Перайсьці да зьместу

Аўрэліян

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Луцый Даміцый Аўрэліян
лац. Łucyj Damicyj Aŭrelijan
Lucius Domitius Aurelianus
верасень 270 — верасень 275
Папярэднік Квінціл[d]
Наступнік Марк Клаўдзій Тацыт[d]
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 9 верасьня 214(0214-09-09)[1][2][3]
Памёр: 25 верасьня 275(0275-09-25)[4] (61 год)
Сужэнец: Ulpia Severina[d]
Дзеці: Domitica[d]
Бацька: Ulpius Crinitus[d]

Лу́цый Дамі́цый Аўрэлія́н (па-лацінску: Lucius Domitius Aurelianus), больш вядомы як Аўрэлія́н — рымскі імпэратар у 270—275 роках.

Аўрэліян быў другім зь некалькіх «салдацкіх імпэратараў» (першым быў Клаўдзій II), якія вельмі пасьпяхова кіравалі й здолелі ўмацаваць Рымскую імпэрыю. У гады кіраваньня Аўрэліяна імпэрыя была ўзьяднана: мяцежныя Гальская імпэрыя і Пальмірскае царства былі зноў далучаны да Рыму, а прыгранічныя барбарскія плямёны былі пераможаны. Яго посьпехі шмат у чым спрыялі завяршэньню крызе III старочча і стабілізацыі дзяржавы.

Аўрэліян насіў наступныя пераможныя тытулы: «Ґерманскі Найвялікшы» — з 270 або 271 году, «Гоцкі Найвялікшы» — з 271 году, «Парфянскі Найвялікшы», «Карпійскі Найвялікшы» і «Дакійскі Найвялікшы» — з 271 або 272 году, «Брытанскі Найвялікшы» і «Сармацкі Найвялікшы» (час дакладна не вядомы), «Пальмірскі Найвялікшы» — з 274 году, «Бацька Айчыны» і «Рэстаўратар імпэрыі і Ўсходу» — з 274 году. Уладу трыбуна атрымліваў шэсьць разоў (у 270 годзе — двойчы, затым штогод 10 сьнежня), з 270 году — вялікі пантыфік. Консул 271, 274, 275 гадоў.

Раньняе жыцьцё і кар’ера

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўрэліян нарадзіўся 9 верасьня 214 году ў сямʼі земляроба, які арандаваў землі ў сэнатара Аўрэлія. Меркаваньні антычных аўтараў адносна месца народзінаў Аўрэліяна разыходзяцца: Эўтропій сьцьвярджае, што ён нарадзіўся ў Дакіі Прыбярэжнай, якая ў той час называлася Верхняя Мэзія; аўтар біяграфіі Аўрэліяна ў «Гісторыі Аўґустаў» — у Сірміі. «Гісторыя Аўґустаў» таксама распавядае, што былі знакі, якія прадказвалі, што Аўрэліян стане імпэратарам.

Стаўшы рымскім грамадзянінам, Аўрэліян зьмяніў лад жыцьця земляроба на лад жыцьця легіянэра. Ён пасьпяхова служыў у рымскай арміі. Адважны і рашучы, Аўрэліян рана зьвярнуў на сябе ўвагу камандзіраў, якія прадказвалі яму ўдалую ваенную карʼеру. Ён быў трыбунам шостага Гальскага легіёна і ўдзельнічаў у кампаніі супраць франкаў на Рэйне, затым паслом у Пэрсіі. На думку Леона Хома, да службы ў Гале, Аўрэліян быў цэнтурыёнам кагорты падчас кіраваньня Гардзіяна III. Пры Валерыяне Аўрэліян, імаверна, прызначаўся консулам-суфектам (хоць яго консульства нідзе не зарэгістравана, акрамя «Гісторыі Аўґустаў»).

Падчас кіраваньня імпэратара Галена Аўрэліян стаў начальнікам атрада кавалерыі. Даведаўшыся пра ўварваньне ґотаў у Грэцыю, Гален рушыў супраць іх з арміяй, у лік камандзіраў якой, хутчэй за ўсё, уваходзіў Аўрэліян. Аднак падчас гэтага паходу адзін з палкаводцаў імпэратара, Аўрэол, паўстаў і заняў крэпасьць Мэдыялан. Таму Гален быў вымушаны аблажыць крэпасьць; у тым жа годзе падчас аблогі Мэдыялана ён быў забіты змоўшчыкамі. Паводле адной з крыніц, Аўрэліян браў удзел у змове супраць Галена. Ён падтрымаў новага імпэратара Клаўдзія II, які таксама, хутчэй за ўсё, удзельнічаў у змове.

Пры Клаўдзіі II Аўрэліян узышоў на вяршыню ваеннай карʼеры. Калі пачалася вайна з ґотамі, пад яго камандаваньнем аказалася ўся рымская кавалерыя. Аўрэліян стаў правай рукой імпэратара Клаўдзія. Яго кавалерыя сыграла вырашальную ролю ў бітве пры Нішы. Ґоты пацярпелі паражэньне ў гэтай вайне, а Аўрэліян заслужыў славу выдатнага палкаводца. Ён ня раз праводзіў самастойныя ваенныя апэрацыі супраць барбараў на Балканах, якія заканчваліся перамогай рымлян.

Узыходжаньне на прастол

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 270 годзе Клаўдзій сканаў ад чумы, і яго брат Квінціл захапіў уладу пры падтрымцы рымскага сэната. Што характэрна для таго часу, армія адмовілася прызнаць новага імпэратара, лічачы за лепшае, каб імпэратарам стаў адзін з военачальнікаў. Аўрэліян быў абвешчаны імпэратарам у траўні ці верасьні 270 году панонскімі легіёнамі і адправіўся ў паход супраць Квінціла. Квінціл, даведаўшыся аб абвяшчэньні імпэратарам Аўрэліяна, спачатку хацеў быў змагацца зь ім за ўладу, але ўбачыўшы, што салдаты ня маюць намеру яго падтрымліваць, разрэзаў сабе вены.

Пазьней сталі сьцьвярджаць, што Клаўдзій перад сьмерцю прызначыў сваім спадчыньнікам Аўрэліяна, але, хутчэй за ўсё, гэта ўсё было прыдумана для таго, каб паказаць законнасьць узыходжаньня Аўрэліяна на прастол. Перад новым імпэратарам паўстала няпростая задача — абʼяднаць Рымскую імпэрыю й вярнуць ёй былую веліч.

Зьнешнасьць і асабістыя якасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольш поўнае апісаньне Аўрэліяна пакінуў аўтар «Гісторыі Аўґустаў»:

«…Аўрэліян меў прывабную зьнешнасьць, адрозьніваўся мужнай прыгажосьцю; ён быў даволі высокага росту, меў вельмі вялікай цялеснай сілы, адчуваў пэўную цягу да віна й ежы, але рэдка паддаваўся любоўнай цязе. Ён быў бязьмерна строгі, падтрымліваў асабліва строгую дысцыпліну, любіў агаляць меч…»

Еўтропій гаворыць, што Аўрэліян «муж у ваеннай справе вельмі ўмелы, але няўстрыманы і схільны да жорсткасьці». Аўрэлій Віктар называе Аўрэліяна строгім і непадкупным. На скульптурных выявах Аўрэліян паказаны як тыповы военачальнік таго часу з коратка пастрыжанымі валасамі, груба выгаленымі шчокамі і невялікай барадой.

У 248 годзе імпэратар Філіп Араб адсьвяткаваў тысячагодзьдзе Рыму зь вялікім размахам, даказваючы, што імпэрыя ўсё яшчэ вельмі магутная. Аднак на самай справе становішча было не зь лепшых. У наступныя гады імпэрыі прыйшлося сутыкнуцца зь велізарным ціскам з боку зьнешніх ворагаў, і ў той жа час ёй пагражала небясьпека грамадзянскіх войн. Ад гэтага пацярпела рымская эканоміка, прыйшлі ў заняпад сельская гаспадарка і гандаль. Акрамя гэтага, эпідэмія чумы забрала шматлікія жыцьці, тым самым аслабіўшы Рым; паменшылася колькасьць працоўнай сілы. У выніку імпэрыя не змагла вытрымаць удар уздужалай Пэрсіі, і ў 260 годзе імпэратар Валерыян быў узяты ў палон.

Усходнія правінцыі знайшлі сваіх заступнікаў у асобе кіраўнікоў горада Пальміры ў Сырыі, чыя аўтаномія перарасла ва ўтварэньне Пальмірскага царства. Заходнія правінцыі ўтварылі аўтаномную дзяржаву ў межах Рымскай імпэрыі, якая зараз вядома як Гальская імпэрыя. У Рыме імпэратар быў заняты ўнутранымі пагрозамі і абаронай Італіі й Балкан. З усімі гэтымі праблемамі і прыйшлося сутыкнуцца Аўрэліяну.

Аднаўленьне імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Выява Аўрэліяна на антанініяне

Канфлікт з вандаламі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя дзеяньні новага імпэратара былі накіраваны на ўмацаваньне сваіх пазыцыяў на пакінутых рымскіх тэрыторыях. Амаль адразу напачатку яго кіраваньня вялікі атрад вандалаў перасек Дунай і ўварваўся ў Панонію каля Аквінкума. Даведаўшыся пра гэта, Аўрэліян рушыў са сваёй арміяй да Аквілеі, дзе прыступіў да падрыхтоўкі войска да паходу. Пасьля гэтага рымляне перайшлі з Італіі ў Панонію, куды яны прыбылі ў канцы 270 году. Сваёй базай Аўрэліян абраў Сісцый. Тады ён уступіў у сваё першае консульства. У той час вандалы рабавалі рымскія паселішчы з-за недахопу правіянту, таму Аўрэліян загадаў «схаваць харчаваньне, скаціну і ўсё каштоўнае ад ворагаў у местах». У Паноніі адбылася бітва паміж рымскай арміяй і войскамі вандалаў, у якой рымляне атрымалі перамогу. На наступны дзень барбары даслалі паслоў прасіць міру. Аўрэліян загадаў даць ім харчаваньне пры ўмове, што яны вылучаць для рымскай коньніцы дзьве тысячы вершнікаў, і адпусьціў іх за Дунай.

Паражэньне алеманаў, маркаманаў, ютунгаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля гэтага ютунгі, разрабаваўшы Норык, перасеклі Альпы й рушылі ў Італію. Магчыма, да іх далучыліся маркаманы і алеманы. Выйшаўшы на раўніну ракі По, яны занялі Плацэнтыю і рушылі ў Павію. Аўрэліян, які знаходзіўся ў Паноніі і кантраляваў вандалаў, хутка вярнуўся ў Італію, але яго армія, якая стамілася ад працяглага пераходу, патрапіла ў засаду каля Плацэнтыі й была разьбіта. Калі вестка пра разгром дасягнула Рыму, яна выклікала вялікі страх перад прыходам барбараў, бо часьцей за ўсё баі са зьнешнімі ворагамі вяліся ўдалечыні ад сталіцы.

Аднак Аўрэліян, хутка сабраўшы армію, напаў на лагер алеманаў ля ракі Мэтаўр, непадалёк ад Капальні Фартуны, і разграміў іх; многа барбараў патанула ў рацэ. Алеманы, маркаманы і ютунгі пачалі прасіць міру. Аўрэліян прыняў іх прапанову, і барбары павярнулі назад, адыходзячы па той жа дарозе, якой прыйшлі. Ля Тыцына Аўрэліян уладзіў ім засаду, і падчас бітвы ўсе барбары былі зьнішчаны. Імпэратар вярнуўся ў Рым, дзе атрымаў тытул «Германскі Найвялікшы». Тым ня менш, пагроза з боку ґерманскіх плямён заставалася высокай, і Аўрэліян вырашыў абнесьці Рым магутнай сьцяной, якая вядомая як сьцяна Аўрэліяна. Прыкладна ў той жа час былі адноўлены тэрмы Каракалы і пабудаваны новыя казармы для прэтарыянцаў. На Сьвятай дарозе была ўзьведзена статуя Мэркурыя, а ў Осьціі — пабудаваны новы форум.

Паўстаньні 271 году

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сьцяна Аўрэліяна

Уварваньні барбараў прывялі да некалькіх паўстаньняў. У Далмацыі паўстаў Септымій, але неўзабаве ён быў забіты ўласнымі салдатамі. У той жа час нейкі Ўрбан абвясьціў сябе імпэратарам; ёсьць, аднак, меркаваньне, што гэты ўзурпатар быў выдуманы. Каля 271 году ў Гале паўставаў нейкі Даміцыян II. Ён вядомы па некалькіх манэтах. Магчыма, ён быў колішнім военачальнікам Галена.

Самым значным было паўстаньне Феліцысіма, начальніка фіска, у абавязкі якога ўваходзіла таксама кіраваньне дзяржаўнай казной. Ён падбухторваў рабочых манэтных двароў псаваць манэту, аднак неўзабаве яго зман быў раскрыты. Феліцысім падняў паўстаньне й замкнуўся на Цэлійскім узгорку. Мяцеж быў задушаны зь вялікай цяжкасьцю; па словах Аўрэлія Віктара, сем тысяч салдат былі забіты падчас гэтага паўстаньня. Сам Феліцысім загінуў. У выніку былі пакараны некалькі сэнатараў і вершнікаў. Няма ніякіх зьвестак, што Феліцысім спрабаваў абвясьціць сябе імпэратарам. Паводле Аўрэлія Віктара, Феліцысім паўстаў у 274 годзе пасьля падзеньня Гальскай імпэрыі, але калі верыць астатнім крыніцам, гэта адбылося ў 271 годзе. У «Вытрымках пра жыцьцё й норавы рымскіх імпэратараў» сьцьвярджаецца, што паўстаньне Феліцысіма адбылося пасьля мецяжу Септымія 271 году. Таму апошняя дата лічыцца больш прымальнай.

Ґоты па-ранейшаму ўяўлялі сурʼёзную пагрозу для рымлян. Пакуль Аўрэліян быў заняты вайной у Італіі, яны нападалі на Фракію, Дакію і Мэзію. Спыніўшы ваенныя дзеяньні ў Італіі, Аўрэліян адразу ж адправіўся на вайну з ґотамі. Яму ўдалося перамагчы іх і выгнаць на поўнач ад Дунаю. Імпэратарская армія перасьледвала ґотаў і нанесла ім цяжкія страты. У гэтай вайне загінуў гоцкі правадыр Канабад. За гэту перамогу Аўрэліян атрымаў два тытула — «Дацкі Найвялікшы» і «Гоцкі Найвялікшы».

Затым Аўрэліян загадаў перавесьці ўсе пакінутыя войскі й насельніцтва з Дакіі за Дунай. У яго было два варыянты: вярнуць правінцыю цалкам і аднавіць сыстэму абароны часоў Траяна, або пакінуць вобласьць і ўстанавіць мяжу па Дунаю. Але ён вырашыў адмовіцца ад правінцыі Дакія, бо яна занадта часта падвяргалася наездам барбараў з-за невялікай колькасьці рымскіх гарнізонаў (частка якіх была выведзена пры Галене) і дорага абыходзілася казьне. Таму Аўрэліян разважліва адсунуў мяжу імпэрыі да ракі і перасяліў жыхароў (нашчадкаў рымскіх перасяленцаў і раманізаваных жыхароў) на правы бераг Дунаю, дзе ва ўсходняй частцы тэрыторыі Верхняй і Ніжняй Мезіі, Фракіі й старажытнай Дарданіі заснаваў дзьве новыя правінцыі, названыя (у гонар Дакіі) Дакіяй Прыбярэжнай і Дакіяй Унутранай, а таксама заснаваў новы манэтны двор у Сердзіцы. Аднак ня ўсе жыхары пагадзіліся зьехаць з наседжаных месцаў. Такім чынам, Дакія была пакінута рымлянамі праз 170 гадоў пасьля заваяваньня Траянам.

Першая вайна з Пальмірскім царствам

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Рымская імпэрыя ў 271 годзе. Жоўтым колерам паказана Пальмірская імпэрыя, чырвоным — Рымская імпэрыя, зялёным — Гальская імпэрыя

У 271 годзе Аўрэліян зьвярнуў сваю ўвагу на страчаныя ўсходнія правінцыі, якія абʼядналіся ў так званае Пальмірскае царства, якім кіравала царыца Зенобія. Спачатку яна прызнавала Аўрэліяна імпэратарам, але потым вырашыла канчаткова вызваліцца ад рымскай улады й абвясьціла свайго сына Вабалата царом і імпэратарам Рыму (па-лацінску: rex et imperator). Спачатку Аўрэліян даручыў будучаму імпэратару Пробу адваяваньне Эгіпта. Да восені 271 году Проб пасьпяхова справіўся са сваёй задачай. Пасьля гэтага імпэратар сабраў 200-тысячную армію, якая складалася з далмаційцаў, маўрытанскай кавалерыі і легіянэраў. Спэцыяльна для гэтай кампаніі былі створаны два легіёны: Legio I Illyricorum і Legio IV Martia. Паход на Пальмірскае царства меў дзьве мэты: па-першае, рымлянам трэба было вярнуць Малую Азію, Сырыю й Антыёхію; па-другое, пагрозу з боку Пальмірскага царства трэба было цалкам ліквідаваць.

Вясною 272 году Аўрэліян з войскам перасек Басфор і прыбыў у Халкедон. Віфінія й Галатыя перайшлі да рымлян без усякага супраціўленьня. Але калі Аўрэліян падышоў да Тыяны, жыхары зачынілі перад ім вароты. Імпэратар загадаў пачаць аблогу, сказаўшы: «Сабакі жывой не пакіну ў гэтым месьце!» (маючы на ўвазе, што ён перабʼе ўсіх яго жыхароў). Неўзабаве места быў узяты, аднак Аўрэліян адмовіўся ад задумы зьнішчыць яго насельніцтва[64]. Па леґендзе, яму прысьніўся філёзаф Апалён Тыянскі, які сказаў:

«Аўрэліян, калі ты хочаш перамагчы, то табе ня варта думаць аб забойстве маіх суграмадзян. Аўрэліян, калі ты хочаш быць імпэратарам, устрымайся ад праліцьця крыві бязьвінных. Аўрэліян, будзь міласьцівы, калі ты хочаш жыць».

У выніку, як апавядае «Гісторыі Аўґустаў», калі места быў узяты і салдаты, помнячы словы імпэратара, што ён не пакіне ў месьце жывога сабакі, сталі патрабаваць аддаць ім Тыяну на рабаваньне, Аўрэліян адказаў: «Так, я абвясьціў, што ў гэтым месьце не пакіну ніводнага сабакі: усіх сабак забівайце!». Пасьля захопу места армія спынілася там на адпачынак. Затым Аўрэліян перайшоў у Кілікію праз Таўрскія горы, дзе ўсе месты здаліся яму бяз бою. Каля Антыёхіі пры Імах адбылася першая бітва паміж рымлянамі й пальмірцамі. Нягледзячы на перавагу пальмірскай коньніцы, армія Аўрэліяна атрымала перамогу над Зенобіяй, якая бегла з рэшткамі свайго войска да Эмесы. Пакінуты невялікі гарнізон у Антыёхіі рымляне хутка разграмілі. Усіх жыхароў горада Аўрэліян памілаваў. Пасьля ўзяцьця Антыёхіі ў паходзе наступіў нядоўгі перапынак. Дачакаўшыся падмацаваньня з Малой Азіі, Аўрэліян ізноў рушыў у дарогу. Ля Эмесы адбылася новая бітва, якая скончылася перамогай рымлян. Зенобія бегла з усёй сваёй арміяй у Пальміру, а жыхары Эмесы адкрылі рымлянам вароты. Пасьля заваяваньня Сырыі Аўрэліян накіраваўся да Пальміры, папярэдне заключыўшы зьвяз зь некаторымі памежнымі плямёнамі, якія абяцалі даць рымскай арміі правізію і ваду. Калі армія дасягнула варот Пальміры, рымляне адразу пачалі аблогу места. Аўрэліян прапанаваў Зенобіі заключыць зь ім мір, але яна лічыла, што рымляне ня здолеюць узяць Пальміру, бо ў яе абаронцаў было досыць харчаваньня, каб утрымаць горад.

На працягу аблогі баявы дух пальмірцаў паступова падаў. Сурʼёзны ўдар ім быў нанесены, калі Армэнія перайшла на бок рымлян. Адзінай дзяржавай, у якой можна было прасіць дапамогі, заставаўся Сасанідзкі Іран. Паводле «Гісторыі Аўґустаў», калі «пераможаная Зенобія спрабавала бегчы на вярблюдах, якіх завуць бегавымі, і накіравалася да персаў, яна была захоплена пасланай наўздагон коньніцай і перададзена ў рукі Аўрэліяна». Гэта вестка падштурхнула абаронцаў Пальміры здацца, і яны склалі зброю перад легіёнамі Рыму.

Зенобія й яе военачальнікі былі ўзяты ў палон, аднак філёзаф Касій Лонґін (англ.)бел. быў пакараны сьмерцю па загаду Аўрэліяна. Зенобіі ж пакінулі жыцьцё з-за жаданьня Аўрэліяна правесьці яе ў ланцугах на сваім трыюмфе. Імпэратар таксама загадаў разабраць частку гарадзкой сьцяны і канфіскаваў у жыхароў усю зброю. На Ўсходзе ён пакінуў военачальніка Марцэліна з арміяй. У выніку гэтай вайны Аўрэліян атрымаў тытулы «Рэстаўратар Усходу» і «Пальмірскі Найвялікшы».

Паражэньне карпаў і другая вайна з Пальмірскім царствам

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Неўзабаве Аўрэліян атрымаў зьвесткі, што пад ціскам ґотаў племя карпаў уварвалася ў межы Рымскай імпэрыі, у Фракію, рабуючы паселішчы, што знаходзіліся там. Нягледзячы на тое, што год падыходзіў к канцу, імпэратар вырашыў уціхамірыць карпаў. Пра паход нічога не вядома, акрамя таго, што ён быў пасьпяховы. Пасьля перамогі Аўрэліян пасяліў частку карпаў на рымскай тэрыторыі, а іменна — у Ніжняй Мезіі, Фракіі і Радопах.

Пасьля заканчэньня гэтай кампаніі ён атрымаў вестку аб тым, што жыхары Пальміры паўсталі і перабілі рымскі гарнізон, абвясьціўшы імпэратарам нейкага Антыёха, сваяка Зенобіі. Аўрэліян неадкладна сабраў войска і хутка рушыў назад ў Пальміру, куды ён прыбыў вясною 273 году. Пальмірцы, якія не чакалі нападу, пацярпелі паражэньне, у выніку чаго горад быў разбураны дашчэнту. Дзіўна, але ўзурпатар Антыёх выратаваўся, бо Аўрэліян, мабыць, палічыў яго занадта маладым і загадаў адправіць яго ў выгнаньне. Затым імпэратар задушыў паўстаньне нейкага Фірма і ў некалькіх бітвах разьбіў коньніцу персаў, якая ішла на дапамогу Зенобіі. Пры аблозе Александрыі ў 272—273 гадах былі спалены Александрыйская бібліятэка й Мусеён.

Заваяваньне Гальскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 274 годзе Аўрэліян вярнуўся ў Рым, дзе атрымаў другое консульства на бягучы год. Потым ён зьвярнуў увагу на мяцежныя заходнія правінцыі, дзе кіраваў гальскі імпэратар Тэтрык I з аквітанскімі легіёнамі, які ўзяў у суправіцелі свайго сына, Тэтрыка II. Войска Аўрэліяна моцна скарацілася з-за дзьвюх усходніх кампаніяў, таму магчыма, што гальскія легіёны колькасна пераўзыходзілі яго войска. Насельніцтва Гале стала пераходзіць на бок рымскага імпэратара, бачачы, што іх урад ня мог спыніць уварваньні ґерманскіх плямён і разабрацца з унутранымі беспарадкамі.

Імпэратарская армія перайшла Альпы напачатку лета 274 году і падступіла да Нарбонскай Гале, якая вярнулася ў склад Рымскай імпэрыі пры Клаўдзіі II, дзе працягнула, не сустракаючы нідзе супраціўленьня, свой марш уздоўж Роны на поўнач. Пасьля захопу Лугдуна Аўрэліян сустрэўся з гальскай арміяй у рашучай і кровапралітнай бітве пры Шалоне-на-Марне. У выніку ён атрымаў перамогу над Тэтрыкам. Паводле Аўрэлію Віктара, Тэтрык напісаў ліст Аўрэліяну, у якім прасіў абароны. Ён асьцерагаўся за сваё жыцьцё, бо яго падначаленыя з армейскага асяродзьдзя неаднаразова зьдзяйсьнялі на яго замахі. Падчас бітвы Тэтрык здаўся Аўрэліяну.

Затым імпэратар разграміў узурпатара Фаўсьціна, лёс якога невядомы. Пасьля перамогі Аўрэліян застаўся ў Гале для інспэктаваньня ґерманскіх меж і да восені, палічыўшы сытуацыю ўстойлівай, вярнуўся ў Рым, каб адсьвяткаваць доўгачаканы трыюмф. Ён атрымаў тытул «Аднавіцель міру». Прыблізна ў той жа час у Лугдунскай Гале былі адрамантаваны дарогі. Тэтрык, яго сын і былая царыца Зенобія былі праведзены па Рыме падчас урачыстага трыюмфальнага шэсьця, аднак пасьля гэтага ўсіх траіх вызвалілі — састарэлага Тэтрыка прызначылі карэктарам Луканіі, а Зенобію пасялілі ў Тыбуры, выдаўшы яе замуж за рымскага сэнатара.

Рэлігійныя рэформы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўрэліян першым зь імпэратараў стаў насіць дыядэму й афіцыйна тытулавацца «гаспадар і бог» (па-лацінску: Dominus et Deus), стаўшы папярэднікам рымскага дамінату. Аўрэліян увёў у Рыме культ блізкаўсходняга бога Непераможнага Сонца (па-лацінску: Sol Invictus), абвясьціўшы гэтага бога вярхоўным. Дзень народзінаў Непераможнага Сонца сьвяткаваўся 25 сьнежня (гэта сьвята ў выглядзе Раства атрымала ў спадчыну ад сонечнага культу хрысьціянства). Гэты культ быў блізкі да культу Ваала, уведзенага пры Гэліягабале. Цэнтрам культу быў новы храм, пабудаваны ў 271 годзе ў Рыме і адкрыты ў 274 годзе. У гонар Непераможнага Сонца сталі праводзіцца гульні кожныя чатыры гады — задачай Аўрэліяна было даць жыхарам імпэрыі агульную рэлігію. Першыя гульні адбыліся ў 274 годзе. Была створана калеґія пантыфікаў Сонца, якія набіраліся з сэнатараў. Па словах Ляктанцыя, Аўрэліян плянаваў ганеньні на хрысьціян. Вядома, што ў 272 годзе Аўрэліян па просьбе сырыйскіх хрысьціян выгнаў з Антыёхіі япіскапа Паўла Самасацкага.

Сярод задач, пастаўленых перад сабою Аўрэліянам, далёка не апошняе месца займала рэфармаваньне грашовай сыстэмы, бо якасьць манэты, якая ўсё больш пагаршалася пасьля сьмерці Гардзіяна III, вяла да нястрымнага росту цэн. Не апошняе месца займала і махлярства сярод службовых асоб. Давер да гандлю можна было б аднавіць чаканкай паўнавартаснай срэбранай манэты антанініяна, на якой былі зьмешчаны знакі вартасьцю XX.I і KA (іх значэньне не ўстаноўлена), і павелічэньнем у разумных межах выпуску паўнаважкіх залатых манэт. Але гэтыя меры ўяўляліся неажыцьцявімымі з-за недахопу каштоўных мэталаў. Тым ня менш, новыя манэты зь нізкапробнага серабра, прынамсі, мелі больш прывабны выгляд у параўнаньні з ранейшымі мізэрнымі сьпіжарнымі манэтамі. Больш таго, на іх быў пазначаны намінал, і яны мелі цьвёрда ўстаноўленую вартасьць у залатом эквіваленце. Працэнт серабра ў манэтах павялічыўся з 3,49 да 4,1%. З дапамогай надпісаў на манэтах Аўрэліян актыўна прапагандаваў сваю ўладу: GENIUS ILLYRICI (па-беларуску: Ґеній Ілірыка), FIDES MILITUM (па-беларуску: Пэўнасьць арміі), CONCORDIA EXERCITUM (па-беларуску: Згода Арміі).

Пры Аўрэліяне ва ўзброеных сілах імпэрыі ўзрасло значэньне цяжкаўзброенай коньніцы (катафрактарыяў і клібанарыяў). Гэта тлумачыцца тым, што імпэратару давялося весьці вайну зь персамі й пальмірцамі, у арміях якіх гэты род войск меў перавагу; рымляне запазычылі ў сваіх праціўнікаў шматлікія элемэнты тактыкі і ўзбраеньня цяжкай коньніцы. Па меркаваньню А. Альфэльда, Аўрэліян упершыню ў гісторыі рымскай арміі стварыў у складзе рэгулярных войскаў дапаможныя падразьдзяленьні з палонных вандалаў, ютунгаў, алеманаў. Гэта былі чыста барбарскія фармаваньні з прынятымі ў ґерманцаў значкамі, эмблемамі на шчытах, абмундзіраваньнем. X. Паркер мяркуе, што Аўрэліян, працягваючы справу Галена, павялічыў лік коньнікаў у складзе легіёна, затым цалкам аддзяліў легіённую коньніцу ад пяхоты і стварыў зь яе самастойныя тактычныя падразьдзяленьні пад назовам promoti. Пры Аўрэліяне былі створаны два новыя легіёны: Legio I Illyricorum і Legio IV Martia. На Ўсходзе ён стварыў новую армію, пакінуўшы там некалькі падразьдзяленьняў коньніцы й набраныя зь ілірыйцаў два новыя легіёны.

Аўрэліян таксама аднавіў бясплатную раздачу хлеба, мяса, віна ўсім, хто мае патрэбу, і дазволіў вінаградарам прадаваць сваю прадукцыю бязмытна, каб палегчыць іх эканамічнае становішча. Акрамя таго, імпэратар спрабаваў выкараніць карупцыю сярод сэнатараў. Вядома, што імпэратар меркаваў раздаць палонным зямлі для апрацоўкі ў Этрурыі. Аўрэліян таксама ажыцяўляў раздачу раздачу ґрошай жыхарам Рыму — па 500 дынарыяў на чалавека.

Адносіны з Сэнатам і арміяй

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З самага пачатку кіраваньня Аўрэліяна адносіны паміж ім і сэнатам былі напружанымі. Пасьля паўстаньня Феліцысіма рымскі сэнат нават стаў баяцца Аўрэліяна. Калі нават Аўрэліян, як лічыць X. Паркер, і раіўся з сэнатам наконт будаўніцтва сьцяны вакол Рыму і правядзеньня грашовай рэформы, варта прызнаць, што роля сэната ў кіраваньні дзяржавай пры ім значна паменшылася. Як адзначаў Р. Шэрцль, пры Аўрэліяне сэнат ужо ня меў ніякага дачыненьня да манэтнай справы: імпэратар пазбавіў сэнат права выпускаць нават медную манэту. Цяпер выпуск манэт з усіх мэталаў стаў манаполіяй імпэратара. І. В. Нетушыл мяркуе, што Аўрэліян зьнішчыў апошнія рэшткі былой дыярхіі, якая складалася ў літарах S.С. — Senatus consulto (па-беларуску: Указ Сэната) — на меднай манеце. Гэтым жа ў сэната было аднята права на непасрэднае распараджэньне сэнацкім аддзяленьнем дзяржаўнай казны — эрарыя: выдаткі зь яго маглі цяпер ажыцяўляцца толькі па дазволу імпэратарскіх прэфэктаў эрарыя.

Сярод легіянэраў Аўрэліян меў вялікі аўтарытэт, але ён быў строгі да іх і патрабаваў ад іх высокай дысцыпліны (у сувязі з гэтым Еўтропій піша, што Аўрэліян «дысцыпліну ў арміі падтрымліваў строга і свавольле з многіх павыбіваў»). Імпэратар імкнуўся быць незалежным ад арміі. Пасьля перамогі над пальмірцамі Аўрэліян, па сутнасьці, ізноў стварыў рымскую армію ва ўсходняй частцы імпэрыі. У сувязі з гэтым на манэтах, выпушчаных у 274—275 гадах у Кізіку, ён названы «аднавіцелем войска» (па-лацінску: RESTITUTOR EXERCITI).

«Гісторыя Аўґустаў» паведамляе, што бацькі Аўрэліяна былі «сьціплага званьня». Больш пра іх нічога не вядома. Ніжэй пералічаны імёны сваякоў Аўрэліяна, якія дашлі да нашага часу:

Ульпій Крыніт — прыёмны бацька Аўрэліяна, які нібыта вядзе свой род ад імпэратара Траяна. Хоць біяграфія Крыніта відавочна выдумана адным з аўтараў «Гісторыі Аўґустаў», такі чалавек усё ж мог існаваць. Бацька Ўльпіі Северыны, жонкі Аўрэліяна.

Ульпія Северына — жонка Аўрэліяна, дачка Ўльпія Крыніта. Яна нарадзіла імпэратару дачку. Імаверна, што пасьля гібелі мужа на працягу аднаго — двух месяцаў Северына, апіраючыся на велізарны аўтарытэт Аўрэліяна, кіравала дзяржавай і, магчыма, паўплывала на выбар імпэратарам Тацыта.

Аўрэліян — унук імпэратара, сын яго дачкі. Быў праконсулам Кілікіі, на момант напісаньня біяграфіі свайго дзеда жыў на Сыцыліі. Вядомы толькі з «Гісторыі Аўґустаў».

У 275 годзе Аўрэліян вырашыў пачаць вайну зь персамі й вярнуць Месапатамію пад уладу Рыму. У Пэрсіі тым часам адбывалася частая зьмена кіраўнікоў, і таму можна было спадзявацца, што вайна зь персамі ня будзе цяжкай. Сабраўшы ў Ілірыцы «хутчэй вялікае, чым велізарнае войска», Аўрэліян рушыў на Ўсход. Але ў дарозе, недалёка ад Кенафрурырыюма (суч. Чорлу), які знаходзіўся паміж Геракліяй і Бізантыем, ён быў забіты ў выніку змовы ў канцы лета — пачатку восені.

E. M. Штаерман злучала гібель Аўрэліяна з паглыбленьнем сацыяльных супярэчнасьцяў у рымскай арміі. Па яе меркаваньню, імпэратар, плацячы каманднаму саставу арміі вялікімі грашыма, натурай і шырокімі землямі, спрыяў збліжэньню армейскіх афіцэраў з правінцыйнымі зямельнымі магнатамі. Звычайныя ж салдаты былі супраць саступак сэнатарскаму саслоўю, і Аўрэліян паў ахвярай іх апазыцыі.

Аднак сьведчаньні пісьмовых крыніц даказваюць, што забойства імпэратара — прамы вынік яго празьмернай строгасьці. Арґанізатарам забойства стаў пісьмавод Аўрэліяна па сакрэтных паперах, імпэратарскі вольнаадпушчанік Мнестэй. Ён правініўся па службе й баяўся строгага імпэратарскага пакараньня. Тады, умела падрабіўшы почырк Аўрэліяна, ён

«…склаў сьпіс імён, у якім былі перамяшаны з імёнамі тых, на каго Аўрэліян сапраўды гневаўся, таксама імёны тых, пра каго ён ня думаў нічога кепскага, і дадаў да іх сваё імя для таго, каб праяўляная ім турбота выклікала больш даверу. Сьпіс ён прачытаў асобным людзям, імёны якіх у ім значыліся, дадаючы, што Аўрэліян вырашыў усіх іх забіць, і што яны, калі яны сапраўдныя мужчыны, павінны паклапаціцца пра ўласнае жыцьцё. Страх авалодаў тымі, хто заслужыў кару, а скруха — тымі, хто ня меў віны, бо Аўрэліян, здавалася, не адчуваў удзячнасьці за ўсе аказаныя яму дабрадзействы й паслугі, і яны ў дарозе, у вышэйназваным месцы, раптам напалі на гаспадара і забілі яго…»

Спачатку ён быў адданы пракляцьцю памяці (відаць, сэнатам), але затым абагаўлёны. Пасьля сьмерці Аўрэліяна пачаўся пэрыяд «міжцарства», калі, імаверна, краінай правіла Ўльпія Северына, якая паўплывала на выбар пераемніка свайго мужа.

Вынікі кіраваньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кіраваньне Аўрэліяна доўжылася пяць гадоў, што для таго часу было досыць працяглым тэрмінам. Яго галоўным дасягненьнем стала аднаўленьне адзінства Рымскай імпэрыі. Аўтар біяграфіі Аўрэліяна ў «Гісторыі Аўґустаў» піша, што час Аўрэліяна быў вельмі шчасьлівым. Рымскі народ любіў яго, а сэнат, звыш таго, і баяўся. Аўрэліян быў прыхільнікам строгай дысцыпліны ў арміі й праціўнікам карупцыі сярод чыноўнікаў. Праведзеныя ім рэформы спрыялі стабілізацыі становішча ў дзяржаве. Аўрэліян быў выдатным военачальнікам.

У «Вытрымках пра норавы й жыцьцё рымскіх імпэратараў» яго дасягненьня параўноўваюцца з дасягненьнямі Аляксандра Македонскага й Цэзара.

Тацыт, пераемнік Аўрэліяна, лічыў таго выратавальнікам Рыму, і загадаў кожнаму грамадзяніну мець жывапісны партрэт Аўрэліяна.