Джым Ён Кім

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Джым Ён Кім
кар. 김용
Лёндан (Ангельшчына), 29 чэрвеня 2015 году
Лёндан (Ангельшчына), 29 чэрвеня 2015 году
12-ы старшыня Сусьветнага банку
1 ліпеня 2012 — цяперашні час
Папярэднік: Робэрт Зэлік
17-ы рэктар Дартмуцкага каледжу
1 ліпеня 2009 — 30 чэрвеня 2012
Папярэднік: Джэймз Эдўард Райт
Наступнік: Філіп Гэнлан
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 8 сьнежня 1959 (59 гадоў)
Сэул, Паўднёвая Карэя
Партыя: Дэмакратычная партыя ЗША
Сужэнец: жонка Юнсук Лім
Дзеці: 2 сыны: Томас (нар. 2000 г.), Ніко (2009)
Адукацыя: Браўнскі ўнівэрсытэт (1982)

Джым Ён Кім (нарадзіўся 8 сьнежня 1959 году, Сэул, Паўднёвая Карэя) — амэрыканскі лекар карэйскага паходжаньня. 12-ы старшыня Сусьветнага банку (з 1 ліпеня 2012 году).

Раньнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераехаў з бацькамі ў ЗША ва ўзросьце 5 гадоў (у 1965 годзе). Вырас у Маскаціне (штат Аёва). Бацька выкладаў стаматалёгію ва Ўнівэрсытэце Аёвы (горад Аёва, акруга Джонсан), дзе маці атрымала навуковую ступень доктара філязофіі (адпавядае кандыдату навук). Джым Ён Кім наведваў Маскацінскую сярэднюю школу, дзе быў найбольш пасьпяховым вучнем і старастай клясы. Гуляў за школьныя каманды па амэрыканскім футболе і баскетболе. Адвучыўся 1,5 гады ў дзяржаўным Унівэрсытэце Аёвы. Пасьля перавёўся ў прыватны Браўнскі ўнівэрсытэт (Провідэнс, штат Род-Айлэнд), які скончыў у 1982 годзе «зь вялікай хвалой» (лац. magna cum laude) са ступеняй бакаляўра мастацтваў у біялёгіі чалавека. У 1991 г. атрымаў ступеню доктара мэдыцыны ад Мэдычнай школы Гарвардзкага ўнівэрсытэту (Бостан, штат Масачусэтс). У 1993 г. атрымаў у Гарвардзкім унівэрсытэце (Кембрыдж, акруга Мідлсэкс, штат Масачусэтс) ступеню доктара філязофіі ў антрапалёгіі за дысэртацыю «Таблеткі, выраб і знакавы код: фармацэўтыка і палітычная эканомія значэньня ў Паўднёвай Карэі» (IV, 336 аркушаў).

Кар'ера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1987 годзе сузаснаваў у Бостане некамэрцыйную арганізацыю «Супольнікі ў здароўі». Да пачатку 1990 г. «Супольнікі ў здароўі» ахапілі хатнім лячэньнем ад сухотаў больш за 100 тыс. жыхароў Гаіці. Лячэньне каштавала каля $200 на хворага, бо ажыцьцяўлялася мясцовымі жыхарамі пасьля адпаведнай падрыхтоўкі. Джым Ён Кім удзельнічаў у распрацоўцы парадку лячэньня і закупе лекаў у якасьці выканаўчага кіраўніка арганізацыі. У 1994 годзе «Супольнікі ў здароўі» пашырылі дзейнасьць на Пэру. У чэрвені 2002 году Сусьветная арганізацыя здароўя (Жэнэва, Швайцарыя) пераняла ў «Супольнікаў у здароўі» парадак лячэньня хваробаў, які ўжылі ў больш за 40 краінах. У 2003 г. заняў пасаду дарадцы галоўнага кіраўніка Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ). У сакавіку 2004 г. атрымаў прызначэньне кіраўніком аддзела ВІЧ і СНІД Сусьветнай арганізацыі здароўя. На гэтай пасадзе да канца 2006 году загадваў распаўсюдам дапамогі пры СНІД сярод 3 млн жыхароў Афрыкі і іншых разьвіцьцёвых краінаў.

Адначасна ў 1993—2009 гадох выкладаў у Мэдычнай школе Гарвардзкага ўнівэрсытэту. У 2003 г. атрымаў стыпэндыю імя Макартураў, якая складала $500 тыс. і выдавалася часткамі цягам 5 гадоў. На 2009 г. сумяшчаў пасады загадніка аддзела сусьветнага здароўя і грамадзкай мэдыцыны ў Брыгхэмска-жаночай лякарні (Бостан) і кіраўніка Цэнтру здароўя і правоў чалавека імя Франсуа-Ксаўе Баню пры Школе грамадзкага здароўя Гарвардзкага ўнівэрсытэту (Бостан). Выдаваў артыкулы ў часопісах «Ланцэт» (анг. The Lancet; Лёндан, Ангельшчына), «Навука» (анг. Science; г.Вашынгтон, ЗША) і «Новаангельскім часопісе мэдыцыны» (анг. New England Journal of Medicine; Бостан, штат Масачусэтс). Стаўся сябрам Інстытуту мэдыцыны Нацыянальнай акадэміі навук ЗША (г.Вашынгтон, ЗША; цяпер Нацыянальная акадэмія мэдыцыны ЗША).

У траўні 2009 году абраўся на пасаду рэктара Дартмуцкага каледжу (Гановэр, акруга Графтан, штат Нью-Гэмпшыр), якую заняў 1 ліпеня 2009 году. Пры канцы студзеня 2010 году сабраў у каледжы больш за $1 млн ахвяраваньняў, за якія ўдалося даставіць на Гаіці больш за 18 тонаў лекаў і 25 лекараў для дапамогі ў пераадоленьні наступстваў землятрусу 12 студзеня 2010 году. У траўні 2010 г. заснаваў пры Дартмуцкім каледжы Навуковы цэнтар дастаўкі аховы здароўя за кошт атрыманьня $35 млн ахвяраваньня. У 2010 г. абраўся сябрам Амэрыканскай акадэміі мастацтваў і навук (ААМН; Кембрыдж, шта Масачусэтс). 16 красавіка 2012 году Рада кіраўнікоў Сусьветнага банку абрала Джыма Ёна Кіма на пасаду старшыні, якую той заняў 1 ліпеня 2012 году[1]. 27 верасьня 2016 г. Джым Ён Кім пераабраўся старшынём Сусьветнага банку на другі 5-гадовы тэрмін, які пачынаецца 1 ліпеня 2017 году.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Абраны новы дырэктар Сусьветнага банка // Зьвязда : газэта. — 18 красавіка 2012. — № 75 (27190). — С. 1. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Джым Ён Кімсховішча мультымэдыйных матэрыялаў