Перайсьці да зьместу

Аляксандар Авечкін (хакеіст)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Авечкін
Рост 188 см
Вага 100 кг
Пазыцыя правы нападнік
Кідок/Ловы правы
Грамадзянства
Дата нараджэньня 17 верасьня 1985 (39 гадоў)
Месца нараджэньня Масква, СССР
Клюб Вашынгтон Кэпіталз
Выступаў за Дынама Масква
Нацыянальная зборная Мужчынская зборная Расеі па хакеі Расея
Драфт НХЛ 1, 2004
Вашынгтон Кэпіталз
Гульнявая кар’ера 2001 — цяпер

Алякса́ндар Міха́йлавіч Аве́чкін (па-расейску: Алекса́ндр Миха́йлович Ове́чкин; нарадзіўся 17 верасьня 1985 году, Масква, СССР) — расейскі хакеіст, гулец і капітан клюбу «Вашынгтон Кэпіталз», які выступае ў НХЛ і нацыянальнай зборнай Расеі. Да пераезду за акеан Аляксандар выступаў за маскоўскае «Дынама» з 2001 па 2005 год. У 2004 годзе быў задрафтаваны «Вашынгтон Кэпіталз» пад агульным 1 нумарам.

Аляксандар зьяўляецца ўладальнікам трафэяў Колдэра, Арт Роса, Гарта. А таксама ён тройчы атрымоўваў узнагароду Тэда Лінсдэя і чатыры разы трафэй Марыса Рышара. Авечкін зьяўляецца адным з гульцоў, якія здолелі некалькі сэзонаў набіраць больш за 100 пунктаў, падчас рэгулярнага сэзону НХЛ. Стала ўдзельнічае ў чэмпіянатах сьвету і алімпійскіх гульнях за нацыянальную зборную Расеі.

Аляксандар дэбютаваў у расейскай Супэрлізе ў 2001 годзе, калі яму было 16 гадоў. У першым сэзоне малады нападнік згуляў 22 матчы, у якіх двойчы адзначаўся забітымі галамі. На наступны год Аляксандар атрымаў больш гульнявога часу, вынікам чаго сталася 15 набраных пунктаў. Дзякуючы добрай гульні ў 2003 годзе на драфце НХЛ «Флорыда Пантэрз» прыкладала высілкі, каб атрымаць гульца ў свае шэрагі, аднак на той момант Аляксандру яшчэ ня споўнілася 18 год, таму дамова была ануляваная. У сэзоне 2003—2004 гадоў хакеіст ужо быў ключавым гульцом «Дынама», то бок ён згуляў 53 матчаў, у якіх зарабіў 23 пункты. Паводле вынікаў сэзону ён быў прызнаны лепшым левым нападнікам.

У 2004 годзе на драфце НХЛ пад агульным першым нумарам Аляксандар быў выбраны клюбам «Вашынгтон Кэпіталз». У гэты ж час атрымаў сваё разьвіцьцё канфлікт паміж «Дынама» і «Авангардам», зь якім Авечкін склаў папярэдную дамову, аднак, як заявіў сам гулец, сваю кар’еру ён хацеў працягнуць ужо ў НХЛ.

«Вашынгтон Кэпіталз»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля сканчэньня лакаўту Авечкін падпісаў кантракт з «Вашынгтонам». Хакеісту быў прапанаваны максымальна магчымы для пачаткоўца заробак — з улікам бонусаў ён мог бы зарабіць за сэзон 3,85 млн даляраў[4]. Аляксандар дэбютаваў у НХЛ 5 кастрычніка 2005 году, у матчы супраць «Каламбус Блю Джэкетс». У тым жа матчы ён закінуў сваю першую шайбу, а ў выніку зрабіў дубль, чым дапамог «Вашынгтону» перамагчы.

Авечкін пачаў апраўдваць чаканьні ўжо з пачатку рэгулярнага чэмпіянату. Ён набіраў пункты ў першых 11 матчах «Вашынгтона». 16 студзеня Авечкін забіў шайбу ў браму «Фінікс Каётыз», якая шматлікімі журналістамі і заўзятарамі называлася адной з найпрыгажэйшых у гісторыі НХЛ[5][6][7]. Усяго ж на свой рахунак Авечкін запісаў за сэзон 106 пунктаў (52+54). Паводле колькасьці пунктаў і забітых шайбаў Аляксандар заняў 3-е месца ў лізе, а сярод пачаткоўцаў быў лепшым паводле шайбаў, пунктаў і кідкоў. Дзякуючы такім выбітным паказчыкам ён атрымаў сваю першую ўзнагароду ў НХЛ — як і чакалася, ён абышоў Сыдні Кросьбі ў галасаваньні на ўладальніка трафэю Колдэра, як лепшаму пачаткоўцу сэзону.

Сэзон 2006—2007 гадоў стаўся для Авечкіна менш удалым, чым папярэдні. Ён набраў 92 пункты (46+46), на 14 менш, чым у мінулым сэзоне. Нягледзячы на пагаршэньне вынікаў, расеец працягваў прагрэсаваць і паляпшаць сваю гульню. 27 лютага ён стаў асыстэнтам капітана, замяніўшы Дайнюса Зубруса, які сышоў у «Бафала Сэйбрз». У сваім трэцім сэзоне Авечкін паказаў шыкоўную гульню. Паводле вынікаў рэгулярнага чэмпіянату ён атрымаў 4 індывідуальныя ўзнагароды, як то трафэі Гарта, Арта Роса, Марыса Рышара і ўзнагароду Лэстэра Пірсана. 65 закінутх шайбаў стаў лепшым паказчыкам у НХЛ з 1996 году. Сам жа «Вашынгтон» атрымаў перамогу ў Паўднёва-ўсходнім дывізіёне, аднак у плэй-оф у напружаных матчах супраць «Філадэлфіі Флаерз» атрымаў паразу.

5 студзеня 2010 году Авечкін стаў капітанам «Вашынгтона», зьмяніўшы Крыса Кларка, які быў абменены ў «Каламбус Блю Джэкетс»[8]. Празь месяц, 5 лютага, Аляксандар пераадолеў 500-пунктавую мяжу ў рэгулярных чэмпіянатах НХЛ. У сэзоне 2012—2013 гадоў, які быў скарочаны з-за лакаўту, расеец закінуў 32 шайбы і атрымаў свой трэці трафэй Марыса Рышара. Аляксандар быў прызнаны найбольш каштоўным гульцом сэзону і стаў восьмым хакеістам у гісторыі НХЛ, якія атрымалі трафэй Гарта тры і больш разоў[9].

Міжнародная кар’ера

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2003 годзе Авечкін быў выкліканы Віктарам Ціханавым ў галоўную зборную на Кубак Чэскі Пойштаўна. Ён стаў самым маладым хакеістам, якія зьяўляліся ў складзе нацыянальнай зборнай Расеі, а таксама самым маладым гульцом зборнай, які забіваў шайбу.

  1. ^ Augustyn A. Alex Ovechkin // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ Alexandr Ovečkin // Чэхаславацкая кінабаза (чэс.) — 2001.
  3. ^ Olympedia (анг.) — 2006.
  4. ^ Алексей Жук. Александра Овечкина заманили в Вашингтон бонусом. Коммерсантъ  (рас.)
  5. ^ Павел Зарудный. Овечкин сотворил шедевр. Российская газета  (рас.)
  6. ^ Michael Hoffman. Was Ovechkin's 2006 goal against Phoenix, the greatest miracle in sports? Examiner.com  (анг.)
  7. ^ [Ovechkin's incredible goal]. Youtube.com  (анг.)
  8. ^ [Capitals Name Alex Ovechkin Team Captain]. Афіцыйны сайт «Вашынгтон Кэпіталз»  (анг.)
  9. ^ Овечкин получил третий «Харт Трофи» в карьере Спорт-Экспресс.  (рас.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аляксандар Авечкін (хакеіст)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў