Перайсьці да зьместу

Андрэй Аляксандраў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Андрэй Аляксандраў
Файл:Апісаньне партрэту=На Купальлі ў Лёндане ў 2012 годзе
Дата нараджэньня 27 студзеня 1978(1978-01-27) (46 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак журналіст, мэдыямэнэджэр, палітычны вязень
Сябра ў ЕўраБеларусь[d]
Узнагароды

Андрэй Аляксандраў (нар. 27 студзеня 1978) – беларускі журналіст, грамадзкі дзеяч і палітычны вязень.

Нарадзіўся 27 студзеня 1978 ў Ніжнім Тагіле, але дзяцінства правёў у Паставах. Скончыў гістарычна-філялягічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Атрымаў ступень магістру мэдыямэнэджмэнту ва Ўэстмінстэрскім унівэрсытэце ў Лёндане[1]. Падчас пражываньня ў Лёндане быў сябрам Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі і актыўна ўдзельнічаў у жыцьці беларускай дыяспары.

У 2009–2012 гадох зьяўляўся намесьнікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў і працаваў для міжнародных арганізацыяў Index on Censorship і Article 19. У 2015–2018 гадох быў намесьнікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН[1].

Са жніўня да лістапада 2020 году Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна супрацоўнічалі з краўдфаўндынгавай плятформай BY_help, якая дапамагала ўдзельнікам у пратэстах супраць сфабрыкаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году выплачваць адміністрацыйныя штрафы за ўдзел у пратэстах[2].

Аляксандрава і Злобіну затрымалі 12 студзеня 2021 году і абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Навучаньне ці іншае рыхтаваньне асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама фінансаваньне і іншае забесьпячэньне такой дзейнасьці»). Падставай для абвінавачаньня зьявілася тое, што, паводле Міністэрства ўнутраных справаў, Андрэй Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 году аплаціў 250 штрафаў. Сьпісы і грошы на аплату штрафаў Аляксандраву перадаваў фонд «BY_help»[2].

Супраць людзей, якія атрымлівалі дапамогу, таксама завялі крымінальную справу. Улады дамагаюцца, каб яны выплацілі штрафы другі раз[2][3].

18 студзеня 2021 году сумеснаю заяваю васьмі арганізацыяў, сярод якіх «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Аляксандраў і Злобіна прызнаныя палітычнымі зьняволенымі. У заяве адзначаецца, што «збор добраахвотных ахвяраваньняў грамадзян, а таксама прадстаўнікоў беларускай замежнай дыяспары і дапамога ў аплаце штрафаў асобам, якія былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці толькі за факт удзелу ў мірных сходах і рэалізацыю гарантаваных Канстытуцыяй Беларусі й міжнароднымі нормамі права ... мірных сходаў і выказваньня меркаваньня, не мае нічога агульнага з фінансаваньнем якой бы ні было супрацьпраўнай дзейнасьці і, адпаведна, не зьяўляецца злачынствам. У дадзеным кантэксьце дзейнасьць Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай зьяўляецца добраахвотнай і дабрачыннай дзейнасьцю па аказаньню дапамогі ахвярам масавых палітычных рэпрэсій ў краіне і па сутнасьці сваёй зьяўляецца правабарончай»[4].

30 чэрвеня 2021 году Аляксандраву выстаўленае новае абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.[5]

Аляксандраў утрымліваецца ў СІЗА № 1 Менска («Валадарцы»)[6].

6 кастрычніка 2022 году Аляксандраву прызначылі 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму[7].

Міжнародная рэакцыя на затрыманьне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

15 студзеня 2021 году міжнародная арганізацыя Index on Censorship асудзіла затрыманьне й зьвярнулася да Міністра замежных справаў Вялікабрытаніі Дамініка Рааба і беларускага амбасадара ў Вялікабрытаніі  Максіма Ермаловіча з заклікам садзейнічаць вызваленьню Аляксандрава[8].

Міжнародныя арганізацыя Article 19 таксама асудзіла затрыманьне Аляксандрава і Злобінай[9]. Плятформа грамадзянскай салідарнасьці «Civic Solidarity Platform» запатрабавала безадкладнага вызваленьня палітычных зьняволеных. Адпаведную заяву плятформы падтрымалі 48 праваабарончых арганізацыяў розных краінаў сьвету[10].

  1. ^ а б Журналіста Андрэя Аляксандрава затрымалі ў крымінальнай справе. - Белсат, 13.01.2021
  2. ^ а б в Журналіста Андрэя Аляксандрава і ягоную сяброўку паставілі на ўлік як «схільных да экстрэмізму». - Белсат, 31.03.2021
  3. ^ Беларусы, якім дапамог «BY_help», сталіся фігурантамі крымінальнай справы. Іх выклікаюць у СК і ДФР. Што трэба ведаць і рабіць. - Белсат, 12.03.2021
  4. ^ Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый. - Вясна (цэнтар), 18.12.2020
  5. ^ Журналісту Андрэю Аляксандраву выставілі абвінавачванне ў здрадзе дзяржаве - Наша Ніва, 30.06.2021
  6. ^ Андрэй Аляксандраў. - Вясна (цэнтар)
  7. ^ Вярхоўны суд пакінуў прысуды абвінавачаным па «справе БелаПАН» (бел.). Новы час (2023-01-06).
  8. ^ Index calls for the release of Andrei Aliaksandrau. - Index on Censorship, 15.01.2021
  9. ^ Belarus: Release Andrei Aliaksandrau and Irina Zlobina. - Article 19, 18.01.2021
  10. ^ Civic Solidarity Platform calls for the release of Andrei Aliaksandrau. - Civic Solidarity Platform, 26.01.2021

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]