Голда Мэір
Голда Мэір גולדה מאיר | |
4-ты Прэм'ер-міністар Ізраілю | |
---|---|
17 сакавіка 1969 — 3 чэрвеня 1974 | |
Папярэднік: | Ляві Эшкаль |
Наступнік: | Іцхак Рабін |
2-гі Міністар замежных справаў Ізраілю | |
18 чэрвеня 1956 — 12 студзеня 1966 | |
Папярэднік: | Машэ Шарэт |
Наступнік: | Аба Эбан |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзілася: |
3 траўня 1898[1][2][3] Кіеў, Расейская Імпэрыя |
Памерла: |
8 сьнежня 1978[4][5][1][…] (80 гадоў) Ерусалім, Ізраіль |
Партыя: | |
Сужэнец: | Morris Meyerson[d] |
Дзеці: | Мэнахем, Сара |
Бацька: | Мойшэ-Іцхок Мабовіч |
Маці: | Блюма Мабовіч |
Адукацыя: | педагагічны каледж |
Узнагароды: | |
Голда Мэір (іўрыт: גּוֹלְדָּה מֵאִיר He-Golda Meir.ogg ; дзявочае прозьвішча — Мабовіч, прозьвішча па мужу — Мэерсон 3 траўня 1898, Кіеў — 8 сьнежня 1978, Ерусалім) — дзяржаўная дзяячка і дыпляматка Ізраіля. Прэм’ер-міністарка Ізраіля (1969—1974), міністарка замежных справаў (1956—1966). Генэральная сакратарка сацыял-дэмакратычнай партыі Ізраіля. З 1972 году віцэ-прэзыдэнтка, з 1976 году — ганаровая прэзыдэнтка Сацыялістычнага інтэрнацыяналу. Акрамя гэтага была першай амбасадаркай Ізраіля ў СССР, займала пасаду міністаркі працы. Яе дзяцінства прайшло на беларускай зямлі — у Пінску. Яе подпіс, сярод іншых, стаіць пад Дэклярацыяй Незалежнасьці Ізраіля.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяцінства й маладосьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адна з самых знакамітых жанчын XX стагодзьдзя нарадзілася ў 1898 годзе ў Расейскай імпэрыі, у Кіеве, у сям’і цесьляра Мойшэ Іцхoка і Блюмы Мабавіч. У 1903 годзе Мабавічы, асьцерагаючыся пагромаў, пераехалі з Кіева ў Пінск, у дом бабулі і дзядулі Голды. У пошуках лепшага жыцьця Мошэ Іцхак Мабавіч эміграваў у Амэрыку. Праз тры гады, ў 1906 годзе, жонка з трыма дачкамі выехала да яго.
Голда Мэір зь дзевяці гадоў пачала працаваць у краме, якой валодала яе маці ў Мілуокі. Чатырнаццацігадовай дзяўчынай зьбегла з дому да старэйшай сястры Шаны ў Дэнвэр, каб пазбавіцца прымусовага шлюбу з трыццацігадовым страхавым агентам і мець магчымасьць атрымаць сярэднюю адукацыю. Брала актыўны ўдзел у сыянісцкай суполцы Дэнвэру, стала шчырай прыхільніцай руху «Поале Цыён» («Працоўныя Сыёну»). Там жа пазнаемілася з будучым мужам Морысам Мэірсонам. Пазьней пасварылася зь сястрой ды вярнулася ў Мілуокі, дзе і скончыла ў 1916 годзе сярэднюю школу Паўночнай акругі ў якасьці віцэ-прэзыдэнта свайго кляса.
У 1921 годзе яна разам з мужам перабралася зь Мілуокі ў Палестыну, у тады яшчэ маленькае мястэчка Тэль-Авіў, дзе ўладкавалася ў кібуц «Мерхавія».
Шлях у палітыку
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У «Мерхавіі» пачалася палітычная кар’ера Голды Мэір. Спачатку яе абралі ў кіраваньне паселішча, потым — дэлегатам на зьезд кібуцкага руху, дзе Голда сустрэла лідэраў працоўнага руху, у тым ліку і будучага прэм’ер-міністра Ізраіля Бэн-Гурыёна.
У 1929 і 1930 гадах Голда Мэір часта выяжджала за мяжу па справах Жаночай працоўнай рады. Яна прадстаўляла габрэйскія жаночыя арганізацыі Палестыны ў ЗША (1932—1934). Пасьля вяртаньня на Блізкі Ўсход яна была абраная ў выканаўчы камітэт прафсаюзнага аб’яднаньня Гістадрут.
У 1940-я гады Мэір удзельнічала ў барацьбе габрэйскага народа за атрыманьне дзяржаўнай незалежнасьці, якая знаходзілася з 1920 году пад мандатам Вялікабрытаніі.
29 лістапада 1947 году ў Нью-Ёрку на ссэсіі ААН была прынятая пастанова аб падзеле Палестыны на дзьве незалежныя дзяржавы, але арабы адпрэчылі пастанову ААН. Габрэі ж вырашылі са зброяй у руках адстойваць сваё права на стварэньне незалежнай дзяржавы. Мэір адправілася ў ЗША, дзе выступала перад супляменьнікамі з заклікам аказаць дапамогу. За шэсьць тыдняў яна сабрала 50 мільёнаў даляраў.
Пасьля стварэньня ў траўні 1948 году дзяржавы Ізраіль ужо ў верасьні Мэір была накіраваная першым дыпляматычным прадстаўніком Ізраіля ў Маскву, дзе працавала цягам сямі месяцаў. Пасада прынесла ёй папулярнасьць і яна была прызначаная на пост міністаркі працы Ізраіля.
Палітычная кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Таленты Мэір асабліва раскрыліся падчас наступнага знаходжаньня на пасадзе мінісаркі замежных справаў (1956—1966).
З 1966 па 1968 год Голда Мэір займала пост генэральнай сакратаркі сацыял-дэмакратычнай сіянісцкай партыі МАПАЙ (Партыя працоўных Ізраіля). Затым на працягу пяці гадоў яна ўзначальвала ўрад Дзяржавы Ізраіль (1969—1974), увайшла ў сусьветную палітычную эліту, удзельнічала ў рашэньні шэрагу важных міжнародных праблемаў.
Апошнія гады Голды Мэір, калі яна дасягнула вяршыні сваёй кар’еры і стала старшынёй урада, былі самымі цяжкімі для Ізраіля. Сапраўднай трагедыяй зьявілася Вайна Суднага дня. Як вядома, вайна пачалася з правалу ізраільскай ваеннай выведкі, якая ня здолела распазнаць прыкметы падрыхтоўкі эгіпецка-сырыйскага наступу.
Да канца вайны Войска Абароны Ізраіля знаходзілася на адлегласьці 35 кілямэтраў ад Дамаску і 101 кілямэтра ад Каіру. Тое, што гэтая кровапралітная вайна была спыненая, — заслуга Голды Мэір.
У 1972 годзе Голда сама сышла ў адстаўку. Але з палітыкай не раставалася. У тым жа годзе яна стала віцэ-прэзыдэнткай, а з 1976 году — ганаровай прэзыдэнткай IV Інтэрнацыяналу.
Голда Мэір памерла ў Тэль-Авіве ў 1978 годзе.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Голда Мэір — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
- ^ а б в г Golda Meir // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ а б Golda Meir // Gran Enciclopèdia Catalana (кат.) — Grup Enciclopèdia, 1968.
- ^ а б Golda Meir // Munzinger Personen (ням.)
- ^ а б Golda Meir // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ а б Golda Mabovitz // Internet Broadway Database (анг.) — 2000.