Перайсьці да зьместу

Хакей зь мячом

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Бэндзі»)
Хакей зь мячом

Хакей зь мячом, бэндзі (па-ангельску: bandy) ці рускі хакей — зімовая спартыўная камандная гульня з клюшкамі й невялікім цьвёрдым мячом на ледзяным полі футбольных памераў з удзелам дзьвюх камандаў з 11 чалавек на каньках (па 10 палявых гульцоў і адным брамніку ў кожнай). У працэсе гульні палявыя гульцы спрабуюць клюшкамі закінуць мяч у вароты іншай каманды й пры гэтым не дазволіць супернікам зрабіць тое ж самае.

Матч складаецца з двух таймаў па 45 хвілінаў; па рашэньні судзьдзі пры неспрыяльных умовах надвор’я — часьцей за ўсё вельмі нізкай тэмпэратуры або моцным сьнегападзе — 3 таймы па 30 хвілінаў, пераможцам зьяўляецца каманда, якая за час гульні здолела часьцей закінуць мяч у вароты суперніка (забіла больш галоў).

Найбуйнейшай міжнароднай арганізацыяй у хакеі зь мячом зьяўляецца Фэдэрацыя міжнароднага бэндзі (па-ангельску: FIB — Federation of International Bandy). Хакей зь мячом — афіцыйна прызнаны Міжнародным алімпійскім камітэтам зімовы від спорту, аднак у праграму Зімовых Алімпійскіх гульняў ён не ўваходзіць. У якасьці паказальнай дысцыпліны хакей зь мячом быў прадстаўлены на VI Зімовых Алімпійскіх гульнях у Осла ў 1952 годзе, а падчас Алімпіяды 2014 году ў Сочы там жа адбудзецца чэмпіянат сьвету.

Першыя згадкі аб гульнях на лёдзе замерзлых вадаёмаў адносяцца да эпохі Сярэднявечча. У рускіх летапісах X—XI стагодзьдзяў распавядаецца пра народную забаўку, у якой некалькі чалавек на невялікай пляцоўцы палкамі ганялі які-небудзь круглы прадмет. У розных мясцовасьцях гульню называлі па-рознаму: ваўчок, кацёл, клюшкаваньне.

Прыхільнікам гэтай гульні зьяўляўся Пётар I. Пры ім гульцы пачалі выкарыстоўваць жалезныя канькі, завезеныя царом з Галяндыі.

Гульні, якія аддалена нагадваюць сучасны хакей зь мячом, адначасова зьявіліся й разьвіваліся таксама ў іншых краінах — Канадзе, Вялікабрытаніі, Швэцыі, Галяндыі й таму дакладна сказаць, якая краіна зьяўляецца радзімай хакею зь мячом, немагчыма.

Хакей зь мячом, у сучасным разуменьні спартовай дысцыпліны, сфармаваўся ў Вялікабрытаніі ў першай палове XIX стагодзьдзя. У 1850—1870-я некаторыя ангельскія футбольныя клюбы («Шэфілд Юнайтэд», «Нотынггэм Форэст» і іншыя) нараўне з футболам культывавалі й бэндзі. Паступова ўзьнікалі й асобныя бэндзі-клюбы. У 1891 годзе ў Вялікабрытаніі была створаная Нацыянальная асацыяцыя бэндзі (першае падобнае аб’яднаньне ў сьвеце), якая распрацавала афіцыйныя правілы гульні. Ангельцы ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў паспрыялі разьвіцьцю хакею зь мячом у эўрапейскіх краінах — Швэцыі, Нарвэгіі, Швайцарыі й іншых. Ангельскія спэцыялісты арганізоўвалі футбольна-хакейныя гурткі на прамысловых прадпрыемствах у Расеі. У 1888 годзе пецярбурскі студэнт Пётар Масквін заснаваў «Санкт-Пецярбурскі гурток аматараў спорту» (клюб «Спорт»), а ў 1897 годзе ён распрацаваў першыя ў Расеі правілы для хакею зь мячом. 20 сакавіка 1898 году ў Санкт-Пецярбурзе быў згуляны першы матч па хакеі зь мячом — «рускім хакеі».

У 1913 годзе ў швайцарскім Давосе праведзены чэмпіянат Эўропы па хакеі зь мячом, аднак Першая сусьветная вайна надоўга спыніла разьвіцьцё гэтага віду спорту. У пачатку дваццатых гадоў нацыянальныя фэдэрацыі былі альбо распушчаны (як у 1924 годзе ў Даніі), альбо прынялі правілы «канадзкага хакею» (як у 1922 годзе ў Вугоршчыне). Аўстрыйцы працягвалі рэгулярна гуляць у бэндзі, але толькі да канца дваццатых гадоў. Насуперак гэтай тэндэнцыі, на пэрыяд паміж сусьветнымі войнамі прыйшоўся росквіт бэндзі ў Прыбалтыцы, калі ў Эстоніі й Латвіі да сярэдзіны трыццатых гадоў праводзіліся рэгулярныя чэмпіянаты.

Толькі ў Скандынавіі (Швэцыя, Нарвэгія, Фінляндыя) і СССР хакей зь мячом не перарываў сваю гісторыю. Да сярэдзіны XX стагодзьдзя гэтыя чатыры краіны заставаліся адзінымі, у якіх гэты від спорту разьвіваўся й заставаўся папулярным. Аднак правілы, якія існавалі з аднаго боку ў Скандынавіі, а з другога боку ў СССР, крыху адрозьніваліся. Гэтыя абставіны стрымлівалі папулярызацыю бэндзі ў іншых краінах, нягледзячы на высілкі ўсіх чатырох краінаў: Нарвэгія, напрыклад, у 1952 годзе настаяла на ўключэньні ў праграму Зімовых Алімпійскіх гульняў у Осла бэндзі ў якасьці паказальнага віду спорту. 12 лютага 1955 году ў Стакгольме была створаная Фэдэрацыя міжнароднага бэндзі, правілы гульні былі ўніфікаваныя, пасьля чаго ў тым жа годзе адбылася першая міжнародная сустрэча па новых правілах паміж зборнымі СССР і Швэцыі. З 1957 году рэгулярна праводзяцца чэмпіянаты сьвету.

У 1963 годзе бэндзі быў адроджаны ў Галяндыі, у 1988 годзе — у Вугоршчыне, з 1981 году праводзяцца рэгулярныя гульні ў ЗША, а з 1986 году — у Канадзе. Пасьля распаду СССР у арбіту міжнароднага бэндзі ўцягнуліся Казахстан, Беларусь, Эстонія, Латвія й Кіргізія. З 2004 году праводзяцца чэмпіянаты сьвету па хакеі зь мячом сярод жанчынаў. У 2011 годзе хакей зь мячом быў прадстаўлены на Зімовых Азіяцкіх гульнях, якія праходзілі ў Казахстане.

У сакавіку 2012 году ў швэдзкім горадзе Упсала ўпершыню ў гісторыі хакею зь мячом была адкрытая Заля славы швэдзкага бэндзі.

Сучасны хакей зь мячом

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Чальцы Фэдэрацыі міжнароднага бэндзі

Паказчыкам папулярнасьці хакею зь мячом можна лічыць тое, што на чэмпіянатах сьвету на працягу шэрагу гадоў удзельнічае па 12 камандаў з Эўропы, Паўночнай Амэрыкі й Азіі. Найстарэйшымі ўдзельнікамі гэтага турніру зьяўляюцца Расея (СССР), Швэцыя й Фінляндыя, якія прымалі ўдзел ва ўсіх чэмпіянатах, пачынаючы з 1957 году. З другога чэмпіянату ўдзельнічае ў турнірах і зборная Нарвэгіі. З 1985 году рэгулярна накіроўваюць сваю зборную на чэмпіянаты сьвету Злучаныя Штаты Амэрыкі. З 1991 году ў чэмпіянатах выступаюць зборныя Нідэрляндаў, Канады і Вугоршчыны, з 1995 — каманда Казахстану, з 2001 — Беларусі, з 2003 — Эстоніі, з 2006 — Манголіі, з 2007 — Латвіі, з 2012 году — Кыргыстану й Японіі.

Вынікі апошніх чэмпіянатаў сьвету дазваляюць казаць пра тое, што ў сусьветным хакеі зь мячом сфармаваная своеасаблівая «табель аб рангах». Наймацнейшымі зборнымі зьяўляюцца расейская й швэдзкая. Канкурэнцыю ім можа скласьці каманда Фінляндыі, якая мае ў сваім актыве адзін тытул чэмпіёна сьвету. Гэтыя зборныя, а таксама Казахстан і Нарвэгія фармуюць «вялікую пяцёрку» мацнейшых камандаў сьвету.

Акрамя краінаў, зборныя якіх удзельнічаюць у чэмпіянатах сьвету, у Міжнароднай фэдэрацыі хакею зь мячом прадстаўленыя таксама Індыя, Італія, Польшча, Аўстралія, Ірляндыя, Сэрбія, Швайцарыя, Украіна, Летува, Армэнія, Аргентына, Ангельшчына, Кітай і Аўганістан (усяго 29 краінаў).

Акрамя турніраў нацыянальных зборных, у хакеі зь мячом таксама праводзяцца міжнародныя турніры сярод клюбных камандаў. Самым прэстыжным сярод іх зьяўляецца Кубак сьвету па хакеі зь мячом, які штогод праводзіцца ў Швэцыі. Важнае значэньне мае таксама Кубак эўрапейскіх чэмпіёнаў. Праводзіцца й цэлы шэраг камэрцыйных турніраў.

Поле для хакею зь мячом
Клюшка й мяч
Брамнік у хакеі зь мячом гуляе бяз клюшкі

Поле для хакею зь мячом уяўляе сабой прамавугольную ледзяную пляцоўку з даўжынёй 90—110 і шырынёй 50—70 м. Памеры варотаў: вышыня — 2,1 м, шырыня — 3,5 м. Акружнасьць мяча — да 24 см, вага — ня больш за 165 г.

Стандартная працягласьць гульні — два таймы па 45 хвілінаў.

Кожная каманда павінна выставіць на поле 10 палявых гульцоў і брамніка. Як і ў футболе, палявыя гульцы валодаюць адным з трох амплюа — абаронца, паўабаронца ці нападаючы. Брамнік — адзіны гулец на полі, які не карыстаецца клюшкай, мае права браць мяч рукой у межах сваёй штрафной плошчы, мае зьдзяйсьняць падзеньні й скачкі на лёд.

Як і ў хакеі з шайбай, гульцы могуць замяняцца практычна ў любы момант і неабмежаваную колькасьць разоў.

Пры парушэньні правілаў судзьдзя можа прызначыць свабодны ўдар або пэнальці, вынесьці вуснае папярэджаньне, выдаліць гульца на 5, 10 хвілінаў, або да канца гульні бяз права замены.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]