Камэдыя (п’еса)
Камэдыя | |
па-польску: Comedya | |
Жанр: | morality play[d] |
---|---|
Аўтар: | Каятан Марашэўскі |
Мова арыгіналу: | беларуская, польская |
Публікацыя: | 1911 |
Электронная вэрсія |
«Камэдыя» — п’еса Каятана Марашэўскага, упершыню пастаўленая ў 1787 годзе навучэнцамі Забельскага дамініканскага калегіюма. У шэрагу з польскімі ўстаўкамі, большасьць сцэнаў п’есы напісаны беларускаю гутарковаю моваю. Агульнае абыймо беларускага тэксту ў п'есе складае каля 60%.
Гісторыя публікацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Упершыню рукапіс п’есы быў апісаны ў 1909 годзе ў «Русском филологическом вестнике»[1]. Поўны тэкст «Камэдыі» з камэнтарамі быў апублікаваны У. Ператцам у 1911 годзе[2]. Вялікія вытрымкі з п’есы былі апублікаваныя Я. Карскім у газэце «Беларусь» (1920, № 100, 106—107). Скарочаны тэкст «Камэдыі» надрукаваў А. Ф. Коршунаў у «Хрэстаматыі па старажытнай беларускай літаратуры» (Мн., 1959. С. 387—403). Поўны тэкст п’есы зь перакладам польскамоўнай яе часткі на беларускую мову быў зьмешчаны ў зборніку «Беларуская дакастрычніцкая драматургія» (Мн., 1978. С. 9—40).
Жанр
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нягледзячы на тое, што твор напісаны ў эпоху Асьветніцтва, у яго аснову пакладзена контррэфармацыйная (барочная) ідэя пра ўсемагутнасьць Бога і нікчэмнасьць чалавека. Разам з тым, рысы асьветніцкага рэалізму выразна выяўляюцца ў тых сцэнах, якія апавядаюць пра жыцьцё беларусай вёскі.
С. Лаўшук адзначае, што нягледзячы на тое, што сваімі выяўленчымі парамэтрамі «Камэдыя» ня месьціцца ў нейкія кананічныя рамкі, у ёй на поўны голас загучалі ідэі беларускага асьветніцкага рэалізму[3].
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Высока ацаніў «Камэдыю» Францішак Аляхновіч, які лічыў яе творам пераходным, своеасаблівым мастком ад «няхітрых даўнішніх інтэрмэдый» да сапраўднай прафэсійнай драматургіі ў народным духу[4]. Захоплены жывой беларускай мовай камэдыі, некаторыя часткі маналёгаў Дзёмкі драматург скарыстаў у сваёй п’есе «Птушка шчасьця»[4].
Інакш успрымаў сацыяльную зьмястоўнасьць п’есу Максім Гарэцкі:
Твор Марашэўскага — сапраўдная камэдыя зь сялянскага жыцьця, хоць і ў духу ксяндзоўскае маралі і з дадаткам хрысьціянскай міталёгіі. Тым часам і гэтакія найлепшыя творы не зьяўляліся ў нашай літаратуры 18-га веку такім літаратурным этапам, зь якога бы шчыльна было зьвязана далейшае разьвіцьцё нашае слаўнае творчасьці. Чаму? Таму, што гэта не была творчасьць нацыянальная, зьвязаная з творчымі сіламі ўсяго народа і з ідэалёгіяй народа, гэта была забава паноў, пагарджаўшых народнаю культураю і тою моваю, у якой народ гаварыў...[5]
Дасьледнік гісторыі даўняй беларускай літаратуры А. Коршунаў адзачаў, што «ў самыя змрочныя часы каталіцкай рэакцыі, насуперак асабістым жаданьням аўтара, аб’ектыўна прапагандавала жывую гутарковую беларускую мову... „Камэдыя“ Марашэўскага — гэта жывая бытавая замалёўка з жыцьця беларускага селяніна XVIII ст., пададзеная ў рэалістычным пляне»[6].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Сычевская А. К вопросу о Мольере в польской драматической литературе XVIII ст. Русский филологический вестник Т. 2.
- ^ Перетц В. Н. К истории польского и русского народного театра XVIII—XIX стст. Известия Отдела русского языка и словесности императорской Академии наук. — Спб.: 1911 Т. XVI, кн 3. — С. 248—319.
- ^ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. Т. 2. Новая літаратура: другая палова XVIII—XIX стагоддзе / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; навук. рэд. тома У. І. Мархель, В. А. Чамярыцкі. — 2-е выд. — Мінск: Беларус. навука, 2010. — С. 51. — 582 с.
- ^ а б Аляхновіч Ф. Беларускі тэатар. Вільня, 1924. С. 24—25
- ^ Гарэцкі Максім. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 160
- ^ Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959. С. 386
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. Т. 2. Новая літаратура: другая палова XVIII—XIX стагоддзе / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; навук. рэд. тома У. І. Мархель, В. А. Чамярыцкі. — 2-е выд. — Мінск: Беларус. навука, 2010. — 582 с.