Перайсьці да зьместу

Джэйсан Кід

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Джэйсан Кід
Пазыцыя: гульнёвы абаронца
Рост: 193 см[1]
Вага: 93 кг[1]
Грамадзянства:
Нарадзіўся: 23 сакавіка 1973(1973-03-23)[3][2] (52 гады)
Альма-матэр:
Драфт

2, драфт НБА 1994 году
Далас Мавэрыкс

Клюбы
Гады Клюб
1992—1994 Каліфорнія Голдэн Бэарз[d]
1994—1996 Далас Мавэрыкс
1996—2001 Фінікс Санз
2001—2008 Бруклін Нэтс
2008—2012 Далас Мавэрыкс
2012—2013 Нью-Ёрк Нікс
Асабістыя ўзнагароды і дасягненьні
Статыстыка на NBA.com

Джэйсан Фрэдэрык Кід (па-ангельску: Jason Frederick Kidd; нар. 23 сакавіка 1973 году, Сан-Францыска, Каліфорнія, ЗША) — амэрыканскі прафэсійны баскетбаліст, а цяпер трэнэр. Цягам 19 гадоў сваёй гульнёвай кар’еры выступаў у складзе «Далас Мавэрыкс», «Фінікс Санз», «Нью-Джэрзі Нэтс» і «Нью-Ёрк Нікс» у Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. 10 разоў трапляў на гульню ўсіх зорак НБА, 6 разоў быў улучаны ў сымбалічныя зборныя НБА і 9 разоў станавіўся гульцом абарончых зборных НБА. На працягу пяці сэзонаў быў лідэрам НБА паводле колькасьці перадач і на сёньняшні дзень займае другое месца паводле перадач, набраных у рэгулярным сэзоне і чацьвёртае месца паводле перадач, набраных у плэй-оф, за ўсю гісторыю лігі.

Кід быў абраны пад другім агульным нумарам камандай «Далас Мавэрыкс» на драфце НБА 1994 году. У сваім першым сэзоне Кід набіраў у сярэднім 11,7 пунктаў, рабіў 7,7 перадач і 5,4 падборы за гульню да стаў лідэрам у НБА паводле трыпл-даблаў. Ён стаў першым пачаткоўцам у гісторыі, які трапіў у дзясятку найлепшых паводле дзьвюх статыстычных катэгорыяў. За свае дасягненьні ён падзяліў узнагароду найлепшага навічка «Дэтройт Пістанз» з Грантам Гілам, якога абралі пад трэцім агульным нумарам. Кід таксама быў абраны ў стартавы склад на Матч усіх зорак НБА 1996 году. Кід разам з Джамалам Машбэрнам і Джымам Джэксанам сфармавалі трыё пад назовам «Тры Джэй»[5]. Заўзятары і прэса чакалі, што каманда перапыніць пяцігадовую сэрыю нетрапленьняў у плэй-оф у наступным сэзоне, але «Мавэрыкс» пачалі новы сэзон дрэнна. Кід часта скардзіўся, што Джэксан паводзіўся эгаістычна на пляцоўцы і практычна перастаў зь ім размаўляць па-за пляцоўкай. Не зважаючы на благі сэзон каманды, выступы Кіда працягвалі паляпшацца. Ён зьбіраў у сярэднім 16,6 пунктаў і быў другім у лізе паводле перадач.

Кід у складзе «Далас Мавэрыкс».

У час міжсэзоньня ў «Мавэрыкс» зьмяніўся ўладальнік, а таксама прыйшоў новы галоўны трэнэр. У Кіда былі складаныя адносіны з Джымам Клемсанам. Праз рознагалосьсі з Джэксанам ён папрасіў кіраўніцтва клюбу абмяняць яго або Джэксана ў іншую каманду. Адносіны паміж гульцамі яшчэ больш сапсаваліся пасьля таго, як Кід павінен быў пайсьці на спатканьне зь сьпявачкай Тоні Брэкстан, але яна замест гэтага пайшла на сустрэчу з Джэксанам. У сьнежні 1996 году Джэйсан Кід з шэрагам іншых баскетбалістаў быў абменены ў «Фінікс Санз»[6]. «Санз» спадзяваліся, што змогуць пабудаваць добрую каманду вакол Кіда. Паводле словаў трэнэра Дэні Эйнджа, калі б Кід працягваў разьвівацца ў тым жа духу, праз два гады ён стаў бы супэрзоркай. Сэзон 2000—2001 гадоў быў сапсаваны праз асабістыя праблемы Кіда, бо яго абвінавацілі ў хатнім гвалце над жонкай[7]. За час гульні ў складзе «Санз» Кід браў удзел у Матчы ўсіх зорак у 1998, 2000 і 2001 гадах.

28 чэрвеня 2001 году, пасьля пяці сэзонаў у «Фініксе», цягам якіх каманда штогод трапляла ў плэй-оф, Кід быў абменены ў «Нью-Джэрзі Нэтс». У першым жа сэзоне гулец прывёў сваю новую каманду да рэкорду ў 52–30 і стаў адным з самых каштоўных гульцоў лігі, саступіўшы толькі тытул самага каштоўнага гульца НБА Тыму Данкану. Дзякуючы Кіду маладыя «Нэтс» сталі найлепшымі ва Ўсходняй канфэрэнцыі і ўпершыню ў гісторыі клюбу дакрочылі да фіналу НБА. У фінале каманда саступіла ў чатырох гульнях «Лос-Анджэлес Лэйкерз» з зорнымі Шакіл О’Нілам і Кобі Браянтам. У наступным сэзоне дружына зноў дасягнула фіналу, дзе саступіла «Сан-Антоніё Спэрз» у шасьці гульнях. Сэзон 2002—2003 гадоў быў самым прадуктыўным у кар’еры Кіда, у сярэднім ён зьбіраў 18,7 пунктаў за гульню, а таксама быў лідэрам лігі паводле колькасьці перадачаў, маючы іх 8,9 за гульню. 1 ліпеня 2004 года Кіду зрабілі апэрацыю на калене, праз што баскетбаліст прапусьціў частку сэзону да сьнежня. У плэй-оф каманда зазнала паразу ўжо ў першым раўндзе ад «Маямі Гіт». 7 красавіка 2007 году Кід і Вінс Картэр удвох зрабілі трыпл-дабл у адной гульні, паўтарыўшы подзьвіг Майкла Джордана і Скоці Піпэна 1989 году. 27 красавіка 2007 году спартовец аформіў свой дзясяты ў кар’еры трыпл-дабл у плэй-оф супраць «Таронта Рэптарз», зраўняўшыся з Лары Бэрдам паводле іхняй колькасьці[8]. У сэзоне 2007—2008 гадоў Кід стаў трэцім гульцом з 1989 году, які зрабіў тры трыпл-даблы запар.

Пасьля гэтага сэзону пачалі распаўсюджвацца чуткі, што яго абмяняюць у іншую каманду. 28 студзеня 2008 году баскетбаліст пацьвердзіў, што ягоны агент вядзе перамовы з «Нэтс» аб абмене. 19 лютага 2008 году атлета абмянялі ў «Далас Мавэрыкс»[9]. Ужо ў новай камандзе 12 лістапада 2010 году Кід зрабіў сваю 11-тысячную галявую перадачу ў кар’еры. 5 ліпеня 2012 году гулец падпісаў трохгадовы кантракт на 9 мільёнаў даляраў зь «Нью-Ёрк Нікс»[10]. Ужо праз год ён абвясьціў аб сканчэньні гульнёвай кар’еры[11].

Кід упершыню згуляў у складзе зборнай ЗША пасьля першага курса ў Каліфарнійскім унівэрсытэце ў Бэрклі, дзе стаў адзіным пачаткоўцам, якога абралі ў зборную. Каманда правяла пяць гульняў у Эўропе, здабыўшы перамогі ў трох зь іх. У 1999 годзе ён узяў удзел у 10-матчавым адборачным турніры да летніх Алімпійскіх гульняў. Ягоная каманда займела сэрыю зь дзесяці перамогаў запар, кваліфікавалася на Алімпійскія гульні 2000 году. У 2000 годзе Кід стаў адным з трох капітанаў алімпійскай зборнай ЗША, здабыўшы залаты мэдаль. Ён рэалізоўваў 51,6% кідкоў з гульні і 50% кідкоў з па-за трохпунктавай лініі[12]. Кід быў абраны да ўдзелу ў чэмпіянаце сьвету 2002 году, але быў вымушаны зьняцца праз траўму[13]. Баскетбаліст зьняўся зь Алімпійскіх гульняў 2004 году праз траўму. Кід у другі раз браў удзел у Алімпійскіх гульнях у 2008 годзе, зноў стаўшы ўладальнікам залатога мэдаля. Сваю кар’еру ў зборнай скончыў з паказьнікам 56–0.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]