Прыслоўе
У гэтым артыкуле няма спасылак на якія-небудзь крыніцы.
|
Прыслоўе — нязьменная часьціна мовы, якая абазначае прымету дзеяньня, прадмету або якасьці.
Прымету дзеяньня прыслоўе абазначае, калі адносіцца да дзеяслова ці дзеепрыслоўя: прыехалі ноччу, гучна размаўляючы.
Прымету прадмета прыслоўе абазначае, адносячыся да назоўніка: размова па-арамейску, прагулка ўвечары.
Часьцей за ўсё прыслоўе адносіцца да дзеяслова. Яно можа паказваць на час дзеяньня (сёньня, увечары, улетку, вясною), месца (там, угары, навокал, дахаты), прычыну (згарача, спрасонку), значэньне[a] (знарок, назло, сумыслу), спосаб дзеяньня (скора, хутка, уголас, подбегам, пехатою), меру ці ступень (шмат, двойчы, дашчэнту, зусім).
Прымету якасьці прыслоўе абазначае, адносячыся да прыметніка, дзеепрыметніка або другога прыслоўя: надта разумны, добра пабудаваны, вельмі гарачы.
Прыслоўі не скланяюцца, не спрагаюцца, не зьмяняюцца па родах і ліках, а таму яны ня маюць канчаткаў. Некаторыя прыслоўі, утвораныя ад якасных прыметнікаў, маюць ступень параўнаньня: хутка — хутчэй, больш хутка, найхутчэй, надта хутка, хутчэй за ўсіх; моцна — мацней, больш моцна, наймацней, вельмі моцна, мацней за ўсіх.
Прыслоўі ўтварыліся і ўтвараюцца з зьменных часьцін мовы. Найбольш прыслоўяў утварылася ад прыметнікаў (ціха, павольна, прыгожа, па-людзку) і ад назоўнікаў (унізе, удзень, бягом, бясконца). Ёсьць прыслоўі, ўтвораныя ад лічэбнікаў (двойчы, ўтраіх, удвая, перш-наперш), ад заменьнікаў (заўсёды, таму, па-мойму), ад дзеясловаў (ісьці крадучыся, гульма гуляць), ад прыслоўяў (завысока, недалёка, нікуды). Ёсьць і складаныя прыслоўі: штовечар, ціха-ціха, сям-там, раз-пораз.
У сказе прыслоўе зьяўляецца акалічнасьцю:
Тут лёгка і радасна песьня пяецца. (Максім Танк)
Адгрымела ноччу навальніца. (Пімен Панчанка)
Налева адкрыўся шырокі плёс. (Янка Брыль)
Значна радзей — азначэньнем: Зьлева пачулася гаворка па-нямецку. (Алесь Адамовіч)
Напісаньне прыслоўяў разам
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Разам пішуцца:
- прыслоўі, ўтвораныя шляхам спалучэньня прыназоўнікаў з кароткімі і поўнымі прыметнікамі: здаўна, здалёк, насуха, зрэдку, ўлева, ўправа, зьлева, справа[b], паціху, зацемна, збольшага, упустую, ушчыльную (але: ў адкрытую)
- прыслоўі, ўтвораныя шляхам спалучэньня прыназоўнікаў у (ў), на са зборнымі і колькаснымі лічэбнікамі: удвух, утрох, учатырох, удваіх, утраіх, учацьвярых, удзьвюх, надвае, натрае (але: у адно, па двое, па трое)
- прыслоўі, ўтвораныя спалучэньнем прыназоўнікаў з прыслоўямі: назаўсёды, назаўжды, навокал, напотым, назаўтра, назусім, настолькі, насупраць, удвайне, заўчора, залетась, пасьлязаўтра, замала, замнога і інш[c].
- прыслоўі, ўтвораныя шляхам спалучэньня прыназоўнікаў з займеньнікамі: нашто, навошта, нізашто, потым, затым, зусім[d]
- прыслоўі, ўтвораныя спалучэньнем прыназоўнікаў з рознымі склонавымі відамі назоўнікамі: удзень, узімку, увесну, увосень, дадому, дахаты, напалову, улетку, зьверху, зьнізу (але: зь верху да нізу, зь нізу да верху), назад, наверх, збоку, ўнізе, ўверсе, ўгары, ўночы, зранку (але: з ранку да вечара)[e]
- складаныя прыслоўі, якія маюць у сваім складзе займеньнік што: штодзень, штогод, штовечар, штораніцы, што месяц, штотыдзень, штохвілінна. Разам пішуцца прыслоўі таксама, гэтаксама.
Правапіс спалучэньняў, блізкіх да прыслоўяў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У беларускае мове ёсьць спалучэньне прыназоўнікаў з назоўнікамі, якія ў сказе выконваюць ролю акалічнасьцей, і таму яны блізкія сваім значэньнем да прыслоўяў. Такія спалучэньні пішуцца асобна. Вось асноўныя зь іх:
- спалучэньне назоўнікаў з прыназоўнікамі з (зь), без (безь, бяз, бязь), да, на, у (ў), пад, за, з-за і інш.: з разьбегу, з налёту, з ходу, без разбору, бяз толку, без канца (але: бясконца), да зарэзу, да ўпаду, на хаду, на ляту, на бягу, на віду, на слых, на сьмех, у адзіночку, у момант, у меру, пад пахі, пад пахай, за мяжой, за граніцы, за мяжу, з-за мяжы, з-за граніцы
- спалучэньне адмоўяў не, ні з прыназоўнікавымі відамі назоўнікаў: не ў пару, не ў меру, не пад сілу, не да смаку, не да твару, ні за грош
Напісаньне прыслоўяў праз злучок
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Праз злучок пішуцца:
- прыслоўі з прыстаўкаю па-, якія канчаюцца на -ому, -аму, -яму, -ску, -цку, -ы (-і): па-веснавому, па-ранейшаму, па-летняму, па-беларуску, па-хрысьціянску, па-каталіцку, па-праваслаўнаму, па-чалавечы
- прыслоўі, ўтвораныя ад парадкавых лічэбнікаў (такія прыслоўі ў сказе выступаюць заўсёды пабочнымі словамі): па-першае, па-другое, па-трэцяе
- складананыя прыслоўі, ў якіх паўтараецца тое самае слова: ледзь-ледзь, ціха-ціха, даўно-даўно, высока-высока, далёка-далёка, дзе-нідзе, сам-насам, калі-нікалі, разпораз, як-ніяк[f]
- прыслоўі з прыстаўкаю абы- і ўстаўкаю (суфікс) -небудзь: абы-дзе, абы-куды, абы-як, як-небудзь, дзе-небудзь, калі-небудзь, куды-небудзь
- прыслоўі, ўтвораныя ад складаных прыметнікаў, якія пішуцца таксама праз злучок: вогненна-ярка, (вогненна-яркі)
Праз злучок пішацца слова на-гары.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Або мэту дзеяньня
- ^ Маецца на ўвазе тое, што знаходзіцца насупраць зьлева, а ня справа як сукупнасьць папер
- ^ Ад гэтых прыслоўяў трэба адрозьніваць спалучэньне прыназоўнікаў зь нязьменнымі словамі, якія пішуцца з прыназоўнікамі асобна: да цямна, да заўтра, на пасьлязаўтра, зь цямна, да відна, ад малку.
- ^ Неабходна адрозьніваць прыслоўі НАШТО, НІЗАШТО ад займеньнікаў НА ШТО, НІ ЗА ШТО: Нашто табе гэта? (Нашто мае значэньне "зь якоб мэтаю") — Нашто паставіць лямпу? Нізашто не пайду (НІЗАШТО са спалучэньнем "ні ў якім разе", "ніколі") — Ні за што пакрыўдзіў чалавека ("ні за што — "дарэмна", "без прычыны").
- ^ Калі ёсьць паясьняльныя словы, то гэта назоўнік з прыназоўнікам, яны пішуцца асобна: ў дзень адкрыцьця спаборніцтваў, з боку лесу, ў пачатку дарогі, зь верху хвоі, з пачатку года, ў высь завоблачную.
- ^ Устойлівыя спалучэньні, ў якіх паўтараецца тое самае слова ў розных склонах з прыназоўнікам, пішуцца асобна: адзін на адзін, сьлед у сьлед, дзень пры дні, дзень у дзень, раз у раз, час ад часу, рука ў руку.
|