Перайсьці да зьместу

Гарадзенская езуіцкая аптэка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аптэка
Гарадзенская езуіцкая аптэка
Будынак аптэкі ў сучаснасьці
Будынак аптэкі ў сучаснасьці
Краіна Беларусь
Горад Горадня
Каардынаты 53°40′42.5″ пн. ш. 23°49′52″ у. д. / 53.678472° пн. ш. 23.83111° у. д. / 53.678472; 23.83111Каардынаты: 53°40′42.5″ пн. ш. 23°49′52″ у. д. / 53.678472° пн. ш. 23.83111° у. д. / 53.678472; 23.83111
Ордэнская прыналежнасьць Ордэн езуітаў
Архітэктурны стыль барока пазьней клясыцызм
Заснавальнік Гарадзенскі езуіцкі калегіюм
Дата пабудовы 1687 год
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Стан дзейны
Сайт pdpafipapuatengah.org
Гарадзенская езуіцкая аптэка на мапе Беларусі
Гарадзенская езуіцкая аптэка
Гарадзенская езуіцкая аптэка
Гарадзенская езуіцкая аптэка
Гарадзенская езуіцкая аптэка на Вікісховішчы

Гарадзе́нская езуі́цкая аптэ́ка (таксама аптэка Адамовіча, фарная аптэка, аптэка Станпнеўскага) — двухпавярховы будынак, які належыць да найбольш раньніх мураваных пабудоваў езуіцкага калегіюму ў Горадні. Аптэка выходзіла на вуліцу тарцовымі фасадамі. Галоўным фасадам аптэка выходзіць на Савецкую плошчу (Рынкавая плошча).

Аптэка была заснавана ў 1687 року і першапачаткова месьцілася ў будынку езуіцкай калегіі — служыла для манахаў, студэнтаў і выкладчыкаў калегіюму. Лекі рыхтаваліся зь дзікіх зёлак і расьлінаў, якія вырошчваліся ў адмыловых агародах пры аптэцы. На пляне Горадні 1655 року на месцы аптэкі ўжо паказаны будынак.

Будынак аптэкі і калегіюм у сярэдзіне XIX стагодзьдзя

У 1709 быў пабудаваны новы будынак аптэкі. Пасьля ліквідацыі ордэна езуітаў аптэка перайшла пад кіраваньне Адукацыйнай камісіі. А пасьля ўтварэньня Гарадзенскай мэдыцынскай акадэміі ў 1775 увайшла ў ейны склад. У ейных сьценах працаваў вядомы навуковец-батанік, доктар мэдыцыны, прафэсар Жан Эмануэль Жылібэр, які па праве лічыцца заснавальнікам фармакалягічных навук у Вялікім Княстве Літоўскім. Прафэсар Жылібэр у будынку аптэкі праводзіў заняткі.

У 1763 року аптэка была ізноў перабудаваная, быў дабудаваны другі паверх. Выгляд аптэкі, які яна мела ў другой палове XVIII і першай палове XIX стагодзьдзяў, можна ўбачыць на акварэлях Напалеона Орды. У XIX стагодзьдзі аптэкай валодалі такія людзі, як Ян Адамовіч і Казімер Стэфаноўскі, які адкрыў на базе аптэкі першую філію Чырвонага крыжа.

Пасьля III падзелу Рэчы Паспалітай Горадня увайшла ў склад Расейскай імпэрыі. Аптэку перадалі ў прыватную ўласнасьць Яну Адамовічу, які абсталяваў яе пад хімічную лябараторыю. Пад ягоным кіраўніцтвам аптэка ўдзельнічала ў дасьледаваньні розных уласьцівасьцяў лекавых расьлінаў і мінэральнай вады ў Друскеніках.

Ад 1881 року аптэка належала мясцоваму лютэранскаму прыходу. У 1885 року будынак быў значна зьменены, былі ліквідаваныя адметнасьці стылю барока. Аптэка набыла архітэктурныя рысы будынкаў другой паловы XIX ст. У 1906 року аптэку набыў Эдвард Станпнеўскі, будучы мэр Горадні. У валоданьні Станпнеўскага аптэка заставалася да пачатку II сусьветнай вайны.

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да СССР у 1939 року аптэка была нацыяналізаваная і стала называцца «Нацыянальная Аптэка № 3 у г. Гродна». За часамі нямецкай акупацыі (1941—1944) большую частку пэрсаналу аптэкі забілі як «расава нячыстых». Сына Станпнеўскага забіла яшчэ ў 1940 року НКВД.

Пасьля вайны ў гэтым будынку аптэка існавала, нягледзячы на зьмену ўласьнікаў, увесь час да 1950 р. Пазьней аптэку тут замяніў склад, салён мэблі, Дом настаўніка.

Працы па стварэньні музэю ў будынку аптэкі пачаліся пасьля Міжнароднай мэдычнай канфэрэнцыі ў 1987 року (у 300-я ўгодкі заснаваньня аптэкі).

Экспазыцыя

Аднавіла сваю дзейнасьць езуіцкая аптэка 23 ліпеня 1996 р., калі частку яе памяшканьняў узяў у арэнду і аднавіў навукова-вытворчы каапэратыў «Біятэст». У старадаўніх залях са скляпеністымі столямі, упрыгожаных мастацкім каваньнем, разьмяшчаюцца гандлёвыя аддзелы, музэйная экспазыцыя і дапаможныя памяшканьні. Першая часовая музэйная экспазыцыя аптэкі паўстала дзякуючы дапамозе гараджанаў і праіснавала да 2004 року.

Інтэр’ер музэю ў аптэцы

Пасьля рэканструкцыі экспазыцыя ўяўляе сабой залю плошчай 50 м², падзеленую на 3 зоны: два ансамблевыя комплексы і адзін тэматычны. У першым ансамблевым комплексе ўзноўлены куток старадаўняй зёлкавай лябараторыі, так званы «куток альхіміка», у другім — фрагмэнт рэцэптурнай залі мяжы XIX—XX стагодзьдзяў. У вітрынах тэматычнай зоны ў разнастайных ілюстрацыях прадстаўленая ўся гісторыя аптэкі і фармакалёгіі ў Беларусі.

  • У музэі выстаўленыя на агляд 6 стылізаваных гербарыяў, выкананых знакамітай беларуска-польскай пісьменьніцай і жыхаркай Горадні Элізай Ажэшкай. Меркавана некаторыя зь іх яна прысьвяціла бацьку.
  • Адна з сэкцыяў экспазыцыі прысьвечаная мэдыцынскім інструмэнтам, якімі рабілі ўскрыцьцё караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя пасьля ягонай раптоўнай сьмерці ў Горадні. Само ўскрыцьцё было праведзенае 14 сьнежня 1586 р. у суседнім будынку магнацкай рэзыдэнцыі і зьяўлялася першым на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  412Г000028