Галадамор ва Ўкраіне
- Глядзіце таксама: Генацыд украінцаў
Галадамо́р (па-ўкраінску: Голодомор) — масавы штучны голад, арганізаваны савецкім рэжымам на чале зь Ёсіфам Сталіным на тэрыторыі УССР (землі сучаснае Ўкраіны за выключэньнем сямі заходніх абласьцей, Крыму й Паўднёвае Бэсарабіі) ды Кубані (дзе бальшыня насельніцтва была ўкраінскае нацыянальнасьці) у 1932—1933 гадох. Зьяўляецца адной з найвялікшых нацыянальных катастроф украінскага народу. Паводле розных ацэнак, яе ахвярамі сталі ад 2 да 7 млн чалавек[1].
Тэрмін Галадамор ужываецца таксама ў дачыненьні да голаду 1921—1923 ды голаду 1946—1947 гадоў[2][3][4][5].
Галадамор 1932—1933 гадоў закрануў ня толькі Ўкраіну, але й іншыя рэгіёны Савецкага Саюзу (у тым ліку й тагачасную БССР). Гістарычна тэрмін замацаваўся за тэрыторыяй, дзе пражывалі этнічныя ўкраінцы, як вынік узьнікненьне панятку «ўкраінскі генацыд» альбо «ўкраінскі галакост», што падразумявае наўмысна арганізаванае забойства ўкраінскага народу.
Галадамор ва Ўкраіне 1921—1923
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Галадамор ва Ўкраіне 1921—1923 — масавы голад, галоўным чынам ў паўдзённых вабласьцёх Украіны, у 1921—1923 гадох, выкліканы вывазам савецкай уладай збожжа ў Расею з Украіны, пад ціскам ураду Савецкай Расіі, на тле засухі і неўраджаю на поўдні Ўкраіны, Кубані і Паволжа.
Галадамор ва Ўкраіне 1932—1933
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Галадамор ва Ўкраіне 1932—1933 — масавы, наўмысна зарганізаваны савецкім урадам голад 1932—1933 гадоў, які прывёў да шматмільённых людзкіх стратаў у сельскай мясцовасьці на тэрыторыі Ўкраінскай ССР (землі сучаснай Украіны, за выняткам сямі заходніх вобласьцяў, Крыму і Паўдзённай Бэсарабіі (рум. Basarabia), якія ў той час не ўваходзілі ў склад УССР) ды Кубані, дзе частку насельніцтва складалі, акрамя іншых, і ўкраінцы. Выкліканы сьвядомымі і мэтанакіраванымі захадамі вышэйшага кіраўніцтва Ўкраінскай ССР і Савецкага Саюза на чале са Сталінам, разьлічанымі на задушэньне ўкраінскага нацыянальна-вызвольнага руху й фізычнага зьнішчэньня часткі ўкраінскага сялянства[6].
Сплянаваная канфіскацыя ўраджаю збожжавых і ўсіх іншых прадуктаў харчаваньня ў вяскоўцаў прадстаўнікамі савецкай улады на працягу Галадамору 1932-33 гадоў непасрэдна прывяла да забойства сялянаў голадам у мільённых маштабах, пры гэтым савецкая ўлада мела значныя запасы збожжа ў рэзэрвах і ажыцьцяўляла ягоны экспарт за мяжу падчас Галадамору[7].
Нягледзячы на тое, што злачынныя дзеяньні прадстаўнікоў сталінскай улады, якія прывялі да сьмерці людзей, кваліфікаваліся згодна з нормамі тагачаснага савецкага крымінальнага заканадаўства як забойства[8], прычыны гэтага масавага злачынства ніколі ў СССР не дасьледаваліся і ніхто з прадстаўнікоў улады, якія маюць дачыненьне да злачынства, не панёс пакараньня, пры тым, што нават у вышэйшым кіраўніцтве СССР ведалі пра факты скону людзей ад голаду[9].На працягу дзесяцігодзьдзяў масавае забойства людзей штучна выкліканым голадам ня толькі наўмысна замоўчваліся савецкай уладай, але й увогуле — забараняліся нават згадкі пра яго. Для параўнаньня, Голад у Паволжы 1921-1922 гадох і голад падчас блакады Ленінграду ў гады Другой сусьветнай вайны асьвятляліся ў савецкіх сродках масавай інфармацыі і ў гістарычнай літаратуры. Бязьдзейнасьць савецкай пракуратуры й іншых органаў улады па факце злачынства яскрава дэманструе сапраўдны стан рэалізацыі «савецкай законнасьці» ў таталітарнай савецкай дзяржаве.
У дасьледаваньнях Джэймза Мэйса і Робэрта Конквэста аўтары даказваюць, што Галадамор адпавядае агульнапрынятаму[10] азначэньню генацыду. 24 краіны афіцыйна прызналі Галадамор генацыдам украінскага народу. Адпаведна з сацыялягічным апытаньнем, праведзеным ў 2010 годзе, 60% грамадзян Украіны лічаць Галадамор генацыдам[11].
У 2003 годзе ўкраінскі парлямэнт назваў, а ў 2006 годзе — афіцыйна прызнаў Галадамор генацыдам украінскага народу. У 2010 годзе судовым разглядам завяршылася крымінальная справа па факце зьдзяйсьненьня злачынства генацыду. Вінаватымі суд прызнаў 7 найвышэйшых кіраўнікоў СССР і УССР (Ё. Сталін, Вячаслаў Молатаў, Лазар Кагановіч, Павал Постышаў, Станіслаў Касіёр і інш.)[12], і канстатаваў, што па зьвестках навукова-дэмаграфічнай экспэртызы агульная колькасьць чалавечых стратаў ад Галадамору складае 3.941.000 чалавек. Таксама, па дадзеных сьледзтва, было вызначана, што страты ўкраінцаў ў частцы ненароджаных складаюць прыблізна 6.122.000 чалавек.[13][14]
Галадамор ва Ўкраіне 1946—1947
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Галадамор ва Ўкраіне 1946—1947 — трэці галадамор, які зладзіла народам СССР расейска-камуністычная дыктатура, быў выкліканы як пасьляваенным неўраджаем, так і сплянаванай акцыяй сталінскага Палітбюро з мэтай адняць у сялянаў рэшткі збожжа і прадаць яго брацкім рэжымам па сацыялістычным лягеры. Так, у 1946 годзе з СССР вывезена 350 тысячаў тон збожжа ў Румынію, у 1947 годзе — 600 тысячаў тон збожжа — у Чэхаславаччыну, за тыя два гады Польская народная рэспубліка атрымала ад Савецкага Саюзу 900 тысячаў тонаў хлеба. А ў Малдове, Бэсарабіі і паўдзённых вабласьцёх Украіны лютаваў голад і толькі за першае паўгодзьдзе 1947 году афіцыйна зарэгістравана 130 выпадкаў людаедзтва.
Ушанаваньне памяці ахвяраў Галадамору
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ва Ўкраіне з 1998 году ўказам прэзыдэнта Ўкраіны[15] вызначаны «Дзень памяці ахвяраў Галадамораў», які адзначаюць штогод у чацьвертую суботу лістапада.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Голад у СССР (1932—1933)
- Голад у Паволжы 1921—1922 гадоў
- Генацыд
- Таталітарызм
- Гісторыя Ўкраіны
- Голад 33 (фільм)
- Гарэт Джонс (фільм)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Леанід Тугарын. Украіна адзначыла 70-годзьдзе Галадамору // Зьвязда : Газэта. — 15 лістапада 2003. — № 295 (24979). — ISSN 1990-763x.
- ^ Музей тоталітарних режимів «Територія Терору». Словник термінів.
- ^ Веселова О. М., Марочко В. І., Мовчан О. М. Голодомори в Україні, 1921—1923, 1932—1933 1946-1947: Злочини проти народу. — 2-е вид., допов. — К. Нью-Йорк: Вид-во М. П. Коць, 2000. — 174 с.
- ^ «Три голодомори в Україні в XX столітті : погляд із сьогодення» : Звернення учасників Міжнародної наукової конференції до органів вищої державної влади України. Київ. 07.11.2002 // Персонал. — 2002. — № 11. — С. 6-7.
- ^ Белебеха І. Українці у пеклі голодоморів : [20-х, 30-х, 40-х років] // Персонал. — 2005. — № 2. — С. 10-13. (Із матеріалів конференції «Голодомори в Україні: геноцид і спротив»)
- ^ Постанова апеляційного суду м. Києва у кримінальній справі за фактом вчинення геноциду в Україні в 1932—1933 роках
- ^ Володимир ВАСИЛЕНКО, професор, доктор юридичних наук Спроба з негідними засобами. Хто й навіщо прагне переглянути Закон «Про Голодомор 1932—1933 років в Україні»
- ^ Уголовный кодекс РСФСР в редакции 1926 г
- ^ «Государство против своего народа» Первая часть справочного издания «Черная книга коммунизма» Глава 8. Великий голод
- ^ Конвенція про геноцид, ухвалена ООН у 1948 р.
- ^ 60% українців визнають Голодомор геноцидом, — опитування (рас.)
- ^ БелТА. Апэляцыйны суд Кіева прызнаў бальшавіцкіх лідараў вінаватымі ў Галадаморы // Зьвязда : газэта. — 15 студзеня 2010. — № 6 (26614). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
- ^ Голова СБУ назвав точну кількість жертв Голодомору
- ^ Стенограма прес-конференції «Рішення Апеляційного суду Києва про визнання винними в Голодоморі, присвоєння звання „Герой України“ Степанові Бандері та інші питання історичної спадщини України.»
- ^ Указ Президента України від 26 листопада 1998 № 1310/98 Про встановлення Дня пам’яті жертв голодоморів
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Голодомори в Україні 1921—1923, 1932—1933, 1946—1947. Матеріали до бібліографії документальних публікацій / Упорядники: Л. П. Одинока, Л. Ф. Приходько, Р. В. Романовський. — К.:, 2005. ISBN 966-625-026-8
- Задніпровський О. Голод в історії України : короткий нарис (Х-ХХ ст.). — Донецьк: Український культурологічний центр, 1999. — 88 с.
- Задніпровський О. І. Хроніка голоду 1946—1947 років у Донбасі. — Донецьк: Східний видавничий дім, 2007. — 372 с.
- Лукін, Д. Галадамор: як Сталін паставіў сялян на калені // Наша гісторыя, №4, 2018, с.22-27. ISBN 2617-2305
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Jones' international exposure of the Holodomor, plus many related background articles| work(недаступная спасылка)
- Famine in Ukraine 1932—1933 Central State Archive of Ukraine (photos, links)
- UKRAINIAN FAMINE
- Photos of Holodomor by Sergei Melnikoff
- The General Committee decided this afternoon not to recommend the inclusion of an item on the seventy-fifth anniversary of the Great Famine (Holodomor) of 1932—1933 in Ukraine.
- Case Study: The Great Ukrainian Famine of 1932-33 Nicolas Werth / CNRS — France
- Holomodor — Famine in Soviet Ukraine 1932—1933
- Famine in the Soviet Union 1929—1934
- Holodomor: The Secret Holocaust in Ukraine
- Holodomor Lies by Morgan Williams(недаступная спасылка)
- Lies and Confessions of David Marple