Анатоль Іверс
Анатоль Іверс | ||||
Асабістыя зьвесткі | ||||
---|---|---|---|---|
Імя пры нараджэньні | Іван Міско | |||
Нарадзіўся | 15 траўня 1912 в. Чамяры, Расейская імпэрыя | |||
Памёр | 26 кастрычніка 1999 (87 гадоў) Слонім, Беларусь | |||
Літаратурная дзейнасьць | ||||
Род дзейнасьці | паэт | |||
Мова | беларуская | |||
Узнагароды | | |||
Творы на сайце Knihi.com | ||||
Творы на сайце Kamunikat.org | ||||
Анато́ль І́верс (сапр. — Іва́н Дарафе́евіч Міско́; (15 траўня 1912, в. Чамяры, цяпер Слонімскі раён, Беларусь — 26 кастрычніка 1999, Слонім, Беларусь) — беларускі паэт.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У час Першае сусьветнае вайны сям’я, як і многія аднавяскоўцы, у 1914 г. выехала ў бежанства й вярнулася ў 1918 г. У 1926 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію. За ўдзел у рэвалюцыйна-вызваленчым руху быў выключаны зь Віленскай (1928), Клецкай (1929) і Наваградзкай (1931) гімназіяў. З 1931 г. у Чамярах пад наглядам польскай паліцыі. Пачаў пісаць пад псэўданімам Анатоль Іверс, адсылаючы ў тагачасную беларускую прэсу. З 1935 г. служыў у Войску Польскім, тымчасова памешчык забіў яго маці.
Пасьля ўзьяднаньня Заходняе Беларусі з БССР працаваў літаратурным работнікам слонімскае раённае газэты «Вольная праца» (1939—1941). Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1940 г. У час Другой сусьветнай вайны — адзін з арганізатараў падпольнага антынацысцкага руху[1], зь лістапада 1943 г. — партызан брыгады імя К. Ракасоўскага, у сакавіку 1944 г. абраны сакратаром Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэту[1]. Выдаваў антынацысцкую падпольную газэту «Барацьба»[1]. Жонка А. Іверса загінула ў Калдычаўскім лягеры, брат — у баі зь нямецкімі войскамі.
У пасьляваенныя гады савецкія ўлады доўгі час не прызнавалі слонімскую падпольную арганізацыю, А. Іверса некалькі разоў беспадстаўна звальнялі з працы. Потым працаваў у Слонімскім гарсавеце, у рэдакцыі раённае газэты «За перамогу камунізму»[1], у лесахімічнай прамысловасьці. У 1976—1984 гг. — сакратар слонімскага раённага аддзяленьня Таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры. Жыў у Слоніме. Быў знаёмы і сябраваў з Аляксандрай Бергман, Сакратам Яновічам, Віктарам Шведам, Міхасём Хмялеўскім, Георгіем Валкавыцкім і іншымі беларускімі дзяячамі Польшчы.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэбютаваў у друку вершамі ў 1934 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Песьні на загонах» (Вільня, 1939)[1], «З пройдзеных дарог» (1970), «Жыву ў бацькоўскім краі» (вершы і паэмы, 1982), «Я пайшоў бы ўсьлед за летам» (1987).
Рэвалюцыйна-вызваленчая тэматыка ў творах паэта глыбока зьвязаная з асобай чалавека, грамадзяніна, гераічныя матывы пераходзяць у лірычныя, зьліваюцца ў кранальны напеў пра лёс народу, якому даводзіцца пераадольваць гістарычную несправядлівасьць, наладжваць новае жыцьцё. Вядучыя стылявыя рысы — пявучасьць, шчырасьць інтанацыяў, часам празьмернае захапленьне апісаньнямі[1].
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і мэдалямі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.;
- Іверс Анатоль // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.;
- Чыгрын С. Не пыталі, ці зжата, ці скошана… // Ніва № 4 (2280), 23 студз. 2000.
- Нарадзіліся 15 траўня
- Нарадзіліся ў 1912 годзе
- Памерлі 26 кастрычніка
- Памерлі ў 1999 годзе
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны II ступені
- Нарадзіліся ў Слонімскім раёне
- Сябры Саюзу пісьменьнікаў СССР
- Беларускія літаратары
- Рэпрэсаваныя ў Польскай Рэспубліцы (1918—1939)
- Удзельнікі Другой сусьветнай вайны
- Памерлі ў Слоніме