Перайсьці да зьместу

Жаўрукі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жаўрукі
Іншыя назвыбуські[1], галушкі, кулікі, сарокі[2]
Тыппечыва
Нацыянальная стравабеларуская
ПаходжаньнеБеларусь
РэгіёнУсходняя Эўропа
Час прыгатаваньня60 хвілінаў
Асноўны складнікжытняя мука
Распаўсюджаныя складніківада, алей, цукар, дрожджы
Падобныя стравыгалёпы

Жаўрукі — абрадавае сьвяточнае печыва ў выглядзе птушак.

Выпякаюцца напярэдадні сьвята Саракі 22 сакавіка. Яно прысьвячаецца 40 Севасьційскім мучанікам, якіх за хрысьціянскую веру закатавалі рымскія язычнікі ў 320 годзе. У народным календары сьвята іх памяці лічыцца днём сустрэчы вясны і жаўрукоў. Таму на Саракі выпякаюць па 40 «жаўрукоў» з жытняга цеста. Пры гэтым у адзін з іх запякаюць 20 капеек («саракоўку») або пярсьцёнак. Абрадавае спажываньне дзецьмі спалучаецца з нанізваньнем печыва на пруток і сьпевам песьні «Жавароначкі, прылятайце» на страсе дома. Таксама жаўрукі выстаўляюць на дах, у хляве з жывёлай, у гумне са збожжам і ў печы. Сярод іншага, імі частуюць адно аднаго. Ядуць печыва ўвечары[2].

Для цеста бяруць 2 кг мукі і паўлітры вады, 250 грамаў алею і шклянку цукру, 50 грамаў дрожджаў і драбок солі. Для змазкі атрыманага цеста выкарыстоўваюць салодкую моцную гарбату[2].

Для прыгатаваньня жаўрукоў зьмешваюць муку і ваду, алей і цукар, дрожджы і соль. Атрыманую сумесь вымешваюць да атрыманьня моцнага, пругкага цеста. Затым зь цеста лепяць шар, ад якога адшчыпваюць невялікія кавалкі. З гэтых кавалкаў раскочваюць жгуты, якія завязваюць вузлом. Пры гэтым галоўцы надаюць выгляд птушынай. З разынак робяць вочкі, прыціснуўшы пальцамі. Затым лепяць хвосьцік і робяць надрэзы-«пёркі»[2]. Духоўку або печ разаграюць да +180 °C. Бляху засьцілаюць пэргамэнтам для выпечкі і выкладаюць на яго жаўрукоў[1].

Для наданьня адценьня паверхню атрыманых фігурак змазваюць настоем моцнай гарбаты з цукрам[2] або алеем. Пасьля посуд з жаўрукамі ставяць у духоўку на 20 хвілінаў. За тры хвіліны да заканчэньня прыгатаваньня жаўрукі прамазваюць узьбітым яйкам для наданьня румянага адценьня. Пасьля астываньня жаўрукі падаюць да гарбаты з варэньнем і мёдам[1].

  1. ^ а б в Алесь Масевіч. Гатуем здобных «жаўрукоў» на велікодны стол // «Будзьма беларусамі», 23 красавіка 2022 г. Архіўная копія ад 23 красавіка 2022 г. Праверана 11 студзеня 2023 г.
  2. ^ а б в г д Кухмістар Верашчака. Жаўрукі і галёпы // Ігуменскі тракт. — 25 сакавіка 2014. — № 9 (67).

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]