Вясёлка
Вясёлка — аптычная й мэтэаралягічная зьява, якая звычайна ўзьнікае пры заломе, адсьвеце, дыфракцыі сьвятла ў вадзяных кроплях. Вясёлка ўяўляе сабой вялікую дугу, якая бачная на фоне дажджавога воблака ў выпадку, калі Сонца знаходзіцца невысока над паземам з супрацьлеглага боку неба.
Вясёлка выглядае як стужка, якая зьмяшчае ўсе колеры спэктра (калі глядзець звонку ўнутар дугі, то добра вызначаюцца наступныя колеры: чырвоны, аранжавы, жоўты, зялёны, блакітны, сіні, фіялкавы (фіялетавы)).
Дзеля вызначэньня асноўных колераў вясёлкі таксама можна карыстацца наступнымі сказамі, дзе першыя літары кожнага слова зьяўляюцца першымі літарамі колеру:
- Чакаю апэтытных жабак зь беларускіх сажалак. Француз
- Чалавек памяркоўны (абачлівы)[a] жонку заўсёды сабе бярэ файную
- Чамадан адкрыў жабрак: зьнік, бадай, старэнькі фрак
- Чаму птах журботны зранку? бо сапсута філіжанка
- Чараўнік аднойчы жартаваў — зьмеяў бляскам сонца фарбаваў
- Чароўны аловак жураўлік знайшоў — балотца стала файным
- Чорцік аднойчы жалейку знайшоў, бадзёра сабраўся фукаць
- Чыж аддаў жуку загад: брат, схавай фотаапарат
- Чэскі пан жадае зноў бачыць сорак фазаноў
- Чакай атакі жаўнера, заўсёды будзь сьмелым, фазан
Вясёлка мае радыюс 42°. Акрамя таго, звонку асноўнай вясёлкі можна назіраць другасную з адваротным чаргаваньнем колераў з радыюсам каля 53°.
Асаблівасьць гэнай аптычнай зьявы — чым вышэй знаходзіцца назіральнік, тым больш вясёлка паходзіць на поўную акружыну (часам з высокіх гор, а таксама з самалёта можна пабачыць вясёлку ў выглядзе поўнай акружыны). Іншы раз назіраюцца дадатковыя дугі, якія разьмешчаны ўнутры асноўнай дугі, афарбаваныя ў розныя колеры.
Агульны цэнтар усіх дуг у вясёлках ляжыць на лініі, якая праходзіць праз сонца і вока назіральніка.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Тут і далей словы на літару П азначаюць памеранцовы колер
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вясёлка — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў