэньня хваробаў сэрца і раку. Найчасьцей сустракаецца на могілках і прысядзібных дзялянках каля дамоў. Адна жоўтая мяцёлка наверсе сьцябла можа даць да 20 000 адзінак насеньня[1].

Карэнішчавы, травяністы шматгоднік з прамастойным круглым, густааблісьцелым і кароткаваласістым сьцяблом вышынё да 2-х мэтраў. Чаргаванае, лянцэтнае або прадаўгавата-лянцэтнае лісьце з 3-ма падоўжанымі жылкамі бывае сядзячае ці кароткачаранковае. Дробныя, шматлікія кветкавыя кошыкі сабраныя ў аднабокую мяцёлку. Залаціста-жоўтыя, краявыя кветкіпесьцікавыя і язычковыя, а сярэдзінныя — двухполыя і трубчаста-лейкападобыя. Налічваецца 5 тычынак. Плод утварае цыліндрычная, валасістая сямянка з чубком[1].

Канадзкі сумнік вылучае ў глебу атрутнае рэчыва, якім выціскае іншыя віды і робіць сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі малапрадукцыйнымі. Каровы яе не ядуць праз тую атруту. З палёў зьдзічэлы канадзкі сумнік пранікае ў лес, дзе таксама выціскае іншую расьліннасьць. З гэтых прычынаў Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі раіў скошваць канадзкі сумнік двойчы на год, каб прадухіліць яго квітненьне і ўтварэньне насеньня[2].

  1. ^ а б в Сумнік // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін, маст. Аляксандар Шэвераў. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1986. — Т. 5. Страўстарум — Яшчур. — С. 36. — 583 с. — 10 000 ас.
  2. ^ Валяр'ян Шкленьнік. Расьліны-агрэсары ідуць у наступ // Зьвязда : газэта. — 3 траўня 2014. — № 81 (27691). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.