Перайсьці да зьместу

Анатоль Дзялендзік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Анатоль Андрэевіч Дзялендзік
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 4 сакавіка 1934
в. Кулакі, Старобінскі раён, Менская вобласьць, БССР, СССР
Памёр 29 лістапада 2019 (85 гадоў)
Менск, Беларусь
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург, пісьменьнік
Мова беларуская мова[1] і расейская мова[1]
Узнагароды
Мэдаль Францішка Скарыны
Мэдаль Францішка Скарыны

Анато́ль Андрэ́евіч Дзяле́ндзік (4 сакавіка 1934, в. Кулакі, Старобінскі раён, Менская вобласьць — 29 лістапада 2019, Менск) — беларускі драматург, сцэнарыст, празаік.

Нарадзіўся 4 сакавіка 1934 году ў в. Кулаках Старобінскага раёну Менскай вобласьці ў сям’і службоўца. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, партызан, выведнік, пазьней — ад’ютант генэрала В. Казлова.

У 1957 годзе скончыў лячэбны факультэт Менскага мэдычнага інстытуту. Працаваў лекарам у рэспубліканскай псыханэўралягічнай лякарні ў Менску (1957-68). Скончыў завочна Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве (1969). Каля 20 гадоў працаваў сябрам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільму». Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1965 году.

Памёр 29 лістапада 2019 году ў Менску.

Пісаў на расейскай і беларускай мовах. У 1963 годзе выйшла першая кніга — зборнік гумарэсак «Пагібель Тытаніка». Аўтар драмаў «Выклік багам» («Чатыры крыжы на сонцы», 1967, пастаўленая ў 1965), «Грешная любовь» (Масква, 1970, пастаўленая ў 1967), «Начное дзяжурства» (1972, пастаўленая ў 1970), «Апошнія суніцы ў жніўні» (пастаўленая ў 1975), «Гаспадар» (пастаўленая ў 1985), камэдыяў «Амазонкі» (1974, пастаўленая ў 1972), «"Апэрацыя "Мнагажэнец"» (1976, пастаўленая ў 1974), «Аўкцыён» (пастаўленая ў 1988), «Гіпапатам» (1981). Напісаў шэраг аднаактавых п’есаў («Абы ціха», «Дзяўчына з камвольнага» й іншыя). Аўтар сцэнарыяў тэлефільмаў «Пазнай сябе» (пастаўлены ў 1972), «Блакітны карбункул» (пастаўлены ў 1979) і мастацкіх фільмаў «Заўтра будзе позна» (з М. Крно, пастаўлены ў 1973), «Нязручны чалавек» (пастаўлены ў 1985), «Ваўкі ў зоне» (пастаўлены ў 1990). Напісаў таксама шэраг радыёп’есаў («Шаўковыя травы», «Даўгавечнік», «Дыягназ» і іншыя). У 1981 годзе выйшаў зборнік камэдый «Апэрацыя "Мнагажэнец"», у 1985 — «П’есы».

Ужо ў камэдыі «Гіпапатам» А. Дзялендзіка адчуваецца істотны паварот да ўмоўнасьці, выкарыстаньня сродкаў абсурду. Ягоная п’еса «Султан Брунэю» (пастаўлена ў 1998) паводле сваіх стылёвых прыкметаў цалкам належыць да «камэдыі абсурду». Твор прысьвечаны рэаліям «пасьляперабудоўнага» часу. Аўтар паказвае сацыяльныя кантрасты жыцьця, супярэчнасьці побыту.

Пастаўлена 26 п’есаў («Выклік багам» ішла больш як у 100 тэатрах, апошняя п’еса — «Карона каханьня» — пра творчасьць, каханьне й гібель Янкі Купалы). Зьнята 6 мастацкіх фільмаў (сумесна з Чэхаславаччынай фільм «Заўтра будзе позна» — пра нацыянальнага героя Славаччыны Яна Налепку — атрымаў прэмію на міжнародным кінафэстывалі ў Пльзені за найлепшы сцэнар, зьняты ў Кіеве тэлефільм «Пазнай сябе» атрымаў Гран Пры на міжнародным кінафэстывалі ў Варне. Паводле матываў жыцьця двойчы Героя сацыялістычнай працы В. Бядулі на кінастудыі «Масфільме» зьняты фільм «Нязручны чалавек».

«Ваўкі ў зоне» стаў першым мастацкім фільмам, прысьвечаным чарнобыльскай катастрофе. Карціна «Анастасія Слуцкая» атрымала 17 прызоў на міжнародных кінафэстывалях, у тым ліку залаты й плятынавы прызы ў ЗША і прыз «Залаты певень і сто кветак» у Кітаі.

Выдадзена каля 15 кніг (у тым ліку зборнік адзінаццаці камэдыяў «Гіпапатам»).

  • Беларускія пісьменнікі: 1917—1990 / Уклад.: А. Гардзіцкі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X