Белгарад-Днястроўская крэпасьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Крэпасьць
Белгарад-Днястроўская крэпасьць
Акерманская крэпасьць
Bilhorod Dnistrovskyi.jpg
Краіна Украіна
Адэская вобласьць Белгарад-Днястроўскі
Каардынаты 46°12′04″ пн. ш. 30°21′02″ у. д. / 46.20111° пн. ш. 30.35056° у. д. / 46.20111; 30.35056Каардынаты: 46°12′04″ пн. ш. 30°21′02″ у. д. / 46.20111° пн. ш. 30.35056° у. д. / 46.20111; 30.35056
Тып будынка Крэпасьць
Аўтар праекту Майстар Федарко
Будаўніцтва XIII стагодзьдзе1440
Статус Ахоўваецца дзяржавай
Белгарад-Днястроўская крэпасьць на мапе Ўкраіны
Белгарад-Днястроўская крэпасьць
Белгарад-Днястроўская крэпасьць
Белгарад-Днястроўская крэпасьць
Commons-logo.svg Белгарад-Днястроўская крэпасьць на Вікісховішчы

Белгарад-Днястроўская крэпасьць (па-румынску: Cetatea Alba; да 1944 году — Акерманская крэпасьць) — помнік гісторыі і горадабудаўніцтва XIII—XV стагодзьдзяў. Зьяўляецца адной з найболей захаваных на тэрыторыі Ўкраіны. Сваімі памерамі яна перасягае ўсе падобныя фартыфікацыйныя збудаваньні краіны. Агульная плошча тэрыторыі крэпасьці 9 га. Фартэцыя знаходзіцца на скалістым беразе Днястроўскага ліману і мае выгляд няправільнага многавугольніку. Раней яна складалася з чатырох двароў, кожны зь якіх меў адмысловае прызначэньне і мог самастойна весьці абарону (у наш час захавалася толькі тры крапасныя двары).

Усе будынкі крэпасьці абнесены трывалымі мурамі, працягласьць якіх дасягае 2,5 км. Праз 40—45 м курціны былі ўбудаваны вежы і бастыёны. Іх колькасьць дасягала 34, 12 зь іх зьяўляліся пустымі баявымі вежамі. Астатнія — бастыёны і паўбастыёны. Яны пазьней былі пераўтвораны ў пляцоўкі для разьмяшчэньня артылерыйскіх гармат. Многія вежы маюць уласныя назвы (вежа Авідыюса (Дзявоцкая), Вартаўнічая вежа, вежа Пушкіна і г. д.), зьяўляюцца адлюстраваньнем мясцовых паданьняў і легендаў.

Цытадэль — найболей важная і ўмацаваная частка крэпасьці, тут знаходзілася вязьніца, засядаў камэндант і афіцэры гарнізону, захоўваўся арсэнал і казна.

Гарнізонны двор — выкарыстоўваўся для сталага жыцьця гарнізону.

Грамадзянскі двор нагадваў жылы ўмацаваны пункт, быў забудаваны аднапавярховымі дамамі і паўзямлянкамі, якія не захаваліся на сёньняшні дзень. На тэрыторыі двара зьбіралася насельніцтва гораду і навакольных вёсак падчас небясьпекі.

Плошча Партовага двара (1,5 га) цягнулася ўздоўж берагу. Тут на працягу карантыннага тэрміну (40 дзён) захоўваліся тавары, прывезеныя ў горад.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крэпасьць закладзена ў XIII стагодзьдзі залатаардынскім ханам Берке і атрымала назву Ак-Лібо[1].

У XIV стагодзьдзі генуэзцы атрымалі права на карыстаньне крэпасьцю, як умацаваным гандлёвым цэнтрам (генуэзцы называлі яе Маўракастра, Манкастра). Пасьля страты Залатой Ардой у сярэдзіне XIV стагодзьдзя тэрыторыяў Днястроўскага ліману крэпасьць перайшла ў падпарадкаваньне малдоўскіх князёў. Генуэзцы таксама пазбавіліся права на выкарыстаньне крэпасьці.

Сярэднявечная фартэцыя, якая будавалася ў пэрыяды генуэскага і малдаўскага панаваньня, неаднаразова падвяргалася нападам. У XV стагодзьдзі гарнізон тройчы адбіў спробы Асманскай імпэрыі захапіць гэту цьвярдыню. І толькі ў 1484 годзе кіраўніцтва гораду паднесла султану Баязіду II сымбалічныя ключы ад гораду і крэпасьці. Тры стагодзьдзі Акерман уваходзіў у склад султанскай Турэччыны.

Апроч таго, сюды зьдзяйсьнялі вайсковыя паходы казачыя атрады пад правадырствам атаманаў Е. Дашкевіча, І. Пакацілы, Г. Лабады, Р. Сабко, І. Сярко, С. Палія.

З гісторыяй фартэцыі зьвязаны тры расейска-турэцкія войны. У вайсковых кампаніях бралі ўдзел расейскія палкаводцы і флётаводцы: Фёдар Ушакоў, Міхаіл Кутузаў (у пэрыяд другой расейска-турэцкай вайны некалькі месяцаў быў камэндантам крэпасьці), атаман данскіх казакоў Мацьвей Платаў — будучыя героі вайны з французамі 1812—1813 гг. і інш.

Паводле Бухарэсцкай мірнай дамовы (1812 год) землі Ніжняга Прыднястроўя з крэпасьцямі Хоцін, Тыгіна, Акерман, Кілія, Ізмаіл адышлі Расейскай імпэрыі.

У 1832 годзе Акерманская крэпасьць больш не выкарыстоўвалася, як вайсковае ўмацаваньне. У 1963 годзе, па пастанове Савету міністраў УССР № 970 «Пра парадкаваньне справаў уліку і аховы помнікаў архітэктуры на тэрыторыі Ўкраінскай ССР», Акерманская крэпасьць была занесена ў сьпіс помнікаў архітэктуры, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

Белгарад-Днястроўская крэпасьць — унікальны помнік абароннай архітэктуры сярэднявечча і самая вялікая крэпасьць на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы.

У 1970-х гадах крэпасьць актыўна выкарыстоўвалі кінэматаграфісты, у 1975 годзе тут здымаўся фільм «Капітан Нэма» Адэскай кінастудыі з Уладзіславам Дваржэцкім у галоўнай ролі.

З 1 ліпеня 2011 году Белгарад-Днястроўскай сярэднявечнай крэпасьцю кіруе абласное камунальнае прадпрыемства «Фортеця».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Егоров В. Историческая география Золотой Орды в XIII-XIV вв.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Белгарад-Днястроўская крэпасьцьсховішча мультымэдыйных матэрыялаў