Перайсьці да зьместу

Баку — Супса

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Баку—Супса»)
Трубаправод
«Баку — Супса»
азэрб. Bakı-Supsa

Чырвонай лініяй
Месцазнаходжаньне
Краіна Азэрбайджан і Грузія
Агульны кірунак з усходу на захад
Пачатак Сангачал (Гарадаскі раён Баку)
Праляганьне Апшэронскі, Аранскі і Гянджа-Газаскі краі
Кахэці, Мцхэта-Мтыянэці, Шыда Картлі і Імэрэці
Канец Супса (край Гурыя)
Агульныя зьвесткі
Від нафтаправод
Стан дзейны
Уласьнік «Азэрбайджанская міжнародная апэрацыйная кампанія»
Праектавальнік «Брытанская нафта» (Ангельшчына)
Падраднік «Квэрнэр» (Нарвэгія)
Пачатак пракладкі 1994
Кошт 556 млн даляраў ЗША
Дата пуску 17 красавіка 1999 (25 гадоў таму)
Тэхнічныя зьвесткі
Даўжыня 833 км
Прапускная здольнасьць 20 000 тонаў (150 000 бочак) за содні
Прамер трубы 53 см
Кампрэсарныя станцыі 1 у Азэрбайджане, 2 у Грузіі
Перапамповачныя станцыі па 3 у Азэрбайджане і Грузіі

«Баку — Супса» (груз. ბაქო-სუფსის) — заходні экспартны нафтаправод Азэрбайджану праз Грузію, адчынены ў красавіку 1999 году.

Выкарыстоўваўся для перапампоўкі азэрбайджанскай нафты з Касьпійскага мора да грузінскага нафтаналіўнога тэрміналу ў Супсе на Чорным моры для пагрузкі ў танкеры. Дазваляў накіроўваць нафту з водмелевых радовішчаў Азэры-Чыраг-Гюнэшлі морам у краіны Эўропы пераважна праз Басфорскую пратоку. Адбудову нафтаправоду, узьведзенага са савецкім часам, пачалі ў 1994 годзе ў Азэрбайджане і скончылі ў 1998-м у Грузіі. У Азэрбайджане пралягала 456 км (55 %) з 833 км нафтаправоду. Яго прапускная здольнасьць складала 20 000 тонаў (150 000 бочак) за содні. Дзейнасьцю трубаправоду кіравала ангельскае прадпрыемства «Брытанская нафта» (Лёндан)[1] праз «Азэрбайджанскую міжнародную апэрацыйную кампанію» («АМАК»)[2].

У Азэрбайджане пралягаў уздоўж нафтаправоду «Баку — Тбілісі — Джэйхан» у 3-х гаспадарчых краях праз 13 раёнаў — Апшэронскі, Аджыкабулскі, Агсуйскі, Ісмаілінскі, Гёйчайскі, Агдаскі, Еўласкі, Геранбойскі, Самускі, Шамкірскі, Тавускі, Акстафінскі і Газаскі.

Адцінак нафтаправоду «Баку — Супса» ў Азэрджайджане (зялёным) ўздоўж нафтаправоду «Баку — Тбілісі — Джэйхан»

У красавіку 1996 году ўрады Азэрбайджану і Грузіі ратыфікавалі міжурадавае Пагадненьне аб будоўлі нафтаправоду «Баку — Супса», якую скончылі ў лістападзе 1998 году[2]. Будаўніцтва вялося ад Сангачальскага тэрміналу (Гарадаскі раён Баку) на Касьпійскім моры да грузінскага нафтаналіўнога тэрміналу на Чорным моры. У сьнежні 1998 году пачалі напаўненьне трубаправоду нафтай, якое скончылі ў сакавіку 1999 году. 8 красавіка 1999 году ў Супсе напоўнілі 1-ы танкер. На нафтаправодзе дзейнічала па 3 пампавальныя станцыі ў Азэрбайджане і Грузіі, пускавая станцыя ў Азэрбайджане і 2 станцыі зьніжэньня ціску ў Грузіі. У Супсе знаходзілася 3 нафтасховішчы агульным абсягам на мільён бочак нафты[3]. Нафтаправод улучаў 59 запорных кляпанаў(ru) са зваротнымі кляпанамі(en). Уласьнікам трубаправоду стала «Азэрбайджанская міжнародная апэрацыйная кампанія» («АМАК»), найбольшымі пайшчыкамі якой былі ТАА «Брытанская нафта» (Ангельшчына) і Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі[2].

17 красавіка 1999 году адчынілі Супсінскі нафтаналіўны тэрмінал. 21 кастрычніка 2006 году нафтаправод зачынілі пасьля праверкі. У 2007 годзе замянілі трубы ў Азэрбайджане пры перасячэньні ракі Куры і ў Грузіі каля гораду Зэстафоні. Пасьля сканчэньня рамонту ў 1-м квартале 2008 году трубаправод перазапусьцілі ў чэрвені 2008 году. Рамонт каштаваў 53 млн амэрыканскіх даляраў[2]. У 2016 годзе прапампоўка па нафтаправодзе каштавала 3,14 даляры за тону і 0,43 $ за бочку. Зь іх на долю Азэрбайджану прыпадала 1,94 $ (62 %) за тону і 0,26 $ за бочку нафты, а рэшту складала доля Грузіі[4]. У 2021 годзе праз нафтаправод «Баку — Супса» перапампавалі каля 31 млн бочак нафты[2].

Пастаўкі ў Беларусь

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Адцінак нафтаправоду «Баку — Супса» ў Грузіі (чырвоным)

У 1-й палове 2020 году Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі паставіла частку з 420 000 тонаў нафты праз нафтаправод «Баку — Супса» ў Адэсу (Украіна) для канцэрну «Белнафтахім». 16 ліпеня 2020 году з Супсінскага порта (Грузія) ў Адэсу выйшаў чарговы танкер з 85 000 тонаў азэрбайджанскай нафты[5].

  1. ^ Нафтаперавозка (азэрб.) // Міністэрства энэргетыкі Азэрбайджану, 5 лістапада 2019 г. Праверана 11 красавіка 2022 г.
  2. ^ а б в г д Заходні экспартны трубаправод (анг.) // ТАА «Брытанская нафта», 2022 г. Праверана 11 красавіка 2022 г.
  3. ^ Заходні экспартны трубаправод «Баку—Супса» (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2022 г. Праверана 11 красавіка 2022 г.
  4. ^ Фатма Бабаева. Грузія падгрэсьліла ўклад трубаправоду «Баку — Супса» ў гаспадарчае разьвіцьцё Азэрбайджану (анг.) // Газэта «АзэрНавіны», 16 траўня 2016 г. Праверана 11 красавіка 2022 г.
  5. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Беларусь рыхтуецца прыняць новую партыю нафты з Азэрбайджану // Белтэлерадыёкампанія, 16 ліпеня 2020 г. Праверана 11 красавіка 2022 г.