Перайсьці да зьместу

Лічэбнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Лічэ́бнік — часьціна мовы, якая абазначае адцягненую колькасьць (лік) або парадак прадметаў пры іх лічэньні: адзін, два, сем, дзесяць; адна пятая; двое, трое; другі, шосты, дзясяты.
Паводле значэньня лічэбнікі дзеляцца на:

  • колькасныя
  • парадкавыя.

Колькасныя лічэбнікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Колькасныя лічэбнікі адказваюць на пытаньне колькі ?. У спалучэньні з назоўнікамі яны абазначаюць колькасьць прадметаў, а без назоўнікаў — адцягнены лік: сем вучняў, дзесяць сталоў, дванаццаць кніг; дванаццаць дзеліцца на тры.

Колькасныя лічэбнікі дзеляцца на тры віды:

  • лічэбнікі, якія абазначаюць цэлыя лікі: адзін, тры, пяць, пятнаццаць
  • дробавыя лічэбнікі, якія абазначаюць дробавыя лікі: адна шостая, сем пятых
  • зборныя лічэбнікі, якія абазначаюць сукупнасьць прадметаў: двое, трое, шасьцёра

Парадкавыя лічэбнікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Парадкавыя лічэбнікі адказваюць на пытаньне ’які ? каторы ?'. Яны паказваюць на парадкавы лік прадмета сярод іншых прадметаў пры пералічэньні: другая хата, пяты двор, восьмы паверх, шаснаццаты дзень, семдзясят другі год.
Колькасныя лічэбнікі самыя распаўсюджаныя сярод лічэбнікаў.

Лічэбнікі па складах

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле складаў лічэбнікі падзяляюцца на:

  • простыя: адзін, тры, восем
  • складаныя: дваццаць, сямідзясяты
  • састаўная: трыццаць сем, сто шэсьдзясят пяты

Лічэбнікі зьмяняюцца па склонах. Лічэбнікі адзін, два, абодва зьмяняюцца па родах, а лічэбнік адзін — і па ліках: адзін дом, адна кніга, адно акно; два дамы, дзьве кнігі, два акны; абодва дамы, абедзьве кнігі, абодва акны; адны сані.

Лічэбнікі могуць быць любым членам сказу:

Дзевяць[a] і восем[b] — семнаццаць[c].

Дзелім сорак[d] на дваццаць[e].

Цяпер у дваццатае[f] школе сустрэча з бацькамі.

Лічэбнік з назоўнікам можа ўтвараць спалучэньне, якое выступае адным членам сказу:

Дваццаць[g] вучняў працавала на прышкольным участку.

З двух[h] палотнішчаў сшылі сьцяг.

Перадача пачынаецца а сёмай[i] гадзіне.

Ужываньне лічэбнікаў з назоўнікамі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назоўнікі пры колькасных лічэбніках два (дзьве), абодва (абедзьве), тры, чатыры, а таксама прыметнікі, дзеепрыметнікі, парадкавыя лічэбнікі, займеньнікі, што ўваходзяць у словазлучэньні з гэтымі лічэбнікамі, маюць гучаньне назоўнага склону множнага ліку: два дубы, абодва хлопцы, тры першыя новыя дамы, усе чатыры прачытаныя вершы.

У дробавых лічэбніках пры словах два (дзьве), тры, чатыры парадкавыя лічэбнікі і прыметнікі стаяць у назоўным склоне множнага ліку: дзьве шостыя, тры пятыя, чатыры сёмыя.

Пры лічэбніку паўтара (паўтары) назоўнікі стаяць у родным склоне адзіночнага ліку, калі гэтыя лічэбнікі ўжываюцца ў назоўным і вінавальным склонах: паўтара кіляграма, паўтары тоны. У іншых склонах пры лічэбніку паўтара (паўтары) назоўнікі ўжываюцца ў множным ліку: паўтара кіляграмам, паўтары тонам, паўтара кіляграмамі, паўтары тонамі, у паўтара кіляграмах, у паўтары тонах.

Пры абазначэньні адлегласьці паміж прадметамі лічэбнік з назоўнікам у беларускай мове ўжываецца з прыназоўнікам за: Спыніліся за дзесяць кілямэтраў ад места.

Правапіс лічэбнікаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Колькасныя лічэбнікі два (абодва), дзьве (абедзьве), тры, чатыры ў творным склоне маюць на канцы -ма: двума (абодвума), дзьвюмя (абедзьвюмя), трыма, чатырма.

У колькасных лічэбніках пяць, шэсьць, дзевяць — дваццаць, трыццаць мяккі знак пішацца на канцы слова, а ў лічэбніках пяцьдзясят, шэсьцьдзясят, пяцьсот, шэсьцьсот, дзевяцьсот — пасьля першага кораня.

У лічэбніку восем ва ўскосных склонах, акрамя вінавальнага, пасьля с пішацца ь: васьмі, васьмю.

Лічэбнікі адзінаццаць — дваццаць і трыццаць пішуцца з двума ц (цц) у сярэдзіне слова.

У лічэбніках пяць, дзевяць — дваццаць, трыццаць у творным склоне падаўжаецца апошні зычны асновы: пяцьцю, дзевяцьцю, дзесяцьцю, дзевятнаццацьцю, трынаццацьцю.

Складаныя парадкавыя лічэбнікі з апошняй часткай -тысячны, -мільённы, -мільярдны пішуцца ў адно слова: стотысячны, пяцьсотдваццацімільённы, трыццацімільярдны.

Калі ў гэтых лічэбніках перад часткай -тысячны, -мільённы, -мільярдны колькасьць абазначана лічбай, то пасьля лічбы пішацца злучок: 100-тысячны, 520-мільённы, 30-мільярдны.

  1. ^ Дзейнік
  2. ^ Дзейнік
  3. ^ Выказьнік
  4. ^ Дапаўненьне
  5. ^ Дапаўненьне
  6. ^ Азначэньне
  7. ^ Дзейнік
  8. ^ Дапаўненьне
  9. ^ Акалічнасьць