Багародзіца (гімн)
Гімны Беларусі | |
---|---|
Багародзіца (XIV—XVIII стагодзьдзі) | |
Гімн БНР (1919) | |
Гімн БССР (1955—1991) | |
Гімн Беларусі (1991—2002) | |
Мы, беларусы (з 2002 году) | |
Іншыя гімны: | |
Магутны Божа (духоўны гімн, 1943) | |
Беларуская Марсэльеза (рэвалюцыйная песьня, 1906) |
«Багаро́дзіца» — гімн Вялікага Княства Літоўскага ў XIV—XVIII стагодзьдзях і найстарэйшы беларускі рэлігійны гімн. З XV ст. зваўся таксама «Песьняй Айчыны» і лічыўся ўжо старадаўнім. Сьпяваўся пры каранацыях, прыдворных цырымоніях і іншых урачыстасьцях, войскам перад бітвамі, пры асьвячэньні мошчаў сьвятых, на пахаваньнях дзяржаўных асобаў[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Багародзіцу» адносяць да гімнаў, а не да малітваў, на падставе наяўнасьці вершаванага тэксту. Найстарэйшы запіс тэксту з мэлёдыяй зроблены ў 1407 годзе. У Вялікім Княстве Літоўскім тэксты «Багародзіцы» зьмяшчаліся ў многіх пашыраных рукапісах і друкаваных выданьнях, ад так званага «Статуту Яна Ласкага» (1506) да «Volumina legum» (1732). У XVI ст. зьявіўся пераклад на лацінскую мову. Існуе шаснаццаць нотных запісаў «Багародзіцы», зробленых у XV—XVIII стагодзьдзях.
На вялікай дзяржаўнай харугве Вялікага Княства Літоўскага з аднаго боку была выява Пагоні, а з другога — выява Багародзіцы[2][3]. Улічваючы, што з другой паловы XIII ст. выява Багародзіцы была гербам Полацкага княства, можна меркаваць запазычаньне Вялікім Княствам Літоўскім гэтага герба, а магчыма, і гімна «Багародзіца», ад Полацку.
На падставе моўных дасьледаваньняў прыкладна вызначаюць тэрмін узьнікненьня гімну — сярэдзіна XIV ст., аднак ужытыя ў тэксьце архаізмы кажуць пра значна ранейшае датаваньне гэтага твору (нават да XIII ст.). «Багародзіца» лічыцца арыгінальным творам, дасьледнікі не адшукалі адпаведнікаў у грэцкай, лацінскай, чэскай і нямецкай літаратуры.
Упершыню ў крыніцах «Багародзіца» ўпамінаецца Янам Длугашам, у сваёй «Хроніцы» ён распавядае, што ў пачатку бітвы пад Грунвальдам літоўска-польскае войска засьпявала «Багародзіцу» і зь дзідамі рушыла на ворага[4].
У канцы XIV ст. «Багародзіца» разам зь Ягайлам і яго атачэньнем трапіла ў Каралеўства Польскае. У XV ст. гімн ўжо атрымаў шырокую вядомасьць ў Польшчы, пазьней стаў вайсковым і рэлігійным гімнам Рэчы Паспалітай. Некаторыя дасьледнікі лічаць, што «Багародзіца» была ўласным каранацыйным гімнам Ягелонаў. Пазьней тэкст «Багародзіцы» дапоўнілі дадатковымі радкамі.
Мэлёдыя Багародзіцы набліжаецца да мэлёдый грыгарыянскага харалу; запісаны нотамі-нэўмамі на пяцілініі, у ключы ФА, у малай актаве, такім чынам, прызначаецца да выкананьня мужчынскім хорам ва ўнісон або голасам. Танальна мэлёдыя належыць да 1. грыгарыянскага тону. Тэкст з манускрыпту з 1407 году ёсьць першым (найранейшым) вядомым сёньня вершаваным запісам польскай мовы. У 1529 годзе тэкст «Багародзіцы» на беларускай мове зьмясьцілі ў першай рэдакцыі Статуту Вялікага Княства Літоўскага[5].
Арыгінальны тэкст (1407)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Bogurodzica, dziewica
- Bogiem sławiena Maryja
- Twego syna, Gospodzina,
- Matko zwolena Maryja
- Zyszczy nam Spuści nam. Kyrieleison.
- Twego dzela krzciciela, Bożycze
- Usłysz głosy, napełń myśli człowiecze.
- Słysz modlitwę, jąż nosimy
- A dać raczy, jegoż prosimy,
- A na świecie zbożny pobyt
- Po żywocie rajski przebyt.
- Kyrieleison.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст. — Менск, 2011.
- ^ Вячорка В. Чаму дзяржаўным гімнам БНР стаў ваяцкі марш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»?, Радыё Свабода, 23 сакавіка 2019 г.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 96.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 101.
- ^ Несцерава Г. Ці спявалі мы Багародзіцу? // Лідскі Летапісец. № 3—4 (27—28), 2004.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Несцерава Г. Ці спявалі мы Багародзіцу? // Лідскі Летапісец. № 3—4 (27—28), 2004.
- Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст. / НАН Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. Бразгунова. — Менск: Беларуская навука, 2011. — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |