Перайсьці да зьместу

Камэлот (гурт)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Камэлот
Гады 1991 — нашы дні
Месца ўтварэньня Беларусь
Мова беларуская
Жанр фольк
Удзельнікі Анатоль Басай
Ігар Войніч
Алесь Кішкін
Валянцін Агееў
Былыя ўдзельнікі Зьміцер Сідаровіч

«Камэло́т» — беларускі этна-рок-гурт. Заснаваны ў 1991 годзе.

Гісторыя стварэньня музычнага калектыва, які б граў сярэднявечную музыку ў сучаснай рок-апрацоўцы, нарадзілася ў галаве Алеся Кішкіна — выпускніка 8-й музычнай школы Менску. У канцы 1980-х лёс яго зьвёў з бардам Зьмітром Сідаровічам, які вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце і чые песьні ўжо сьпяваў беларускі рок-гурт «Грамада» (адна зь іх — «Які ж я беларус?» — нават увайшла ў гіт-парад газэты «Чырвоная зьмена»). Не без уплыву «Traveling Wilburys» былі напісаныя першыя песьні ў духу Сярэднявечча: «Дуда, лютня ды бубен», «Вёска ўчора гула», «Змагар Адась», «Краіна Талераў» ды інш., запрошаны вядомы на той час дудар і фалькларыст Уладзімер Бярбераў і бубнач Валік Агееў. Такім складам яны гралі перад сябрамі і нешматлікай беларускамоўнай публікай таго часу. Вынікам стала запрашэньне ў 1991 годзе запісаць саўнд-трэк зь песьнямі да двух фільмаў «Шукальнікі скарбаў» (маст. кароткамэтражны, рэж. І. Волах) і «Беларусь, лета 1991» (дакумэнтальны, рэж. У. Колас). Каб граць перад больш шырокай публікай, трэба было да выкананьня падыйсьці больш творча ды прафэсійна. Але найбольш прафэсійна падрыхтаваны музыкант Бярбераў у гэты час заняўся іншым праектам — стварэньнем фольк-гурту «Ліцьвіны».

Неўзабаве ў гурт быў запрошаны Ігар Войніч, які бавіўся сэсійным гітарыстам у безьлічы самадзейных гуртоў (нават граў некаторы час у адным зь ВІА палітэху, дзе вучыўся Сідаровіч), а таксама граў у прафэсійных выканаўцаў Я. Еўдакімава і А. Атаманава. Аказалася, што Войніч і Кішкін добра ведалі адзін аднаго, бо сядзелі за адной партай на сальфеджыя ў 8-й менскай музычнай школе.

Першыя рэпэтыцыі — Алесь Кішкін, Зьмітро Сідаровіч, Ігар Войніч і Валік Агееў — прайшлі ў сьнежні 1991 г. у памяшканьнях Беларускага гуманітарнага ліцэю. Там жа перад навучэнцамі і выкладчыкамі былі адыграны і першыя імпрэзы. Адразу стаў зразумелым асноўны кірунак: рыцарскія і жаўнерскія песьні старажытнай Беларусі (ВКЛ). Зразумела, была зроблена папраўка на сучасныя рэаліі і рытмы. Пасьля першых выступаў на невялікіх імпрэзах-вечарынах, якіх у часы ўздыму нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў праводзілася даволі шмат, гурт быў заўважаны, але ў яго яшчэ не было назвы. Для ўдзелу ў адным з сэйшэнаў, у якім, праўда, музыкі так і не асьмеліліся ўдзельнічаць, у заяве трэба было падаць назву гурта. Алесь Кішкін, які афармляў дакумэнты, і напісаў — «Камэлот». Назва прыжылася за ўдзельнікамі калектыву, бо «Камэлот» — назва ідэальнага замка, прытулку вандроўных ваяроў у сярэднявечных рыцарскіх раманах. Так назва злучылася з кірункам творчасьці музыкаў — разгляд беларускай культуры ў агульнаэўрапэйскім кантэксьце, што беларуская культура ня толькі сялянская, але і гарадзкая — культура беларускіх гарадоў мінулага. Гралі «камэлотаўцы» выключна акустычную музыку, выкарыстоўваючы гітары, флейты, бубны, віялянчэль, кантэле (разнавіднасьць гусьляў), дуду, скрыпкі, клявэсын і чэлесту. Зразумела, пры такім наборы інструмэнтаў праз гурт праходзіла значная колькасьць людзей (сярод якіх і бард Кастусь Герашчанка), але асноўны касьцяк заставаўся нязьменным: Кішкін, Войніч ды Сідаровіч. Пры наяўнасьці некаторага посьпеху творчасьць гурта вылучалася сваёй несавецкасьцю і непапсовасьцю, таму, па-сутнасьці, ігнаравалася праўрадавымі радыё і тэлебачаньнем. Незалежных у той час яшчэ не існавала.

У канцы 1992 году гурт падрыхтаваў канцэртную праграму «У краіне Талераў», якую, акрамя Менску, змаглі пачуць у Горадні, Магілёве, Берасьці і Гарадку (Польшча). Частку песень з праграмы музыкі пераклалі на электрычныя інструмэнты і выступілі зь імі ў Польшчы на фэсьце «Басовішча-93».

Рэдактары і журналісты радыёстанцыяў «Беларускай маладзёжнай» і радыё «101,6» запісвалі многіх беларускіх выканаўцаў, у тым ліку і «Камэлот». Гурт стаў прабівацца на тэлебачаньне, у асноўным як «вясельны генэрал» у рэпрызах забаўляльных перадач. Але самым грозным забойцам творчасьці гурта сталі грошы. Дакладней, іх поўная адсутнасьць у дзяржаўнай сфэры эканомікі, дзе працавалі амаль усе ўдзельнікі гурта, і іх шалёная, некантраляваная прысутнасьць у прыватнікаў. Кішкін, Войніч ды Сідаровіч сталі працаваць «літаратурнымі неграмі» на маскоўскія раскручаныя імёны пісьменьнікаў-дэтэктыўшчыкаў і аўтараў фэнтэзі. Заробак пераўзыходзіў дзяржаўныя (нават кандыдатаў навук, якім быў Сідаровіч і неўзабаве стаў Войніч) у 10—15 разоў. Вынікам гэтага стала маўчаньне «Камэлота» на два гады.

На пачатку 1995 году ўдзельнікі гурту, пазычыўшы шэраг музычных інструмэнтаў і купіўшы прафэсійныя мікрафоны і «апрацоўку» гуку, зноў зьбіраюцца, каб запісаць свае старыя песьні. У «Камэлоце» зьяўляецца Анатоль Басай, які ў калектыве стаў выконваць усе асноўныя вакальныя партыі, а таксама, часам граць на клявішных. У лютым — сакавіку 1995 г., у хатніх умовах на звычайным 4-трэкавым магнітафоне-портастудыі быў запісаны альбом, які ўдалося зьвесьці на прафэсійнай студыі і за свой жа кошт выпусьціць касэту (толькі ў 1996 годзе). Альбом, па прызнаньні выдаўцоў — кампаніі «TON-records», — меў даволі значны посьпех, першы 2-тысячны наклад касэт хутка разышоўся. «Камэлотаўцам» выплацілі ганарар і нават прапанавалі падпісаць кантракт на наступныя тыражы. Гэты альбом у 1996 годзе вылучаўся па намінацыі «Найлепшы альбом году» ў «Рок-каранацыі-96», гурт павінен быў выступіць у сэйшэне, аднак сярод музыкаў калектыву толькі адбыўся раскол, і ён быў ня ў стане гэтага зрабіць. Першае месца журы аддало альбому «Ляписа Трубецкого», які перамог яшчэ ў некалькіх намінацыях.

Раскол гурта адбыўся пасьля выступу ў Вільні ў 1996 г., куды не пажадалі паехаць Сідаровіч і Кішкін, які ўжо даўно не прымаў удзелу ў рэпэтыцыях. Чарговым сэсійным музыкам быў запрошаны гітарыст і флейтыст Зьміцер Шыдлоўскі з «Аварыйнага выйсьця». Але пра ўсе акалічнасьці расколу ўдзельнікі гурта не жадаюць распаўсюджвацца. Абмяжоўваюцца адной фразай: «Шэршэ ля фам».

Апошняй сумеснай працай заснавальнікаў гурту стала напісаньне ў тым жа 1996 годзе музыкі да спэктакля драматурга Сяргея Кавалёва «Заложніца каханьня» паводле сярэднявечнай рыцарскай аповесьці «Аб княжаньні Гвідона і яго сыне, слаўным рыцары Баве» (паст.: Андрэя Гузія, тэатар «Вольная сцэна», г. Менск). Праз год у 1997 г. з падачы Зьмітра Несьцюка — заснавальніка аднаго зь першых у Беларусі рыцарскага клюбу «Ордэн Сэрца Дракона», Войніч і Басай, набраўшы музыкаў — бубнача Цімура Велітоўскага і джаз-гітарыста Віталя Лойку, а таксама клявішніка і ды-джэя Андрэя Хвісевіча — аднавілі рэпэтыцыі гурту ў электрычным варыянце з тым жа назовам на базе памянёнага клюбу. Да старых песень былі далучаны некалькі новых І. Войніча і створана новая праграма «Шукальнікі ветру», зь якой «Камэлот» стаў выступаць на клубных пляцоўках Менску і іншых гарадах, а таксама на розных рыцарскіх фэстах. Электрычны «Камэлот» нават зьезьдзіў з канцэртамі ў Данію і Польшчу, запісаў некаторыя новыя і старыя песньні, што не ўвайшлі ў першы альбом «Краіна талераў», які, дарэчы, у 1998 г. быў часткова нанава перазьведзены, цалкам адмайстраваны і выпушчаны кампаніяй В. Супрановіча «БМА» на CD-кружэлцы (CD BMA 038). Па словах Войніча, за той час было адыграна каля ста імпрэзаў. Рэпэтыцыйнай базай стала «кропка» філялягічнага факультэту БДУ (дзе Войніч працаваў выкладчыкам старадаўняй літаратуры), на якой у той час рэпэтавала безьліч гуртоў — у тым ліку «Крама», «Маркаў бэнд», «Цмокі». Хаця рэпэтыцыі праходзілі ўжо пасьля заняткаў, моцныя гукі з-пад даху будынку былой партшколы і «патлатыя» хлопцы яўна не студэнцкага выгляду сталі выклікаць нэрвовасьць у новага кіраўніцтва філфаку. Рэпэтыцыі былі спынены, а Войніч у 2002 г. выгнаны з унівэрсітэту. Без рэпэтыцыйнай базы спыніліся выступы і ўжо электрычнага «Камэлоту». Песьні Войніча сталі граць іншыя выканаўцы (праект «Партызанская школа», 2006). Актыўную музычную кар’еру не спыняў таксама і З. Сідаровіч. Некаторы час ён граў свае песьні разам з гуртом «Стары Ольса» (дзьве зь іх выйшлі на альбоме «Вір» 2001). Выступаў сольна як дудар на фэстах як у Беларусі, так і за мяжой. Паміж Войнічам і Сідаровічам вяліся размовы пра аднаўленьні выступаў гурту ў акустычным варыянце і запісах усяго таго, што настваралі ўдзельнікі (Войніч, Кішкін ды Сідаровчіч) за час існаваньня «Камэлоту».

Супольныя праекты

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Колішнія ўдзельнікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]