Перайсьці да зьместу

Дачыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 44°56′36″ пн. ш. 24°56′2″ у. д. / 44.94333° пн. ш. 24.93389° у. д. / 44.94333; 24.93389

«Дачыя»
рум. Automobile Dacia
Выява лягатыпу
Тып акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 6 верасьня 1966 (58 гадоў таму)
Заснавальнікі Урад Румыніі, «Рэно» (Францыя)
Уласьнікі «Рэно» (99,4 %)
Краіна Румынія
Разьмяшчэньне Арджэскі павет
Адрас Мёвень, Заводзкая вул., д. 1[1]
Ключавыя фігуры Міхай Бордэану, Крыстоф Дрыдзі[2], Антуан Дусэрэн[3]
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя аўтамабіль
Абарачэньне 24,918 млрд леяў (2019 год; 5,213 млрд эўра)
Апэрацыйны прыбытак 0,729 млрд леяў (2019 год; 0,152 млрд эўра)
Чысты прыбытак 0,663 млрд леяў (2019 год; 0,138 млрд эўра)
Лік супрацоўнікаў 14 294 (2020 год)[4]
Матчына кампанія «Рэно» (Францыя)
Аўдытар «КПМГ»

«Да́чыя»[5] (рум. Dacia — Дакія) — аўтамабілебудаўнічае прадпрыемства Румыніі, заснаванае ў верасьні 1966 году.

Ад 1999 году належыць францускаму аўтавытцорцу «Рэно». З 2018 году зьяўляецца найбольшым прадпрыемствам Румыніі паводле абарачэньня і найбольшым экспартэрам краіны. Налічвае 5 падразьдзяленьняў на поўдні Румыніі.

На 2021 год «Дачыя» ўлучала 5 падразьдзяленьняў на поўдні Румыніі ў Бухарэсьце, Мёвене (Арджэскі павет), Оаржы, Пітэшце і Ціту[6].

  • Бухарэст (вул. Дакладнасьці, д. 3г). Канструктарскае бюро плошчай 4,7 га[7].
  • Мёвень (Заводзкая вул., д. 1). Аўтазавод на 14 000 працаўнікоў з магутнасьцю зборкі 1300 самаходаў за дзень. Выпускаў вузлы самаходаў «Дастэр», «Логан» і «Сандэро» для заводаў «Рэно» ў 8 краінах: Альжыры, Бразыліі, Індыі, Іране, Калюмбіі, Марока, Паўднёвай Афрыцы і Расеі. За мяжу пастаўлялі звыш 90% вырабаў. Завод быў найбольшым пастаўніком аўтавузлоў для «Міцубісі», «Нісана» (Японія) і «Рэно». Вытворчасьць налічвала 15 790 відаў запчастак. Звыш 65% зь іх пастаўлялі на заводы «Рэно». У 4-х цэхах заводу выраблялі алюмінавыя вузлы, зьбіралі рухавікі і трансьмісіі, усталёўвалі пярэднія і заднія масты, восі і сілавыя агрэгаты для шасі. Гадавая вытворчасьць рухавікоў і трансьмісіяў складала па 500 000 адзінак, зь якіх звыш 80% пастаўлялі за мяжу[8].
  • Оаржа (вул. Дакіі, д. 1а; Арджэскі павет). Склад запчастак на 6,5 га, адчынены 1 верасьня 2010 году Налічваў 143 працаўнікі. Звыш паловы вузлоў пастаўлялі за мяжу[9].
  • Пітэшць. Ліцейны завод выпускаў 20% штампоўкі для заводаў «Рэно» ў 10 краінах: Аргентыне, Бразыліі, Гішпаніі, ЗША, Індыі, Марока, Расеі, Славеніі, Турэччыне і Францыі[10].
  • Ціту. Выпрабавальня плошчай 3,5 кв.км, адчыненая 15 верасьня 2010 году. Улучала 35 км аўтадарог 10 відаў і каля 30 відаў сымулятараў для выпрабаваньня аўтавузлоў самаходаў «Дастэр», «Логан» і «Сандэро». Быў 2-м найбольшым выпрабавальным асяродкам у складзе холдынга «Рэно»[11].

На 2021 год «Дачыя» выпускала 8 мадэляў самаходаў: «Сандэро», «Сандэро Стэпўэй», «Логан», «МЦВ Логан», «Докер», «Фургон Докер» і «Дастэр». Звыш 90% самаходаў, вырабленых на Мёвенскім аўтазаводзе, пастаўлялі ў краіны Заходняй Эўропы[12].

6 верасьня 1966 году ўрад Румыніі і Народная ўправа заводаў «Рэно» (Францыя) заключылі на 10 гадоў дамову аб будаўніцтве аўтазаводу. 16 верасьня 1966 году зацьвердзілі Пастанову аб яго ўзьвядзеньні ў Колібашы (Арджэскі павет). У студзені 1967 году ў Пітэшце пачалі будоўлю аўтазаводу, якую скончылі ў траўні 1968 году. 3 жніўня 1968 году выпусьцілі першыя самаходы. 20 жніўня 1968 году адчынілі завод, на якім да 1972 году выпусьцілі звыш 37 000 самаходаў «Дачыя 1100». У кастрычніку 1969 году пачалі вырабляць аўтамабіль «Дачыя 1300», які з 1971 году сталі пастаўляць за мяжу. Таксама ў 1969 годзе да «Пітэшцкага аўтазаводу» далучылі «Колібаскі завод аўтадэталяў». У 1973 годзе пачалі вырабляць унівэрсал «Дачыя 1300», выпуск якога ў розныях выглядах працягвалі 35 гадоў. У 1975 годзе сабралі 1-ы камэрцыйны самаход «Дачыя 1302» і фургон «Рэно Эстафэта», для якога выраблялі трансьмісію і заднія восі. У 1980 годзе завод перайменавалі ў «Пітэшцкае аўтапрадпрыемства». Звыш 20 000 працаўнікоў выраблялі больш за 300 самаходаў за дзень, у тым ліку такі як «Дачыя 1310». У 1981 годзе стварылі спартовы самаход на падставе «Дачыя 1310». У 1983-м выйшаў 1-ы лёгкі грузавік «Дачыя» падымальнасьцю ў тону з кабінай на 5 чалавек. У 1987-м распрацавалі 5-дзьверную «Дачыю 1320», выпуск якой склаў 2500 асобнікаў за 3 гады. У 1991 годзе стварылі «Дачыю 1325 Свабода», агульны выпуск якой да 1996 году склаў 5200 асобнікаў. У 1992 годзе пачалася пастаўка ўнівэрсала «Дачыя 1309» ў Кітай. У 1995 годзе стварылі хэчбэк «Дачыя Нова 523»[13].

2 ліпеня 1999 году ўрад Румыніі і францускі аўтавытворца «Рэно» заключылі ў Бухарэсьце дамову аб вытворчасьці да 2004 году аднаго самахода цаной 6000 даляраў ЗША. Холдынг «Рэно» заплаціў 50 млн $ за 51% паёў «Дачыі» і да 2003 году ўклаў 219 млн $ у пераабсталяваньне вытворчасьці. У кастрычніку 2000 году выпусьцілі «Дачыю Супэрнова», якую аснасьцілі прывадам ад «Рэно». Да 2003 году прадалі звыш 60 000 такіх самаходаў. У сьнежні 2002 году стварылі камэрцыйны грузавік «Дачыя» з дызэльным рухавіком на 1,9 літры. У сакавіку 2003 году прадставілі легкавік «Дачыя Соленца», які ў верасьні аснасьцілі дызэльным рухавіком. 2 чэрвеня 2004 году паказалі самаход «Дачыя Логан», продажы якога пачаліся 9 верасьня[13]. У 2016 годзе продажы «Дачыі» склалі 3% сукупнага ўнутранага прадукту Румыніі і 7% вывазу тавараў. Аўтамабілі «Дачыя» паставілі ў 44 краіны на 4-х мацерыках[3]. Сярод 584 219 выпушчаных самаходаў «Дачыя» ў Румыніі прадалі 6,7% (38 861)[12]. Таксама выпусьцілі і прадалі 10 043 самаходы «Рэно»[14]. Гадавое абарачэньне «Дачыі» перавысіла 6 млрд эўра пры 18 000 супрацоўніках[15]. У 2019 годзе продажы вырасьлі на 4% (14 056) да 349 509 самаходаў. Зь іх на мадэль «Дачыя Дастэр» прыпала 75% продажаў (263 026), на «Дачыю Сандэро» — 10% (35 185), на «Дачыю Логан» — 9,7% (34 234), а рэшта — на «Дачыю Сандэро МЦВ». У дадатак за мяжу паставілі 23 732 машынакамплекты, 850 112 легкавых шасі і 537 734 рухавікі. Сярод паставак вузлоў 46% прыпадала на Афрыку, 34% — на Азію і 19% на Паўднёвую Амэрыку[4].

  1. ^ Прававыя зьвесткі (рум.) // «Рэно Румыніі», 2021 г. Праверана 23 сакавіка 2021 г.
  2. ^ Кіраўніцтва (рум.) // «Рэно Румыніі», 2021 г. Праверана 23 сакавіка 2021 г.
  3. ^ а б «Дачыі» 50 гадоў (рум.) // «Рэно Румыніі», 2021 г. Праверана 23 сакавіка 2021 г.
  4. ^ а б Крыстоф Дрыдзі. Справаздача за 2019 год (рум.) // «Рэно Румыніі», 11 чэрвеня 2020 г. Праверана 23 сакавіка 2021 г.
  5. ^ У Астравецкім раёне перакулілася «Дачыя» з шасьцю чалавекамі // Партал «Наша ніва», 3 жніўня 2020 г. Праверана 23 сакавіка 2021 г.
  6. ^ Дзе мы (рум.) // «Рэно Румыніі», 2021 г. Праверана 23 сакавіка 2021 г.
  7. ^ Бухарэсцкае злучэньне (рум.) // «Рэно Румыніі», 2021 г. Праверана 23 сакавіка 2021 г.
  8. ^ Мёвень (рум.) // «Рэно Румыніі», 2021 г. Праверана 23 сакавіка 2021 г.
  9. ^ Оаржа (рум.) // «Рэно Румыніі», 2021 г. Праверана 23 сакавіка 2021 г.
  10. ^ Пітэшць (рум.) // «Рэно Румыніі», 2021 г. Праверана 23 сакавіка 2021 г.
  11. ^ Ціту (рум.) // «Рэно Румыніі», 2021 г. Праверана 23 сакавіка 2021 г.
  12. ^ а б «Дачыя» (фр.) // «Рэно Румыніі», 2021 г. Праверана 23 сакавіка 2021 г.
  13. ^ а б Гісторыя (рум.) // «Рэно Румыніі», 2021 г. Праверана 23 сакавіка 2021 г.
  14. ^ Мадэлі «Рэно» (фр.) // «Рэно Румыніі», 2021 г. Праверана 23 сакавіка 2021 г.
  15. ^ Холдынг (рум.) // «Рэно Румыніі», 2021 г. Праверана 23 сакавіка 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]