Гісторыя Лепеля
Лепель — даўняе места гістарычнай Полаччыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму касьцёл Сьвятога Казімера і драўляная царква Сьвятой Параскевы Пятніцы, помнікі архітэктуры XIX ст. Побач з касьцёлам у 2010 годзе паставілі першы ў Беларусі помнік канцлеру Льву Сапегу. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася збудаваная ў стылі клясыцызму царква Сьвятога Спаса, помнік архітэктуры XIX ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Лепель датуецца 1439 годам. У гэты час на высьпе Лепельскага возера існавалі вёска і маёнтак Стары Лепель, якія Міхал Жыгімонтавіч падараваў Віцебскаму рымска-каталіцкаму касьцёлу. У 1503 годзе вялікі князь Аляксандар зацьвердзіў за Віцебскім касьцёлам дарунак Міхала Жыгімонтавіча, дадаўшы да яго Баравенскае войтаўства і вёскі Машчоны ды Соржыцу. У 1541 годзе з згоды Папы Рымскага вялікі князь Жыгімонт Стары далучыў Лепельскі маёнтак да Віленскай катэдры. У Інфлянцкую вайну (1558—1582) на тэрыторыі маёнтку збудавалі драўляны замак[2].
У 1563 годзе побач з замкам на высьпе заснавалі места Лепель, пры якім працаваў гандлёвы порт. Таго ж году Віленская капітула, ня будучы ў стане бараніць маёмасьць ад несупынных нападаў суседняй Маскоўскага дзяржавы, аддала маёнтак у валоданьне вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту з умовай, што калі ён захоча назаўсёды пакінуць гэтую маёмасьць сабе, то мусіць даць капітуле іншую маёмасьць той самай вартасьці. Аднак насуперак дамоўленасьці ў 1568 годзе Жыгімонт Аўгуст аддаў Лепель у пажыцьцёвае карыстаньне кашталяну смаленскаму Юрыю Зяновічу, а па ягонай сьмерці — ваяводу полацкаму Мікалаю Дарагастайскаму. У 1579 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вярнуў лепельскую маёмасьць Віленскай рымска-каталіцкай катэдры.
На 1580 год у месьце Лепелі было 300 дамоў, якія стаялі на высьпе і на заходнім беразе возера (цяпер гэта вёска Стары Лепель)[3]. 19 траўня 1586 году маёнтак Лепле набыў Леў Сапега. За 3 км ад Старога Лепеля, у вёсцы Белае, ён заснаваў мястэчка Белы Лепель або Новы Лепель, куды неўзабаве перамясьціўся гандлёвы цэнтар. Апроч таго, у мястэчку збудавалі замак, царкву і касьцёл. У 1609 годзе Леў Сапега перадаў Стары Лепель і Новы Лепель Віленскаму кляштару бэрнардынак, які дзейнічаў пры касьцёле Сьвятога Міхала.
У 1772—1776 гадох у зьвязку зь першым падзелам Рэчы Паспалітай Лепель стаў сталіцай Полацкага ваяводзтва. У месьце адбываліся паседжаньні земскага і гродзкага судоў[3].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Лепель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Полацкай, з 1802 году — Віцебскай губэрні. У 1797—1805 гадох вялося будаваньне Бярэзінскай воднай сыстэмы, дырэкцыя якой разьмясьцілася ў Лепелі (у 1833—1839 гадох тут працаваў калега і сябар Адама Міцкевіча Ян Чачот). У 1804 годзе адбылося зацьвярджэньне першага пляну забудовы места. У вайну 1812 году Лепель панёс вялікія страты: войскі, што праходзілі празь места, спалілі яго.
У 1821 годзе ў Лепелі адкрылася аптэка, у 1830 годзе — 4-клясная вучэльня. У 1833 годзе места моцна пацярпела ад пажару. У 1835 годзе складзены генэральны плян Лепеля, згодна зь якім места падзялялася на цэнтар і 26 кварталаў (у 1860 годзе гэты плян скарэктавалі, падзяліўшы Лепель на 30 кварталаў і 4 плошчы). У 1841—1844 гадох тут збудавалі мураваны праваслаўны сабор, у 1857—1876 гадох — касьцёл Сьвятога Казімера. 9 верасьня 1852 году места атрымала герб: «у чырвоным полі Пагоня»[4]. На 1864 год у месьце было 38 мураваных і 562 драўляныя дамы (паводле зьвестак на 1897 год — 10 мураваных і 800 драўляных); дзейнічалі 3 царквы, касьцёл, капліца, 4 сынагогі; працавалі піваварны і гарбарны заводы, 2 цагельні.
У 1893 годзе ў Лепелі адкрылася мэтэастанцыя, у 1902 годзе — настаўніцкая бібліятэка. У пачатку ХХ ст. у месьце было 772 будынкі, дзейнічалі 12 дробных прадпрыемстваў, друкарня, 7 навучальных установаў, у тым ліку жаночая Марыінскач вучэльня; штогод праводзіліся 4 кірмашы. Паводле зьвестак за 1913 год, з 7 тысячаў жыхароў Лепеля палову, або 4 тысячы, складалі жыды, якія трымалі ўвесь гандаль; улады закансэрвавалі будынкі і абсталяваньне Бярэзінскай воднай сыстэмы, аднак існаваў пэрсанал абслугі на чале з інжынэрамі. У Першую сусьветную вайну 15 сакавіка — 28 верасьня 1918 году Лепель займалі нямецкія войскі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лепель абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала Лепель разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З кастрычніку 1919 да 14 траўня 1920 году места знаходзілася пад польскай уладай.
У 1924 годзе Лепель вярнуўся ў БССР, дзе стаў цэнтрам раёну (у 1935—1938 гадох — цэнтар акругі). У 1925 годзе тут адкрылася аднайменная чыгуначная станцыя. У Другую сусьветную вайну з 3 ліпеня 1941 да 26 жніўня 1944 году Лепель знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
7 сакавіка 1963 году Лепель атрымаў афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. 19 красавіка 2010 году яго ўзнагародзілі вымпэлам «За мужнасьць і стойкасьць у гады Вялікай Айчыннай вайны»[5]. 11 верасьня 2010 году ў цэнтры Лепеля ўрачыста адкрылі помнік дзяржаўнаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага — Льву Сапегу (нягледзячы на пратэсты Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)[6].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Азёрная вуліца
-
Набярэжная
-
Рака Ула. Млын, 1913
-
Рака Ула, 1913
-
Ксяндзоў мост
-
Утока ракі Улы ў Лепельскае возера, 1913 г.
-
Рог Поўсьвіскай і Капаніцкай
-
Капаніцкая вуліца, касьцёл Сьвятога Казімера
-
Капаніцкая вуліца. Касьцёл, 1913
-
Касьцёл, інтэр’еры
-
Рог Поўсьвіскай і Капаніцкай, 1913
-
Поўсьвіская вуліца, 1913
-
Поўсьвіская вуліца
-
Рынак. Мескі сад
-
Рынак. Мітынг, 1917
-
Рынак. Пошта, 1913
-
Царква, зьнішчаная бальшавікамі
-
Царква
-
Поўсьвіская вуліца
-
Поўсьвіская вуліца
-
Чашніцкая вуліца, земская ўправа
-
Чашніцкая вуліца, земская ўправа
-
Чашніцкая вуліца, земская ўправа
-
Чашніцкая вуліца, 1919
-
Клюб і паліцыя
-
Шляхецкая вуліца
-
Гімназія
-
Вакзал, 1926
-
Бярэзінская водная сыстэма
-
Бярэзінская водная сыстэма
-
Бярэзінская водная сыстэма, 1913
-
Бярэзінская водная сыстэма
-
Бярэзінская водная сыстэма
-
Бярэзінская водная сыстэма, 1914
-
Бярэзінская водная сыстэма, 1914
-
Шпітальная вуліца. Шпіталь, 1930-я
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 71.
- ^ Януш І. Лепель // БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 206.
- ^ а б Януш І. Лепель // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 189.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 183.
- ^ УКАЗ ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ 19 красавіка 2010 г. № 189 Аб узнагароджанні некаторых населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны»(недаступная спасылка)
- ^ Помнік Льву Сапегу паставілі, нягледзячы на пратэст праваслаўнага сьвятара // «Радыё Свабода», 13 верасьня 2010.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лепельскага р-на. — Мн.: Беларусь, 1999. — 639, [1] с. ISBN 985-01-0291-8.
- Святы Казімір у Паазер’і: 400 гадоў каталіцызма ў Лепельскім краі. — Лепель: Выдавецкая ініцыятыва LEPLE, 2004.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884.
- Шлык Ф. Лепель: историко-экономический очерк. — Мн., 1976. — 110 с.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гісторыя Лепеля — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў