Ігар Войніч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Ігар Яўгенавіч Войніч
Дата нараджэньня 1965(1965)
Грамадзянства Беларусь
Прафэсія гітарыст, клявішнік
Месца працы Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа
Гады дзейнасьці 1991
Інструмэнты гітара, бас-гітара, клявішныя інструмэнты, віялянчэль
Гурты «Камэлот»

Ігар Яўгенавіч Войніч (нарадзіўся ў 1965 годзе) — беларускі музыка, разам з Алесем Кішкіным, Зьмітром Сідаровічам і Валянцінам Агеевым заснавальнік гурту «Камэлот».

Біяграфія і творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па адукацыі — філёляг. У 2002 годзе абараніў дысэртацыю па тэме "Творчасьць Сільвестра Косава ў літаратурным працэсе на Беларусі 30-х гг. XVIІ ст."[1]. Кандыдат філялягічных навук. Граў на гітары, бас-гітары, клявішных інструмэнтах, а часам сядаў за віялянчэль. Напісаў музыку некалькіх сумесных зь іншымі ўдзельнікамі гарту песень, што выйшлі на першым CD, а «Песьню Вартавога ратніка» аднаасобна — і музыку, і тэкст. Асноўная роля Войніча ў першым і другім складзе гурту палягала на сачыненьні аранжыровак. Пасьля творчых разыходжаньняў паміж Басаем і Зьмітром Сідаровічам у 1996 годзе Войніч прыняў бок Басая. Некалькі наступных гадоў Войніч і Басай, набраўшы ў гурт новых музыкаў, пад назвай «Камэлот» далі некалькі дзясяткаў канцэртаў, нават запісалі на дэма новую праграму выключна зь песень Войніча. Зьезьдзілі з канцэртамі ў Польшчу і Данію. Войніч выкладаў польскую літаратуру на філялягічным факультэце БДУ. У 2002 годзе Войнічу не падоўжылі кантракт працы ва ўнівэрсытэце. Адной з прычын была гістарычная і, адпаведна, палітычная ангажаванасьць гарту. «Камэлот» канчаткова быў пазбаўлены рэпэтыцыйнай базы і перастаў увогуле выступаць.

У 2007 годзе Сідаровічам разам з Войнічам рабілася спроба аднавіць калектыў. Але апошні ў канцы году, згодна з паведамленьнямі польскай прэсы, выехаў у Польшчу. Працаваў няштатным апэратарам тэлеканалу «Белсат».

Ігар Войніч працяглы час выкладаў музыку й інфарматыку ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Творчасць Сільвестра Косава ў літаратурным працэсе на Беларусі 30-х гг. XVIІ ст. : Аўтарэф. дыс....канд. філал. навук ; Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — Мінск: Б. в., 2002. — 17 с.