Перайсьці да зьместу

Гісторыя Хоцімску

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Плян мястэчка, канец XVIII ст.

Хоцімск або Хоцімля — даўняе мястэчка гістарычнай Амсьціслаўшчыны, заснаванае пад назвай Радзівілаў у гонар старажытнага княскага роду. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася драўляная ўніяцкая царква, помнік традыцыйнай беларускай архітэктуры.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заснаваньне паселішча з назвай Хоцімля (Хоцімель) адбылося паміж 1695 і 1700 гадамі. Паводле беларускіх энцыкляпэдычных выданьняў[1][2][3], першы пісьмовы ўпамін пра яго як слабаду ў Амсьціслаўскім ваяводзтве датуецца 1709 годам. Тым часам у швэдзкіх крыніцах часоў Вялікай Паўночнай вайны існуе ўпамін за 5 кастрычніка 1708 году пра паселішча пад назвай Hotzemetz (Хоцемец або Хацямец), якое атаясамліваецца з сучасным Хоцімскам[4]. На 1714 год у вёсцы было 66 дымоў, дзейнічала царква, працавалі карчма і млын[2].

19 кастрычніка 1714 году, паводле ўнівэрсалу канцлера Вялікага Княства Літоўскага К. С. Радзівіла, на другім беразе Бесядзі насупраць вёскі Хоцімлі заклалі мястэчка Радзівілаў. На 1727 год у ім было 148 дымоў, існавала 3 вуліцы (Крычаўская, Альшоўская, Глухая), на 1747 год — 116 дымоў і 8 вуліцаў (Крычаўская, Альшоўская, Старэцкая, Бясовіцкая, Лагавая і інш.), царква Раства Багародзіцы з званіцай, сынагога, карчма, вязьніца. Зь сярэдзіны XVIII ст. Радзівілаў — цэнтар Бярозаўскай воласьці Крычаўскага староства[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Радзівілаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Клімавіцкім павеце[5]. Расейскія ўлады адразу ж[6] перайменавалі мястэчка ў Хоцімск[2] і падаравалі яго Р. Пацёмкіну. Паселішча ўваходзіла ў Крычаўскае графства. Згодна з рэвіскай сказкай 1779 году, у колішнім Радзівілаве было 63 хрысьціянскія і 42 юдэйскія дымы, Спаская царква, рымска- і грэцка-каталіцкія капліцы, сынагога[6]. На 1844 год — 139 двароў, дзейнічалі 2 царквы і касьцёл.

У 1860-я гады ў Хоцімску было 5 пенькатрапальных прадпрыемстваў, маслабойня, крупадзёрка, вінакурня і бровар. У 1880 годзе ў мястэчку было 274 дамы, дзейнічалі 2 царквы і 2 малітоўныя дамы, працавала народная вучэльня. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 416 двароў.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Хоцімск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Хоцімск вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну. 17 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 15 жніўня 1941 да 26 верасьня 1943 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1994 годзе афіцыйна зацьвердзілі герб і сьцяг Хоцімску.

Старыя сакральныя будынкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новая царква-мураёўка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Мяцельскі А. Хоцімск // ЭГБ. — Мн.: 2003 Т. 6. Кн. 2. С. 77.
  2. ^ а б в г Мяцельскі А. Хоцімск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 717.
  3. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 184.
  4. ^ Rosenkov M. Swedes on the territory of today's Mahilioŭ region during the Great Northern War // Belarusian Review. 2014. Vol. 26, Nr. 3. P. 23.
  5. ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 601.
  6. ^ а б Мяцельскі А. Радзівілаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 384.