Вечны мір (1686)
Ве́чны мі́р (у польскай гістарыяграфіі вядомы як Мі́р Гжымулто́ўскага (па-польску: pokój Grzymułtowskiego)) — дамова аб разьдзеле Гетманшчыны, заключаная Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай у Маскве 6 траўня 1686 году. Тэкст дамовы складаўся з прэамбулы й 33 артыкулаў.
Перамір’е скончыла вайну Расеі з Рэччу Паспалітай, якая працягвалася з 1654 году на тэрыторыі сучасных Беларусі й Украіны і часткова была выкліканая ў тым ліку падзеямі ва Ўкраіне.
Дамова пацьвярджала пастановы Андрусаўскага замірэньня 1667 году, акрамя наступнага: Кіеў ужо назаўжды прызнаваўся прыналежным да Маскоўскай дзяржавы (у адрозьненьне ад часовага характару папярэдняе дамовы) з выплатай 146 тысячаў рублёў кампэнсацыі Рэчы Паспалітай, якая таксама адмаўлялася ад сумеснага пратэктарату над Запароскай Сеччу.
З боку Рэчы Паспалітай дамова падпісаная ваяводам Познанскім, дыпляматам Кшыштафам Гжымултоўскім, з маскоўскага — канцлерам і начальнік Пасольскага прыказу князем Васілём Галіцыным.
Умовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Рэч Паспалітая прызнавала за Маскоўскай дзяржавай Левабярэжную Ўкраіну, Кіеў, Запарожжа, Смаленск і Чарнігава-Северскую зямлю з Чарнігавам і Старадубам.
- Маскоўская дзяржава далучалася да краінаў, якія вядуць вайну супраць Турэччыны.
- Рэч Паспалітая атрымлівала 146 тысячаў рублёў кампэнсацыі за адмову ад Кіева.
- Паўночная Кіеўшчына, Валынь і Галічына заставаліся ў складзе Рэчы Паспалітай.
- Паўднёвая Кіеўшчына і Брацлаўшчына ад мястэчка Стаёк да ракі Цясьмін зь местамі Іржышчаў, Трахцяміраў, Канеў, Чаркасы, Чыгірын і іншыя, гэта значыць землі, моцна спустошаныя за гады вайны, павінная была стаць нэўтральнай тэрыторыяй паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай.
- Рэч Паспалітая абавязалася надаць праваслаўным волю веравызнаньня, а маскоўскі ўрад абяцаў іх абараняць.
Маскоўская дзяржава анулявала папярэднія дамовы з Асманскай імпэрыяй (якая разьвязала вайну з Рэччу Паспалітай у 1672 годзе) і Крымскім ханствам і ўступіла ў антытурэцкую Сьвятую лігу, а таксама абавязвалася арганізаваць ваенны паход супраць Крымскага ханства (крымскія паходы ў 1687 і 1689 гадах).
Хоць умовы Вечнага міру ўступалі ў сілу адразу пасьля падпісаньня дамовы, Сойм Рэчы Паспалітай ратыфікаваў яго толькі ў 1764 годзе. Нягледзячы на перадачу ўсходніх зямель ВКЛ, у дзяржаве фармальна працягвалі існаваць органы мясцовае ўлады перададзеных земляў (напрыклад, павятовыя соймікі).
Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дамова замацавала за Маскоўскай дзяржавай Смаленшчыну, Левабярэжную Ўкраіну з Кіевам, Запарожжа і Северскую зямлю з Чарнігавам і Старадубам. Падпісаньне «вечнага міру» адкрывала магчымасьць для аб’яднаньня дзяржаваў супраць татара-турэцкай агрэсіі й стала асновай зьвязу Расеі й Рэчы Паспалітай у Паўночнай вайне 1700—1721 гадоў. Масква далучылася да антытурэцкай «Сьвятой лігі» — зьвязу Аўстрыі, Рэчы Паспалітай і Вэнэцыі.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Сагановіч Г. Вечны мір // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя у 3 т. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 405. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Кочегаров К.А. Речь Посполитая и Россия в 1680–1686 гг. Заключение договора о Вечном мире. М., 2008.