Перайсьці да зьместу

Дзяржава славенцаў, харватаў і сэрбаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «ДСХС»)
Дзяржава славенцаў, харватаў і сэрбаў
харв. Država Slovenaca, Hrvata i Srba,
сэрб. Држава Словенаца, Хрвата и Срба,
славен. Država Slovencev, Hrvatov in Srbov

1918
 

Сьцяг Дзяржавы славенцаў, харватаў і сэрбаў
Сьцяг
Месцазнаходжаньне Дзяржавы славенцаў, харватаў і сэрбаў
Афіцыйная мова славенская, сэрбскахарвацкая
Сталіца Загрэб
Форма кіраваньня
Прэзыдэнт
Рэспубліка
Антон Корашац
Незалежнасьць
— абвешчаная
— пераўтвораная

29 кастрычніка 1918
1 сьнежня 1918

Дзяржа́ва славе́нцаў, харва́таў і сэ́рбаў (па-сэрбскахарвацку: Država Slovenaca, Hrvata i Srba/Држава Словенаца, Хрвата и Срба, вымаўл. [dr̩ʒaʋa sloʋenatsa xr̩ʋata i sr̩ba]; па-славенску: Država Slovencev, Hrvatov in Srbov, вымаўл. [dərˈʒaʋa sloˈʋentseu̯ xərˈʋatou̯ in ˈsərbou̯]) — кароткатэрміновае дзяржаўнае ўтварэньне, створанае напрыканцы Першае сусьветнае вайны на паўднёвых тэрыторыях Аўстра-Вугоршчыны[1] зь земляў, на якіх пражывалі славенцы, харваты ды сэрбы. Не было прызнана міжнароднаю супольнасьцю[2]. Празь месяц па абвяшчэньні дзяржава далучылася да Каралеўства Сэрбія, шляхам чаго было ўтворанае Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў.

Сэрбы, згаданыя ў назьве новаабвешчанае дзяржавы, жылі ня толькі ўласна ў Каралеўстве Сэрбія, жывучы таксама побач з харватамі ды славенцамі ў некаторых рэгіёнаў Аўстра-Вугоршчыны, а менавіта ў Босьніі й Герцагавіне, Харватыі-Славоніі (поўнач і паўночны захад сучаснае Харватыі), а таксама ў Далмацыі (улучна з чарнагорскім Прымор’ем). Ва ўлік дзяржавы ня трапілі такія землі як Чарнагорыя або Ваяводзіна (разам з Банатам, Бачкай і Бараньяй)[3][4].

У 1918 годзе, у канцы існаваньня Аўстра-Вугоршчыны, імпэрыя зазнавала ўнутраныя крызісы, выкліканыя ў тым ліку і хваляваньнямі серад шматлікага славянскага насельніцтва краіны[5]. Этнічныя тэрыторыі той часткі паўднёвых славянаў, якія ўваходзілі ў склад Аўстра-Вугоршчыны, былі падзеленыя між наступнымі адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі ўтварэньнямі:

  • Цысьлейтанія:
    • Аўстрыйскае Прымор’е, герцагства Крайна, каралеўства Далмацыя, якія знаходзіліся пад кіраваньнем Аўстрыі. Суседнія герцагствы Штырыя ды Карынтыя таксама ўключалі тэрыторыі са значнымі дзелямі паўднёвых славянаў у насельніцтве.
  • Трансьлейтанія:
    • Каралеўства Харватыя і Славонія, а таксама Фіюмэ, што знаходзіліся пад кіраваньнем Вугоршчыны. Апрача гэтых тэрыторыяў, у склад непасрэдна Вугоршчыны ўваходзілі Прэкмур’е, Мэджымур’е, Баранья і тэрыторыі былога ваяводзтва Сэрбія і Тэмэшварскі Банат.
  • Босьнія і Герцагавіна (мела статус кандамініюму Аўстрыі ды Вугоршчыны).

Меры па ўмацаваньні праюгаслаўскіх сілаў у Харватыі-Славоніі былі ініцыяваныя г.зв. югаслаўскім парлямэнцкім клюбам — групаў паўднёваславянскіх дэпутатаў у парлямэнце Цысьлейтаніі. 2-3 сакавіка 1918 году ў Загрэбе адбылася сустрэча розных палітычных партыяў, у першую чаргу Славенскай народнай партыі й Партыі правоў на чале зь Міле Старчавічам[6][7], пры гэтым былі выключаныя Харвацка-сэрбская кааліцыя і апазыцыйная ёй Харвацкая сялянская партыя. Па сустрэчы была складзеная агульная рэзалюцыя, у якой абвяшчаліся адзінства славенцаў, харватаў і сэрбаў; патрабаваньне права на самавызначэньне і кіраваньне тэрыторыяй, якія займаюць гэтыя народы[5]. Тры народы апісваліся як адзіная нацыя з роўнапраўнымі яе часткамі.

У ліпені-жніўні 1918 году ў Спліце, Сушаку і Любляне былі створаныя г.зв. Народныя арганізацыі славенцаў, харватаў і сэрбаў, мэтаю якіх было прасоўваньне згаданае палітыкі. У канцы жніўня харвацка-славонскі бок зноў сустрэўся ў Загрэбе для абмеркаваньня далейшых дзеяньняў і спосабаў атрыманьня падтрымкі Харвацка-сэрбскае кааліцыі[5].

14 верасьня гтэага ж году міністар замежных справаў Аўстра-Вугоршчыны Іштван Бурыян выступіў з заявай пра ўрэгуляваньне Першае сусьветнае вайны мірным шляхам і стаў відавочным хуткі канец. Да пачатку кастрычніка славенска-харвацка-сэрбскі рух плянаваў стварэньне Нацыянальнага сходу. Сьвятазар Прыбічавіч, лідэр харвацка-сэрбскае кааліцыі, пайшоў на канфрантацыю з Срджанам Будышаўлевічам, якога Прыбічавіч падазраваў у наяўнасьці плянаў па падрыве кааліцыі. Тым ня менш, абодва палітыкі здолелі прыйсьці да кампрамісу, у выніку якога была дасягнутая дамоўленасьць далучэньне да любой Нацыянальнай рады да фармаваньня Нацыянальнага сходу. У той жа час арганізатары руху атрымлівалі дапамогу ад харвацкай Народнай партыі і сэрбскай Народнай радыкальнай партыі. 5-6 кастрычніка быў скліканы папярэдні сход і пачалося фармаваньне выканаўчых камітэтаў. Месцы былі разьмеркаваныя серад сябраў усіх партыяў, але адзначаўся асаблівы характар гэтага разьмеркаваньня[5][7].

Пазьней у кастрычніку таксама былі праведзеныя шматлікія сустрэчы, падчас якіх маніфэст імпэратара Аўстра-Вугоршчыны Карла І пра фэдэралізацыю Цысьлейтаніі быў адхілены. 28 кастрычніка міністар замежных справаў Аўстра-Вугоршчыны Андрашы Дзьюла накіраваў ураду ЗША мірную ноту, тады як бан Харватыі, Антун Міхалавіч паведаміў пра гэта імпэратара краіны і быў звольнены з інструкцыяй рабіце як заўгодна[5]. Вайсковае міністэрства таксама дазволіла мясцовым ваенным фармаваньням падысьці да народных радаў з мэтаю дапамогі ў падтрымцы законнасьці й парадку. Гэтыя акалічнасьці былі ўспрынятыя сэрбска-харвацка-славенскімі дзеячамі як фактар распаду Аўстра-Вугоршчыны, праз што ўтварэньне агульнае дзяржавы стала лічыцца дасягальнай мэтай[5].

Нацыянальная Рада

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нацыянальная Рада, таксама вядомая як Народная Рада была створаная 5-8 кастрычніка ў Загрэбе ў якасьці пашырэньня рашэньняў, прынятых раней славенска-харвацка-сэрбскімі дзеячамі ў сакавіку 1918 году. Рада абвясьціла сябе палітычным прадстаўнічым органам славенцаў, харватаў і сэрбаў, якія жылі на той момант у Харватыі-Славоніі, Фіюмэ, Далмацыі, Босьніі й Герцагавіне, Істрыі, Трыесьце, Крайне, Гарыцыі, Штырыі, Карынтыі, Бачцы, Банаце, Бараньі, Мэджымур’і ды іншых частках паўднёвага ўсходу Вугоршчыны. Быў створаны ўласны Цэнтральны камітэт і Прэзыдыюм. Сыстэма складу Рады зыходзіла з прапорцыі, згодна зь якой адзін яе сябра прадстаўляў 100 тыс чал. Акрамя гэтага, у склад Рады ўваходзілі 5 прадстаўнікоў ад харвацкага Сабару (парлямэнту), сойму Босьніі й Герцагавіны і Райхсрату (парлямэнту ўсёй Цысьлейтаніі) у агульнай складанасьці ў 95 чалавек. 32 сябраў з правам голасу мусілі сфармаваць кворум, для любога рашэньня патрабавалася ⅔ ад галасоў.

19 кастрычніка Нацыянальная Рада апублікавала свой адказ на фэдэралізацыйныя прапановы Карла І, аб’явіўшы сябе вярхоўным прадстаўнічым органам усіх паўднёвых славянаў манархіі і патрабуючы ад свайго боку як прадстаўнікоў паўднёвых славянаў краіны вылучэньня паўднёвых славянаў Аўстра-Вугоршчыны ў адзіную дзяржаву незалежна ад адміністрацыйна-тэрытарыяльных або дзяржаўных межаў.

29 кастрычніка 1918 году дзяржава была афіцыйна абвешчаная, першым яе прэзыдэнтам стаў Антан Корашац, славенец паходжаньнем. Тым ня менш, сэрбы Ваяводзіны, у тым ліку Бачкі, Банату й Бараньі, аспрэчылі вынікі дзейнасьці палітычных славенска-харвацка-сэрбскіх дзеячоў і стварылі сваю ўласную адміністрацыю пад вярхоўнай уладай Нацыянальнае рады Сэрбіі; 25 лістапада Ваяводзіна ўвайшла ў склад Сэрбіі. Днём раней рэгіён Срэм (памежжа Сэрбіі й Харватыі), які хоць і стаў часткай Дзяржавы славенцаў, харватаў і сэрбаў, палічыў патрэбным выйсьці са складу новаўтворанае дзяржавы і ўвайсьці ў склад Сэрбіі[3][4].

Канфлікт з Італіяй

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У мэтах недапушчэньня перадачы аўстра-вугорскага флёту, арсэналу і прыбярэжных умацаваньняў краінам Антанты Карл І прыняў рашэньне аб перадачы гэтых рэсурсаў Нацыянальнай радзе, праз што неўзабаве рада накіравала краінам Антанты паведамленьне пра гэтую перадачу. Тым ня менш, праз хуткі час флёт быў атакаваны каралеўскімі вайскова-марскімі сіламі Італіі.

Аўстра-Вугоршчына здолела дасягнуць замірэньня з Італіяй, якое было падпісана 3 лістапада 1918 году ў Віла-Джусьці. Гэтае пагадненьне прадугледжвала ў тым ліку й заняцьце Італіяй вызначаных тэрыторыяў Дзяржавы славенцаў, харватаў і сэрбаў. У выніку замірэньня Італія заняла Істрыю ды большую частку Далмацыі, застаючыся ў рэгіёне да 1921 году да ўступленьня ў сілу Рапальскае дамовы.

Зносіны з Сэрбіяй

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяржава славенцаў, харватаў і сэрбаў не атрымала дыпляматычнага прызнаньня ад самога свайго ўтварэньня. У ноце ад 31 кастрычніка Нацыянальная рада праінфармавала ўрады Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і ЗША пра сваю дэ-факта існую незалежнасьць і пра намер утварыць новую дзяржаву з Сэрбіяй і Чарнагорыяй.

Падобная нота была адпраўленая ў прадстаўніцтвы Каралеўства Сэрбія і югаслаўскага камітэту ў Лёндане. 8 лістапада на ноту адказаў сэрбскі прэм’ер-міністар Нікала Пашыч, прызнаўшы Нацыянальную раду Загрэбу як законны ўрад славенцаў, харватаў і сэрбаў Аўстра-Вугоршчыны і заклікаў урады Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі ды Італіі паступіць на гэты ўзор.

23-24 лістапада Нацыянальная рада заявіла пра намер аб’яднаньня ўсёй паўднёваславянскай тэрыторыі былой Аўстра-Вугоршчыны з Каралеўствам Сэрбіі й Чарнагорыі ў адзіную дзяржаву славенцаў, харватаў і сэрбаў. 28 чальцоў Рады былі абавязаныя далучыцца да вырашэньня гэтага пытаньня з урадам Сэрбіі і прадстаўнікамі яе палітычных партыяў. Тым ня менш, у значнай ступені гэтыя інструкцыі былі праігнараваныя, бо 28 чальцоў пачалі весьці перамовы зь непасрэдна сэрбскім рэгентам — Аляксандрам І Карагеоргіевічам[6].

Супраць аб’яднаньня выступіла Сялянская партыя Сьцепана Радыча, аргумэнтуючы гэта тым, што парлямэнт Харватыі ніколі не даваў відавочнае згоды на гэты крок[8].

1 сьнежня гэтага ж году рэгент Аляксандар аб’явіў пра аб’яднаньне «Сэрбіі зь землямі незалежнае дзяржавы славенцаў, харватаў і сэрбаў у адзінае Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў». Нацыянальная рада па заканчэньні сваёй дзейнасьці ў выніку аб’яднаньня ніколі фармальна не ратыфікавала дэклярацыю. Парлямэнт Сэрбіі зацьвердзіў дакумэнт толькі 29 сьнежня[6]. Апошняй функцыяй Нацыянальнае рады стала складаньне сьпісу прадстаўнікоў для г.зв. Часовага нацыянальнага прадстаўніцтва ў пачатку 1919 году[5].

  1. ^ Писарев Ю. А. № 1 // Создание Югославского государства в 1918 г.: уроки истории. — Новая и новейшая история, 1992.
  2. ^ Mitrović, Andrej. Serbia's Great War, 1914–1918. — London: Hurst & Company, 2007.
  3. ^ а б Vladimir Ćorović. knjiga šesta // Ilustrovana istorija Srba. — Belgrade: 2006.
  4. ^ а б Drago Njegovan. Prisajedinjenje Vojvodine Srbiji. — Novi Sad: 2004.
  5. ^ а б в г д е ё Matijević, Zlatko. 14 // Narodno vijeće Slovenaca, Hrvata i Srba u Zagrebu: Osnutak, djelovanje i nestanak (1918/1919). — Fontes. — Hrvatski državni arhiv.
  6. ^ а б в Boban, Ljubo. 26 // Kada je i kako nastala Država Slovenaca, Hrvata i Srba. — Radovi - Journal - Institute of Croatian History, 1993. — Т. 1. — С. 187-198.
  7. ^ а б Štambuk-Škalić, Marina; Matijević, Zlatko. Narodno vijeće Slovenaca, Hrvata i Srba u Zagrebu 1918-1919. Izabrani dokumenti. — Fontes. — Hrvatski državni arhiv.
  8. ^ Povijest HSS (харв.) Hrvatska seljačka stranka. Праверана 14 студзеня 2014 г.