Перайсьці да зьместу

Бойніцкі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бойніцкі замак (2004)

Бо́йніцкі за́мак (па-славацку: Bojnický zámok, па-нямецку: Schloss Weinitz) — замак у славацкім горадзе Бойніцэ. Цяпер у ім разьмяшчаецца адзін з найбольш папулярных музэяў краіны.

Замак быў упершыню згаданы ў 1113 годзе ў дакумэнце абацтва Зобар. Першапачаткова ён быў драўляны, але паступова асобныя элемэнты былі замененыя каменнымі, а вонкавыя сьцены былі прыстасаваныя да навакольнай гарыстай мясцовасьці. Першым уладальнікам стаў Матуш Чак, які фактычна зьяўляўся кіраўніком усёй заходняй і цэнтральнай Славаччыны. Замак быў перададзены яму ў 1302 годзе каралём Вугоршчыны Вацлавам III. У XV стагодзьдзі замак знаходзіўся ў валоданьні караля Мацяша «Корвіна» Хун’ядзі, які, у сваю чаргу, перадаў замак у 1489 годзе на кароткі час свайму пазашлюбнаму сыну Янашу Корвіну.

Мацяш з задавальненьнем наведваў Бойніцэ і выдаваў тут каралеўскія загады. Звычайна ён дыктаваў іх пад сваёй улюбёнай ліпай, якая сёньня вядомая пад назвай Ліпа караля Мацяша. Па сьмерці Мацяша замак перайшоў у валоданьне рода Запальяі. Заможная сям’я Турза з паўночнай часткі Вугорскага каралеўства набыла замак у 1528 годзе і ажыцьцявіла шматлікія перабудовы. Першапачатковая крэпасьць была ператвораная ў рэнэсансны замак. З 1646 году замак знаходзіўся ў валоданьні роду Палфій, які таксама стаў ініцыятарам пэўных зьменаў у замку.

Урэшце Ян Палфій зьдзейсьніў над замкам капітальную перабудову, якая цягнулася з 1888 да 1909 году. Узьнік цяперашні замак, які нагадвае францускія замкі Люары. Палфій асабіста ўдзельнічаў у працэсе ў якасьці архітэктара і графічнага дызайнэра. Ён быў адным з буйнейшых калекцыянэраў антычных габэленаў, карцінаў і скульптураў свайго часу.

Перабудова замка была ініцыяваная таксама і ў сувязі з асабістым жыцьцём Яна Палфія. Ён закахаўся ў францужанку, дачку арыстакрата. Палфій зрабіў ёй прапанову ажаніцца, і яна пагадзілася, аднак пераяжджаць у замак не зьбіралася, бо ён ня быў падобны на ейны родны дом. У выніку замак быў перабудаваны ў францускім стылі, але перабудова цягнулася 21 год. За гэты час дзяўчына ўжо выйшла замуж, а Ян Палфій памёр халастым.

Пасьля сьмерці Палфія ягоныя нашчадкі ў 1939 годзе прадалі замак разам з водалякарняй і навакольнай зямлёй Яну Антаніну Батэ, галаве абутковага канцэрну Баця.

Пасьля 1945 году маёмасьць канцэрну Баця была сканфіскаваная чэхаславацкай дзяржавай, а ў замку сталі разьмяшчацца сталічныя дзяржаўныя інстытуты. 9 траўня 1950 году ў замку ўсчаўся пажар, які прычыніў значныя страты. Урад вылучыў сродкі на аднаўленьне Бойніцкага замка. Пасьля аднаўленьня ў замку разьмясьцілася філія Славацкага народнага музэю, якая спэцыялізавалася на дакумэнтацыі і прэзэнтацыі постмадэрнісцкага архітэктурнага стылю.

Апроч гэтага, рамантычны замак зьяўляецца папулярным месцам для здымкаў казачных фільмаў, у тым ліку «Пячора залатой розы». У 2006 годзе Бойніцкі замак наведалі каля 200 тысячаў чалавек.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]