Перайсьці да зьместу

Вячаслаў Ліпінскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ліпінскі.
Вячаслаў Ліпінскі
В’ячеслав Липинський
Вячаслаў Ліпінскі (1921)
Вячаслаў Ліпінскі (1921)
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Wacław Lipiński
Псэўданімы Nobilis Ruthenus,  В. Правобережець, Василь Безрідний
Нарадзіўся 18 красавіка 1882
Затурцы, Уладзімер-Валынскі павет, Валынская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 14 чэрвеня 1931 (49 гадоў)
Пэрніц каля Вены, Аўстрыя
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці гісторык, публіцыст, сацыёляг, выкладчык
Гады творчасьці 1909—1931
Мовы украінская, польская
Значныя творы «Лісты да братоў-хлебаробаў»
Подпіс

Вячасла́ў (Ва́цлаў) Казі́меравіч Ліпі́нскі (па-ўкраінску: В’ячеслав (Вацлав) Казимирович Липинський, па-польску: Wacław Lipiński; 18 красавіка [ст. ст. 5 красавіка] 1882, в. Затурцы, цяпер у Лакачынскім раёне Валынскай вобласьці, Украіна — 14 чэрвеня 1931, Пэрніц пад Венай, Першая Аўстрыйская Рэспубліка) — украінскі палітычны дзяяч, гісторык, гісторыёсаф, сацыёляг, публіцыст, тэарэтык украінскага кансэрватызму. Адзін з арганізатараў Украінскай дэмакратычна-хлебаробчай партыі ды Ўкраінскага зьвязу хлебаробаў-дзяржаўнікаў. За часам гетманату — амбасадар Украіны ў Аўстрыі. Часткова публікаваўся пад псэўданімамі В. Правобережець, Nobilis Ruthenus, Василь Безрідний[1].

Нарадзіўся ў польскай шляхецкай сям’і. Навучаўся ў Жытомірскай, Луцкай ды Кіеўскай гімназіях. У Кіеве патрапіў ва ўкраінскі асяродак, што паўплывала на разьвіцьцё ягоных поглядаў. Напрыканцы 1890-х далучыўся да г. зв. «гуртку Трабінскай» і «хлапаманаў».

Па сканчэньні гімназіі ў 1902 року Ліпінскі адбываў вайсковую службу ў Рыскім драгунскім палку на Валыні, аднак пазьней прызнаны няздатным да нясеньня службы (Ліпінскі фактычна ўвё сваё жыцьцё хварэў на сухоты).

У 1903 року паступіў у кракаўскі Ягелонскі ўнівэрсытэт, дзе вывучаў аграномію. Па сканчэньні ў 1906 року ажаніўся з Казіміраю Шумінскаю ды выехаў зь ёю ў Жэнэву, каб вывучаць сацыялёгію. Але швайцарскі клімат адмоўна ўплываў на здароўе, і праз год лекары параілі яму выехаць.

З 1909 року Ліпінскі мешкаў часткова ў Кракаве, часткова ва ўласным маёнтку Русалаўскія Чагары (цяпер у Манькаўскім раёне Чаркаскай вобласьці). Ужо тады ён усьведамляў неабходнасьць вяртаньня ўкраінскаму народу ягонай эліты; апалячанай і польскай шляхце трэба вызначыцца: будзе яна з народам, сыйдзе з пазыцыі калянізатараў ці працівіцьмецца хадзе гісторыі. Свой погляд Ліпінскі сфармуляваў у брашуры «Шляхта на Україні: її участь в житті українського народу на тлі його історії» (Кракаў, 1909), а таксама ў артыкулах да часопіса «Przegląd Krajowy» (Кіеў, 1909), у склад рэдакцыі якога ўваходзіў.

Вячаслаў Ліпінскі — афіцэр у расейскім войску (1914)

Напярэдадні Першай сусьветнай вайны браў удзел у арганізацыі па-за межамі Расеі ўкраінскага палітычнага цэнтру, трансфармаванага ў Зьвяз вызваленьня Ўкраіны. З пачаткам вайны прызнаны годным да службы і мабілізаваны рэзэрвовым афіцэрам у 4-ы драгунскі Наватроіцкі-Кацярынаслаўскі полк арміі генэрала Самсонава, дзе адбыў усходнепрускую кампанію. Празь цяжкія ваенныя ўмовы лёгкавая немач аднавілася, і Ліпінскі быў пераведзены ў рэзэрвовую частку.

Лютаўскую рэвалюцыю 1917 року сустрэў, знаходзячыся ў Палтаве. На пачатку вызвольнага руху зьвінавачваў украінскіх сацыял-дэмакратаў у браку дзяржаўніцкай волі. Пасьля браў удзел ва ўкраінізацыі вайсковых частак на Палтаўшчыне. Тады ж стаў адным з заснавальнікаў і аўтарам палітычнае праграмы Украінскай дэмакратычна-хлебаробчай партыі (УДХП).

Пасьля вызваленьня Ўкраіны ад бальшавікоў, увесну 1918 року, Вячаслаў Ліпінскі зблізіўся з Паўлам Скарападзкім. У гэты самы час кансэрватыўныя сілы (УДХП, «Украінская народная грамада» П. Скарападзкага ды «Зьвяз зямельных уласьнікаў») ствараюць апазыцыйную да Цэнтральнай Рады кааліцыю і распачынаюць падрыхтоўку да захопу ўлады. 29 красавіка 1918 року Цэнтральная Рада была скінутая, Павал Скарападзкі абвешчаны гетманам.

На пачатку чэрвеня Вячаслаў Ліпінскі выехаў у Вену, дзе атрымаў пасаду амбасадара Ўкраінскай Дзяржавы. Пасьля падзеньня Гетманату заставаўся на гэтай пасадзе «дзеля работы на карысьць Украіны». Аднак далейшае разьвіцьцё падзеяў на радзіме, у прыватнасьці, расстрэл палкоўніка Балбачана, адвялі яго ад супрацы з УНР. Напрыканцы жніўня 1919 року Ліпінскі перадаў справы амбасады свайму намесьніку і пасьля непрацяглага побыту ў санаторыі пасяліўся ў Райхенаў — горным мястэчку ў Ніжняй Аўстрыі. Тут разьвілася ягоная найінтэнсіўнейшая навуковая і грамадзкая дзейнасьць: была апрацаваная манаграфія «Украіна на пераломе. 1656—59», адсюль ён працягваў кіраваць Зьвязам хлебаробаў-дзяржаўнікаў, выдаваў непэрыядычныя зборнікі «Хліборобська Україна».

У лістападзе 1926 року на даручэньне гетмана Скарападзкага пераехаў у Бэрлін на працы ў наваствораны Ўкраінскі навуковы інстытут. Бэрлінскі клімат, частыя сустрэчы і непаразуменьні зь блізкімі да гетманскага цэнтру людзьмі шкодна ўплывалі на ягоны фізычны і псыхалягічны стан, і ў 1928 року на параду лекараў ён вярнуўся ў Аўстрыю, дзе пасяліўся ў горнай мясцовасьці паблізу Грацу.

У гэты час абвастрыліся супярэчнасьці між ім і Паўлам Скарападзкім. Ліпінскі фактычна разарваў зь ім стасункі ды зблізіўся з аўстрыйскім эрцгерцагам Васілём Вышываным, які зарэкамэндаваў сябе ўкраінскім патрыётам і прыкладаў значныя намаганьні да справядлівага вырашэньня ўкраінскага пытаньня за мяжой. Украінскі зьвяз хлебаробаў-дзяржаўнікаў раскалоўся: прыхільнікі гетмана Скарападзкага аб’ядналіся ў «Зьвяз гетманцаў-дзяржаўнікаў», прыхільнікі В. Ліпінскага ў 1930 року стварылі «Братэрства ўкраінскіх клясакратаў-манархістаў, гетманцаў».

Хранічная хвароба абвастрылася; увесну 1931 року хваробаю было ахопленае сэрца. Пасьля сардэчнай атакі 26 красавіка Ліпінскага перавезьлі ў санаторый, дзе ён і сканаў 14 чэрвеня. Пахаваны на каталіцкіх могілках у роднай вёсцы Затурцы. За савецкім часам усе магілы на гэтых могілках былі ўтрамбаваныя калгаснай тэхнікай у зямлю. Пасьля здабыцьця незалежнасьці Ўкраіны мясцовыя дзеячы ўпарадкавалі могілкі і ўсталявалі сымбалічны помнік Вячаславу Ліпінскаму.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вячаслаў Ліпінскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў